“У добры шлях, таваразнаўцы”
Молодежь

“У добры шлях, таваразнаўцы”

146 коледжХалодны парывісты вецер уладарыў за вокнамі, а ў політэхнічным каледжы было цёпла і ўрачыста. Тут у вялікае жыццё праводзілі сваіх навучэнцаў. Група 10С атрымлівала дыпломы па спецыяльнасці “Камерцыйная дзейнасць” з кваліфікацыяй “Таваразнаўца”.
Уручаючы галоўны дакумент сваім падапечным, дырэктар установы Андрэй Баўкуновіч пажадаў не баяцца цяжкасцей, дасягнуць высокіх прафесійных вышынь і заўсёды заставацца людзьмі. Намеснік старшыні праўлення райспажыўтаварыства Вольга Швіткова далучылася да шчырах віншаванняў маладым спецыялістам. Прадстаўнік сеткі магазінаў “Алмі” Наталля Вараб’ёва ўсім пажадала поспехаў у адказнай прафесійнай справе.
Загадчык аддзела Людміла Марза з лёгкім сумам у вачах глядзела на навучэнцаў. А яны – маладыя, прыгожыя, поўныя надзей – стаялі з запаветнымі дыпломамі ў руках, і іх сэрцы перапаўнялі самыя розныя пачуцці: шкада пакідаць сяброў і выхавацеляў, хутчэй хочацца зведаць тое самастойнае жыццё, якое пачнецца заўтра за парогам роднага каледжа.
Куратар групы Алена Некрашэвіч упэўнена, што ў юнакоў і дзяўчат усё атрымаецца так, як яны задумалі. А стараста Юлія Хі-лютыч падзякавала за клопат і ўвагу, за дасканалыя веды, якія атрымалі ў родным калектыве яны, будучыя таваразнаўцы.
Тут прыклалі ўсе намаганні, каб развітальны вечар быў светлым і запамінальным. Гучалі прыгожыя песні, гукі вальса краналі самыя патаемныя куточкі душы, а ўсе святочныя словы зліваліся ў адно агульнае пажаданне: “У добры шлях, выпускнікі!”
Зусім хутка прыязная ўсмешка герояў сённяшняга дня сустрэне нас у гандлёвых кропках, дзе пачынаюцца іх працоўныя будні. Хочацца верыць, што моладзь атрымала каштоўныя ўрокі ведаў і выхавання, і дадасць у нашу паўсядзённасць ветлівасць, тактоўнасць і ўзаемапавагу.
Няхай збываюцца ўсе іх мары і памкненні!



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть