Молодежь

Уласным прыкладам

спортзалЦяжкія падлеткі – гэта звычайныя дзеці. Толькі ў іх ёсць адна праблема – ім не пашанцавала з бацькамі: у кагосьці няпоўная сям’я, у іншых маці з бацькам п’юць, дзе-нідзе не хапае грошай на годнае існаванне. А, магчыма, непаўналетні трапіў не ў тую кампанію… З-за ўсяго гэтага падлеткі пачынаюць думаць, як кампенсаваць свае «недахопы», і шукаюць прыгод, эпаціруючы грамадскасць і робячы выгляд, што ім усё роўна, што пра іх падумаюць навакольныя.
Між тым, цяжкія жыццёвыя сітуацыі, у якія трапляюць непаўналетнія, павінны вырашаць дарослыя і блізкія людзі – яны ў адказе за дзяцей. У гэтым перакананы начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Віталь Каржаневіч:
– Кожны чалавек робіць свой выбар свядома. І свядомасць павінна быць накіравана ў правільнае рэчышча. Мы абавязаны дапамагаць дзецям арыентавацца ў жыццёвай прасторы, пакуль яны самі трывала не стануць на ногі – гэта наша работа. Таму мы вырашылі зацікавіць падлеткаў сілавымі відамі спорту і запрасілі ў трэнажорную залу ў лядовай арэне “Алімп”.
Тут юнакоў сустракаў інструктар – майстар спорту па паўэр-ліфцінгу Анатоль Маркавічэнка. Ён расказаў, што спорт – неад’емная частка здаровага ладу жыцця, але займацца ім трэба, правільна размяркоўваючы сілавыя нагрузкі. Па словах інструктара, раней не было такіх цудоўна абсталяваных залаў, трэніраваліся ў падвалах, самі рабілі штангі і розныя прыстасаванні. Не было нават з кім параіцца, у каго пракансультавацца. Не думаючы аб наступствах, хлопчыкі і цяпер іншы раз могуць да ашаламлення «качацца» на сілавых трэнажорах – вынік: непрапарцыянальнае развіццё мышц, траўмы і іншыя неспрыяльныя наступствы. Каб не дапусціць гэтага, Анатоль Маркавічэнка дапамагае ўсім, хто прыходзіць у трэнажорную залу, распрацаваць праграму, разлічаную на асаблівасці фізічнага развіцця і ўзрост.
– Наша зала самая “тытулаваная” на Брэстчыне, – з гонарам канстатаваў інструктар па спорту. – Яе рэгулярна наведваюць 5 майстроў спорту, столькі ж кандыдатаў, каля дзясятка першаразраднікаў. Нядаўна вярнуліся з абласнога першынства пераможцамі.
Дарэчы, дырэктар ДЮСШ па зімовых відах спорту “Алімп” Яўген Марозаў з’яўляецца рэкардсменам Рэспублікі Беларусь па паўэрліфцінгу. Ён разам з начальнікам ІСН Віталем Каржаневічам прадэманстравалі “майстар-клас” і прапанавалі юнакам выпрабаваць сябе ў рабоце са штангай і на трэнажорах. Спачатку падлеткі крыху саромеліся, але з кожным новым практыкаваннем азарт узрастаў. А калі мерапрыемства падышло да заканчэння, некаторыя папрасілі дазволу застацца і працягнуць трэніроўку.
Хочацца спадзявацца, што такія сустрэчы будуць праводзіцца часцей, прыцягваючы падлеткаў да здаровага ладу жыцця, каб у іх не заставалася часу на супрацьзаконныя ўчынкі.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть