Общество

МУЗЫКА І ГАЛУБЫ

Перафразуем назву вядомага кінафільма, хаця без трох дзён 100-гадовая лунінчанка Наталля Афанасьеўна БАРАН ведае кошт і каханню, і любві.

Захапленні, вынесеныя ў загаловак, па жыцці былі аддушынай мужа. Працуючы ў паравозным дэпо, вольны час прысвячаў духавому аркестру і ўзведзенай на сядзібе галубятні. У адрозненне ад Сяргея Майсеевіча, які быў перапоўнены эмоцыямі, яна дагэтуль вызначаецца стрыманасцю. З 75-ці год – удава. Магчыма, спакойны характар дапамог захаваць добрае здароўе на парозе юбілею? Да таго ж, яе род па жаночай лініі вызначаўся доўгажыхарствам.

Наталля Афанасьеўна нарадзіла пяцёра дзяцей, двое – памерлі ў ваенны час. Два сыны жывуць у Расіі. Аб самым дарагім чалавеку клапоціцца дачка.

– З боку і мамы, і бацькі наш род звязаны са сталёвымі магістралямі, – падкрэслівае Ева Сяргееўна Харытановіч. – Толькі сын настаўнічае, а я з мужам і нявестка – таксама чыгуначнікі. Унук стане пятым пакаленнем працоўнай дынастыі – вучыцца ў Гомелі, ва ўніверсітэце транспарту.

Звяртаюся да юбіляркі:

– Ваш дзень нараджэння – 17 кастрычніка – супадае з датай выхаду першага нумару “Лунінецкіх навін”. Ці ведалі, што маеце нешта агульнае з нашай газетай?

– Калі яшчэ раёнка называлася “Ленінскі шлях”, там працавала жонка майго старэйшага сына – Таісія Абравец, – з гонарам удакладняе доўгажыхарка больш важны, на яе погляд, факт…

У альбоме разам з фота, сярод якіх пераважаюць здымкі пяці ўнукаў і сямі праўнукаў, захоўваюцца газеты – і нашы, і расійскія, дзе публікаваліся артыкулы аб працы ці захапленнях членаў сям’і. Добраўпарадкаваны дом характарызуе дбайнасць зяця-гаспадара. У свой час Наталля Афанасьеўна на ўсё наваколле славілася выпечкай смачных пірагоў. Дачка таксама добра гатуе, але яе галоўнае захапленне – кветкі, якія ўпрыгожваюць і двор, і агароджу ўздоўж участка па вуліцы Першамайская.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть