ЗдоровьеМолодежь

Як перамагчы залежнасць ад тытуню

524На Зямлі два міжнародных дні, прысвечаных барацьбе з курэннем: Міжнародны дзень адмовы ад курэння, які адзначаецца ў лістападзе, і Сусветны дзень без тытуню – 31 мая. Да апошняга быў прымеркаваны «круглы стол», арганізаваны рэдакцыяй газеты “Лунінецкія навіны”.
Пра шкоду курэння і спосабы пазбаўлення ад заганнай звычкі гаварылі ўрач-валеолаг раённай паліклінікі Жанна Кулеш, псiхолаг РЦГіЭ Святлана Дмiтрыева, спецыяліст гаркама БРСМ Алена Курчынская, урач-нарколаг раённай паліклінікі Алена Качановіч, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Таццяна Трэгубава, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Віталь Калужа.
Святлана Дмітрыева: Тытунь з’яўляецца рэчывам, якое выклiкае псiхiчную i фiзiчную залежнасць. Яго дым утрымлiвае больш як 4 тысячы розных хiмiчных элементаў, што валодаюць шкоднымі ўласцiвасцямi i аказваюць разбуральнае уз-дзеянне на арганiзм. Па таксiчнасцi тытунёвы дым перабольшвае аўтамабiльны ў 4,5 раза.
Да таго ж, курэнне часта становiцца прычынай рака лёгкiх, гартанi, нiжняй губы, падстраўнiкавай залозы, страўнiка, кiшэчнiка.
Вядучая: Што штурхае чалавека ўзяцца за цыгарэту?
Жанна Кулеш: Матывы курыльшчыкаў добра вядомы: ім хочацца “разагнаць” непрыемныя эмоцыі, атрымаць задавальненне, павысіць уласную самаацэнку. Жанчыны, напрыклад, лічаць, што цыгарэты здольны зменшыць вагу цела і стварыць рамантычны вобраз. На жаль, ні адзін з гэтых “аргументаў” не вытрымлівае крытыкі. Наступствы тытунёвага дыму сумныя: для скуры твару і рук – жаўцізна, сухасць і маршчыны, для зубоў – пагаршэнне колеру эмалі і непрыемны пах, для валасоў – ломкасць. Згадзіцеся, гэта ніяк не спрыяе прыгажосці. Больш таго, цыгарэта скарачае жыццё мужчыне на 5 год, а жанчыне – на 11!
Віталь Калужа: Па-першае, курэнне – гэта, тая ж наркаманія з усімі атрыбутамі залежнасці. Па-другое, гэта навязаны некалькі стагоддзяў таму лад жыцця. Тытунь быў адной з крыніц папаўнення дзяржаўнай казны. У цяперашні час усім зразумела, што курэнне – абсалютнае зло. Барацьба з ім вядзецца з прымяненнем абмежавальных мер, і эфектыўнасць навукова даказана.
У нашай краіне не самыя танныя і даступныя цыгарэты, але кураць многія, у тым ліку дзеці. 60% мужчын і 20% жанчын – заўзятыя аматары цыгарэты. Курыльшчыкаў можна сустрэць усюды: на аўтобусных прыпынках, у пад’ездах, проста на вуліцы. Ад гэтага пакутуюць людзі, якія становяцца «пасіўнымі» заложнікамі тытуню.
Таццяна Трэгубава: Працэс выхавання ва ўстановах адукацыі накіраваны на выпрацоўку ў вучняў негатыўных адносін да шкодных звычак і беражлівых – да свайго здароўя, фарміравання нормаў і правілаў асабістай гігіены. Сярод самых распаўсюджаных мерапрыемстваў – інфармацыйныя га-дзіны і дні, конкурсы малюнкаў, выступленні валанцёрскіх груп і агітбрыгад, тэматычныя дыскатэкі.
Штогод ва ўсіх агульна-адукацыйных установах праводзіцца сацыялагічны маніторынг ацэнкі сітуацыі, звязанай з распаўсюджваннем курэння ў маладзёжным асяроддзі.
Алена Курчынская: Тое, што падлеткі кураць, звязана з цяжкасцю ўстанаўлення кантактаў з дарослымі людзьмі. Віна бацькоў, безумоўна, прысутнічае: яны занадта захоплены заробкам грошай і ўласнымі праблемамі. Многія школьнікі ўпершыню знаёмяцца з цыгарэтай у 1-2 класах, імі рухае цікаўнасць. Упэўніўшыся, што гэта непрыемна – горыч у роце, слінацячэнне, кашаль, галаўны боль, дзеці да тытуню больш не цягнуцца, і ў 2-6 класах кураць лічаныя адзінкі. А вось у старэйшым узросце колькасць аматараў “падыміць” узрастае.
Вядучая: Падзяліцеся рэкамендацыямі для жадаючых развітацца са шкоднай звычкай.
Алена Качановіч: Самае галоўнае – вельмі хацець гэтага. Далей варта прааналізаваць сваю прыхільнасць: запісваць кожную цыгарэту, выкураную за суткі. Неабходна настроіць сябе на канчатковы вынік. Назначце дату ў календары, паспрабуйце ўгаварыць адмовіцца ад звычкі сяброў і блізкіх. У першыя дні можна карыстацца жвачкай, нікацінавым пластырам альбо насавым інгалятарам. Абавязкова трэба радавацца таму, што не курыце! Дадам, што найбольш эфектыўным спосабам прафілактыкі тытунёвай залежнасці з’яўляюцца заняткі спортам.
Памятайце, чым раней чалавек далучаецца да шкоднай звычкi, тым цяжэй наступствы. Людзі, якія не кураць, адчуваюць сябе ўпэўнена, добра выглядаюць, а, значыць, хутчэй дасягаюць поспехаў! Ваша здароўе – у вашых руках. Скажыце тытуню – не!

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть