Ёсць ініцыятыва – будзе вынік!
Молодежь

Ёсць ініцыятыва – будзе вынік!

У краіне самай вялікай маладзёжнай грамадскай арганізацыяй з’яўляецца БРСМ. Саюз аб’ядноўвае ў сваіх радах актыўных, цікавых, жыццярадасных юнакоў і дзяўчат. Гутарым з першым сакратаром Ігарам ГАРГУНОМ.

– Ці складана працаваць з маладымі людзьмі?

– У нас выдатная моладзь. А ў рабоце важны асабісты прыклад. Калі не знаходзішся ў баку ад таго, што адбываецца, а сам уключаешся, то і яны бачаць у табе роўнага. Не менш важна паспяваць за ўсімі зменамі ў маладзёжным асяроддзі. Калі раней не даходзілі рукі да сацыяльных сетак, то сёння работа ў інтэрнэт-прасторы – неад’емная частка ўзаема-дзеяння з юнакамі і дзяўчатамі. Атрымліваецца быць з імі на адной хвалі. Створаны старонкі ў «Вконтакте» і «Instagram», дзе можна знайсці інфармацыю пра дзейнасць райкама БРСМ.

– Раённая арганізацыя БРСМ сёння…

– …гэта больш як 2,5 тысячы маладых людзей, што складае амаль 26 працэнтаў ад агульнай колькасці жыхароў Лунінеччыны ва ўзросце ад 14 да 31 года. Штогод павялічваецца колькасць членаў арганізацыі. Летась да нас далучыліся 659 чалавек. Плануем  актыўна ўключаць у работу райкама працоўную моладзь. Імкнемся, каб у нашы рады ўступалі свядома, ішлі з пэўнымі ідэямі і мэтай не толькі атрымаць новы асабісты вопыт, але і зрабіць нешта карыснае для краіны.

– Якія асноўныя напрамкі дзейнасці райкама?

– Адным з самых важкіх лічу валанцёрскі рух «Добрае сэрца». У рамках акцый «Незабудка», «Цуды на Каляды», «У школу з добрым сэрцам» і іншых аказваем дапамогу хлопчыкам і дзяўчынкам з нядобрана-дзейных сем’яў, дзецям-інвалідам і маладым інвалідам. Сіламі дабрачынцаў добраўпарадкоўваюцца воінскія пахаванні, населеныя пункты, аказваецца пасільная дапамога адзінокім і састарэлым людзям, ветэранам вайны і працы. Надаем вялікую ўвагу грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню. Сталі традыцыйнымі раённыя ваенна-спартыўныя гульні «Зарніца», «А-ну, хлопцы!». Арганізоўваюцца сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Знайшла водгук акцыя «100 пытанняў даросламу» з запрашэннем кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый раёна і горада, а таксама дэпутацкага корпуса ў навучальныя ўстановы. Прымаем удзел  у маладзёжным конкурсе «Агонь танца», які праводзіцца ў рамках мерапрыемстваў Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Не забываем і пра навуку. Штогод прадстаўнікі Лунінеччыны ўдзельнічаюць у рэспубліканскім праекце  «100 ідэй для Беларусі». Праводзяцца конкурсы сярод уборачных экіпажаў і вадзіцеляў, а для сельскай працоўнай моладзі – сямейны праект «Уладар сяла». Актыўна ўдзельнічаем у злёце маладых сем’яў. Акрамя таго,  працуем над прафілактыкай правапарушэнняў у маладзёжным асяроддзі: дзейнічае атрад аховы правапарадку. Асаблівая ўвага звернута на арганізацыю вольнага часу маладых людзей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, арганізуюцца наведванні іх прадстаўнікамі РАУС, РАНС, сустрэчы і «круглыя сталы» з інспектарамі ІСН, розныя спартыўныя і экалагічныя мерапрыемствы (турніры па міні-футболе, валейболе, працоўныя акцыі). Прыцягваюцца да ўдзелу ў аўтапрабегу па месцах баявой славы раёна непаўналетнія, якія стаяць на ўліку ў ІСН. Не застаюцца яны па-за ўвагай і падчас канікул. Штогод працуе летні аздараўленчы лагер «Спадарожнік», у якім таксама адпачываюць «цяжкія» падлеткі.

– Ці карыстаюцца папулярнасцю студатрады ў нашым раёне?

– Так. На розныя прадпрыемствы і ў арганізацыі летась працаўладкавалі 114 чалавек. Вялікую падтрымку аказалі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, Лунінецкая і Мікашэвіцкая жыллёва-камунальныя гаспадаркі. Маладыя людзі засталіся задаволенымі.

– Заўсёды ёсць тыя, хто з’яўляецца для іншых прыкладам ва ўсіх справах, лідарам пярвічкі. Упэўнена, што ў нас такіх нямала…

– Безумоўна. Гэта начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела Лунінецкай ЖКГ Сяргей Пракаповіч, эканаміст малочнага завода Вольга Кіслюк, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце дзяржаўнага прадпрыемства «Азярніца» Аляксандр Яскевіч, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце сельскагаспадарчага каледжа Сяргей Бекеш,  а таксама медсястру кабінета ўльтрагукавой дыягностыкі ЦРБ Людмілу Курыловіч.

– Набліжаюцца выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь, якія адбудуцца 18 лютага. Якую ролю ў іх выконвае грамадская арганізацыя?

– Моладзь раёна не застаецца ў баку і прымае актыўны ўдзел у палітычным жыцці рэгіёна. Ва ўчастковыя выбарчыя камісіі ўключана 30 прадстаўнікоў Беларускага саюза моладзі, назіральнікі ад БРСМ будуць прысутнічаць на ўсіх участках для галасавання. Сучаснае маладое пакаленне беларусаў – гэта актыўныя, палітычна адукаваныя людзі. Юнакі і дзяўчаты з кожным годам імкнуцца павысіць сваю ролю ў жыццядзейнасці дзяржавы. Ідучы на выбары, яны робяць крок наперад у жыцці родных вёскі, горада, краіны! Моладзь – гэта заўтрашні дзень, надзея і апора Беларусі.

– Якую галоўную мэту ставіце перад арганізацыяй сёлета?

– Райкам БРСМ з’яўляецца актыўным удзельнікам важных мерапрыемстваў раёна. Ён увасобіў у жыццё мноства праграм і праектаў. Але для таго, каб мы сталі па-сапраўднаму моцнай камандай, трэба прыкласці нямала намаганняў. У нас шмат ідэй і цікавых мерапрыемстваў, якімі абяцаем парадаваць моладзь. Хацелася б знайсці водгук сярод нашых хлопцаў і дзяўчат, заклікаць іх быць актыўнымі, неабыякавымі, не баяцца паказваць свае магчымасці і заўсёды быць у добрым настроі.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть