На бюджэт спадзявайся, але і сам не паддавайся
Общество

На бюджэт спадзявайся, але і сам не паддавайся

chernyj-ab

З папярэдне запісаўшыхся на прыём да Міністра будаўніцтва і архітэктуры Рэспублікі Беларусь Анатоля ЧОРНАГА прыйшлі трое лунінчан.

Першым завітаў жыхар адной з вуліц райцэнтра, куды пакуль не трапіла “блакітнае паліва”. Гараджанін спадзяваўся, што пракласці магістральны газаправод на Ціхую можна будзе за бюджэтныя сродкі. У ходзе размовы яму растлумачылі, што згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №368, за кошт бюджэту разлічваць можна толькі на фінансаванне 30 працэнтаў кошту ўсіх работ. Астатняе – справа саміх жыхароў. Каб падключэнне да выгоды не так адчувальна ўдарыла па кашальку, заяўляльніку параілі разам з суседзямі стварыць кааператыў індывідуальных забудоўшчыкаў. Улічваючы тое, што на вуліцы Ціхая ёсць дамы, якія знаходзяцца ў стадыі будаўніцтва, і маецца перспектыва выдзялення новых участкаў, грашовую нагрузку рэальна зрабіць меншай. Не выключана магчымасць і выкарыстання для гэтых мэт ільготнага крэдыту. Так ці інакш, апошняе слова – за самімі патэнцыяльнымі спажыўцамі прыроднага газу.

У чарговы раз паспрабаваў з дапамогай Міністра вырашыць фінансавыя праблемы клуба дырэктар ФК “Граніт”. Абяцаныя ў пачатку года 4 мільярды недэнамінаваных рублёў футбалісты атрымалі (апошні транш у 400 мільёнаў кіраўнік прадпрыемства з аднайменнай назвай паабяцаў пералічыць у бліжэйшы час). Не застаўся ўбаку і раённы бюджэт, чый унёсак склаў амаль 2,8 мільярда недэнамінаваных рублёў. Нягледзячы на гэта, грошай, па словах кіраўніка клуба, хапае толькі на самае неабходнае. Пад пытаннем – далейшыя матчы з удзелам футбольнага клуба і перспектыва выхаду ў Еўрапейскую лігу.

Між тым, як зазначыў Міністр архітэктуры і будаўніцтва, сама будаўнічая галіна сёння знаходзіцца ў няпростых умовах. Так, дэбіторская запазычанасць РУВП “Граніт” – галоўнага фундатара каманды, якая зараз гуляе ў вышэйшай лізе, – вылічваецца сотнямі мільярдаў. Зразумела, што ў такіх умовах патрабаванне жыць па сродках, імкнуцца і самім зарабляць грошы, гучала актуальна.

“Я не маю права даваць указанне генеральнаму дырэктару РУВП “Граніт”  плаціць грошы легіянерам, — канстатаваў Анатоль Чорны. – Гадуйце сваіх спартсменаў, якія маглі б дэманстраваць годную гульню!”.

Жыхарка дома №115а па вуліцы Чырвоная ў райцэнтры звярнулася да А.Б. Чорнага з пытаннем, ці не парушыць лад жыцця яе і суседзяў узвядзенне побач новай шматпавярхоўкі. Паколькі папярэдне жанчына агучыць пытанне адмовілася, давялося канчатковы врдыкт адкласці да дэталёвага вывучэння ўсіх нюансаў. Аднак падчас гутаркі Анатоль Барысавіч запэўніў, што ўзвядзенне новага дома ніякім чынам не павінна адмоўна ўплываць на якасць жыцця ўладальнікаў кватэр у суседніх, узведзеных раней. Больш таго, сучасныя патрабаванні прадугледжваюць абавязковае абсталяванне неабходнай колькасці месцаў для паркоўкі аўтамабіляў, дзіцячую пляцоўку, наяўнасць шматлікіх элементаў добраўпарадкавання, якія зробяць былую пустку адной з найбольш прыгожых мясцін райцэнтра. Праектам, які зараз знаходзіцца на экспертызе, усё неабходнае прадугледжана, запэўніў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Хоміч, які прысутнічаў на прыёме.

Гэта пытанне было не адзіным, што турбавала жанчыну. Зноў прагучала незадаволенасць тым, што ў кватэры №38 названага дома акрыты магазін па продажу рытуальных прыналежнасцяў. На думку заяўляльніцы, ладзіць у жылым доме такія крамы – не лепшы варыянт. Паколькі праблему цяжка назваць новай, яна вывучалася раней, адказ быў вядомы – у магазіне толькі прымаюць заяўкі на рытуальныя тавары.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть