Молодежь

Запаліць факел ведаў

andrej-alfirovich

Вялуцкая сярэдняя школа сустрэла званком на перапынак. Прайшоўшы ў кабінет інфарматыкі, не адразу заўважыла прысутнасць дарослага сярод дзяцей.
– Не падкажаце, дзе ваш настаўнік?
– Я тут! – сказаў нехта з натоўпу.
Школьнікі расступіліся, і малады ўсмешлівы юнак працягнуў мне руку.
– Андрэй Аляксандравіч, вельмі прыемна. Праходзьце, калі ласка. Так, хакеры, пераменка даўно!
Шасцікласнікі, якія не давалі спакою выкладчыку, з неахвотай разышліся.

Андрэй АЛЬФІРОВІЧ – ураджэнец Лунінца. Пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта быў размеркаваны ў Вялуцкую СШ настаўнікам матэматыкі і інфарматыкі.

– Вядома, спачатку быў незадаволены такім паваротам падзей. Да апошняга не хаваў надзеі, што змагу застацца ў Брэсце. А тут нават не райцэнтр, а вёска!

Сваё меркаванне Андрэй памяняў пасля знаёмства з дзецьмі.

– Памятаю першы ўрок. Хваляванне неймавернае! Каленкі дрыжаць, а выгляду не падаю: настаўнік як ніяк. Да канца дня зрабіў зусім нечаканае для сябе адкрыццё: паміж дзецьмі ў горадзе і ў вёсцы ёсць толькі адна розніца: вясковыя – дабрэйшыя і больш сур’ёзныя, таму што спакус у іх менш, а клопатаў і абавязкаў – значна больш.

– А старшакласнікі не спрабавалі задаць якое-небудзь «нязручнае» пытанне?

– Бывае, як і калісьці мы ў гэтым узросце, імкнуцца паразумнічаць, але ў асноўным урокі праходзяць спакойна. Чаго не скажаш пра малодшых. У першыя дні работы чуў раз-пораз пытанні: «А вы жанаты? А ў вас ёсць дзеці? А вы ў нас доўга будзеце працаваць? А вы тут жывяце?». Іх, прызнацца, чакаў хутчэй ад старэйшых хлопчыкаў і дзяўчат, але ніяк не ад дзетвары. Спачатку далікатна нешта адказваў, а потым проста навучыўся ігнараваць пытанні, якія датычацца майго асабістага жыцця. Ды і наогул, з вучнямі не засумуеш. Яны кожны дзень нешта выдумляюць: то тэрмін матэматычны на свой лад перавернуць, то сшытак з дамашняй работай у іх «сабака з’еў» – як у кіно.

– Прафесія настаўніка звязана з  пастаянным выстаўленнем адзнак. Ці лёгка быць «суддзёй»?

– Веды ацэньваю строга, але па-справядлівасці. Разыходжанняў паміж маёй ацэнкай і самаацэнкай дзяцей, як правіла, няма.

Аб сваім выбары Андрэй не шкадуе, бо рабіў яго свядома. І становіцца крыўдна, калі кажуць, што ў педагагічны ідуць «усе, каму не лянота».

– Лічу, што шмат у чым аўтарытэт прафесіі падарвалі самі ВНУ, беручы на навучанне абітурыентаў з вельмі нізкім балам у сертыфікатах тэсціравання. Чаму можа навучыць такі настаўнік? Гэта ж больш, чым прафесія. Гэта вечная і гуманістычная місія, а на вёсцы – тым больш. Так, ёсць дзеці, якім вучоба не цікавая, але ж ёсць вучні, у якіх вочы гараць ад жадання ўсё хутчэй спазнаць.

– А ў вас ёсць такія?

– Саша Кошэль, вучань 6 класа. Летась рызыкнуў адправіць яго на раённую алімпіяду па матэматыцы. Вынік – 5-ае месца. Лічу, што гэта – добра для першага раза. У будучым паспрабуем сілы ў інфарматыцы. Хлопчык просіць пазаймацца пасля ўрокаў, на перапынках падыходзіць, задае пытанні. Мяне, вядома, радуе, што прадметы выклікаюць такую цікавасць.

– А можа ёсць ужо свае сакрэты прафесійнага майстэрства?

– Рэцэпт адзін – працаваць аддана. Шчыра скажу, што ў мяне ад прыроды няма нейкіх асаблівых талентаў. Ёсць людзі, якія могуць прыйсці на ўрок і лёгка яго правесці. Я – іншы чалавек. Вынік будзе, калі патрачу пэўную колькасць сваіх сіл і часу.

– Няўжо ўсё так бязвоблачна ў вашай рабоце?

– Зразумела, ёсць цяжкасці. Школа – беларускамоўная. Я ж вывучаў свае прадметы на рускай. Хаця ва ўніверсітэце методыка выкладання была і на беларускай. Але наш выкладчык хутчэй размаўляў на «трасянцы», зусім яго не разумеў. А тут мала таго, што весці на ёй даводзіцца, дык і ўсю дакументацыю запаўняць.

– І як? Спраўляецеся?

– Цяжка, але даводзіцца. За дапамогу дзякуй калегам і намесніку дырэктара па вучэбнай частцы Людміле Юрко. Наогул у нашай прафесіі занадта шмат папер. Лепш бы гэты час адводзіўся для ўрокаў.

– Як вырашылася жыллёвае пытанне?

– Яшчэ адзін мінус. Працоўны дзень пачынаецца ў 9 гадзін. Ранішні аўтобус адпраўляецца з горада ў 4.25. Наступны – толькі ў 15.25. Балазе, ёсць калега з Лунінца, якая прыязджае на сваім аўтамабілі. Часам – з ёй, часам –бяру машыну ў бацькі. Зімой наогул да Велуты так проста не даедзеш. Здаецца, пра тое, што пасля Бастыні ёсць іншыя населеныя пункты, дарожнікі калі-нікалі забываюць.

Вядома ж, скарысталася момантам пагаварыць пра маладога настаўніка з калегамі. Прыемна было чуць, што пра А.А. Альфіровіча цёпла адгукаюцца старэйшыя.

Ірына Хадатчук, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, нямецкай мовы:

– Усмешлівы і спагадлівы. Заўсёды прыходзіць на дапамогу: каму з камп’ютарам падкажа, каму лекі з горада патрэбныя прывязе.

Людміла Юрко, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце:

– Цяперашняе пакаленне амбіцыёзнае, і наш Андрэй Аляксандравіч – не выключэнне. Але гэта ж плюс! Не сядзіць на месцы, імкнецца да самаўдасканалення.

Валянціна Клімчук, настаўніца беларускай мовы і літаратуры:

– Такі просты і душэўны чалавек! А які ў яго тонкі гумар! Дзеці з вялікім задавальненнем наведваюць яго ўрокі. Ніколі не адмовіць у дапамозе і дорыць усім нам зарад ба-дзёрасці і добрага настрою на ўвесь дзень.

Добразычліва пра свайго настаўніка гавораць і вучні. Аляксандра Чыркіна, Уладзіслаў Хадатчук і Аляксандр Кошэль наперабой распавядалі, якія цікавыя ў яго ўрокі і як добра і зразумела ён тлумачыць прадметы.

На пытанне, ці ставіць Андрэй Аляксандравіч ім дрэнныя адзнакі, не тоячы, адказалі, што бывае, але толькі заслужана, бо чаго яшчэ чакаць, калі сшытак у некаторых «з’ядае сабака»?

Развітваючыся, малады настаўнік падзяліўся сваім дэвізам – мудрым выказваннем Плутарха: «Дзіця – не пусты посуд, які трэба напоўніць, а факел, які трэба запаліць». А каб гэты факел ніколі не згас, неабходна самому гарэць яркім полымем і быць прыкладам для іншых.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть