На фундаменце кахання і дабрыні
Общество

На фундаменце кахання і дабрыні

многодетныеКожная хата мае сваю адметнасць. Каля адной — клумбы з кветкамі ўзнімаюцца вышэй плоту, у другой — асаблівая архітэктура здзіўляе талентам невядомых майстроў. Але незвычайнасць дому дадаюць і яго насельнікі.

У вёсцы Любачын жыве мнагадзетная сям’я Сцяпана і Наталлі КАНАНОВІЧАЎ. Яны выхоўваюць шасцёра дзяцей. Новыя сцены і прасторныя вокны напоўнены звонкім смехам, які не сціхае доўгімі вечарамі. Усе пакоі зіхацяць святлом яркіх лямпачак, дзіцячыя цені мітусяцца на фоне цёмнай прасторы.

Кожную раніцу малыя гаманлівай чародкай спяшаюцца ў школу, дзе атрымліваюць патрэбныя веды і цікава праводзяць час разам з равеснікамі. І дарэмна дарослыя лічаць жыццё ў юным узросце лёгкім і простым. Г алоўная мэта — хутчэй стаць дарослымі — аб’ядноўвае ўсе маленькія сэрцайкі.

Найбольш клопатаў у старэйшага — 9-класніка Вадзіма. Вясной яго чакаюць першыя экзамены, з якімі трэба справіцца годна, каб падаць добры прыклад малодшым. Яшчэ хлопец захапляецца маляваннем.

Вікторыя ходзіць у 7 клас, мае выдатныя здольнасці ў выяўленчым мастацтве. Доказ таму — Грамата пераможцы абласнога этапа конкурсу на лепшы дзіцячы малюнак на экалагічную тэматыку.

Ігар — 5-класнік. У яго наперадзе яшчэ будзе час вызначыцца з любімымі заняткамі ў гуртках, якіх многа ў роднай школе.

Дзіяна наведвае 3 клас. Дзяўчынка імкнецца быць стараннай, каб не дастаўляць лішніх клопатаў бацькам і настаўніцы. А яшчэ так прыемна адчуваць, што побач старэйшыя браты і сястрычка, якія ніколі не пакінуць без падтрымкі.

Гэтай восенню ўпершыню пераступіў школьныя прыступкі Арцём. Не так проста адразу прызвычаіцца да новага распарадку дня, знайсці агульную мову з аднакласнікамі, навучыцца адказна адносіцца да абавязкаў вучня. Але малому ёсць з каго браць прыклад. А за выраб з прыроднага матэрыялу “Асенняя фантазія” хлапчук ужо атрымаў Ганаровую грамату.

Усіх пяцярых школьнікаў дома чакае Дзяніска, якому толькі два гады. Вось з кім можна весела праводзіць вольны час і нагуляцца ўдосталь. Ён старанна дапамагае старэйшым распрануцца, просіцца на рукі, цікавіцца, што новага тыя прынеслі са школы ў сваіх партфелях. Можа нанесці маленькую шкоду новым кніжкам і сшыткам, калі знойдзе аловак і паспрабуе памаляваць. Але яму ўсё даруецца, бо гэта агульны любімец у хаце.

Такія розныя і ў нечым аднолькавыя дачушкі і сыны — галоўная радасць бацькоў, якія не адразу планавалі стаць мнагадзетнымі. Маладымі су-стрэліся ў роднай вёсачцы Боркі каля Азярніцы. Наталля сябравала са Сцяпанавай сястрой, разам хадзілі на дыскатэку. Жылі непадалёку — праз дарогу, часта бывалі ў гасцях. Неяк нечакана хлопец і дзяўчына зусім па-іншаму зірнулі ў вочы адзін аднаму. І закружылася галава ад незнаёмага пачуцця, летнімі вечарамі яны пачалі марыць пра асабістае шчасце і сумеснае жыццё.

Якой менавіта будзе іх сям’я, асабліва не задумваліся, проста хацелася быць разам. Спачатку жылі каля свекрыві, а калі атрымалі новае жыллё ў суседняй вёсцы, радасці не было межаў. Праўда, спачатку не думалі, што яно стане цесным…

Сцяпан Сцяпанавіч працуе трактарыстам у СВК “Азярніца”. Яго ўмелым рукам падуладны і збожжаўборачны камбайн, заўсёды імкнецца да перамог на спаборніцтвах. У Наталлі Аляксееўны адзін дэкрэтны водпуск змяняецца другім. Нядоўга папрацавала дворнікам у школе.

Клопатаў хапае па догляду за малымі, трэба навесці парадак у хаце, упарадкаваць агарод, прыгатаваць ежу. Нарыхтоўваюць вітамінныя запасы на зіму, каб летняе багацце на стале заставалася круглы год. Каля бацькоў працавітасці прывучаюцца і дзеці. Хто дапамагае дарослым, хто наглядае за меншымі. Усё робіцца дружна і зладжана.

Так нялёгка адарвацца ад вясёлага хатняга тлуму, ідучы ў школу. Паміж сабой можна распачаць цікавыя гульні, а яшчэ на вуліцы чакаюць сябры-аднавяскоўцы. У дзяўчынак ёсць свае сакрэты, якімі яны ніяк не хочуць дзяліцца з хлапчукамі. У хаце заўсёды пануе атмасфера дабрыні.

Як бы ні было цяжка дарослым, малыя не адчуваюць сябе абдзеленымі. Кожны атрымлівае падарунак на дзень нараджэння, часта да духмянага чаю гатуецца торт. Цацкамі прывыклі дзяліцца з братамі і сёстрамі.

Цяпер у планах мнагадзетнай сям’і — з дапамогай дзяржавы палепшыць жыллёвыя ўмовы. Невялікія пакоі ўтульнага дома не ўмяшчаюць усе патрэбныя рэчы, а яшчэ падлеткам хочацца мець хоць невялікую, але асабістую прастору. Вырашаецца пытанне, дзе і як будзе праходзіць будаўніцтва. Але ім разам не страшныя ніякія цяжкасці, бо, першую чаргу, на цвёрдым фундаменце стаяць іх пачуцці — каханне і дабрыня, згода і павага, якія так важны для чалавека.

Пакуль у прыхожай многа абутку маленькіх памераў і самых розных колераў. Але з кожным годам тут будуць пераважаць крышачку большыя туфелькі і чаравікі, бо жыццё не стаіць на месцы. Хутка дзеці падрастуць і знойдуць сваю жыццёвую дарогу. Але застануцца ў сэрцах галоўныя каштоўнасці, якім навучылі іх тата і мама ў маленстве. Выявіцца ўсё добрае і дрэннае, што малыя паспелі спазнаць ад дарослых. Светлыя моманты дзяцінства будуць саграваць іх на працягу ўсяго жыццёвага шляху, не пакідаючы месца сумненням і трывогам, збудуцца мары пра дабрыню і справядлівасць.

Марыя ЯРАХОВІЧ

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть