На першым плане — клопат аб людзях працы
Общество

На першым плане — клопат аб людзях працы

профсоюзыУ Брэсцкім абласным аб’яднанні прафсаюзаў прайшоў пашыраны семінар-нарада па ажыццяўленню грамадскага кантролю за захаваннем заканадаўства аб ахове працы.

Удзел у ім прымалі старшыні раённых аб’яднанняў і пярвічных арганізацый прафсаюзаў, спецыялісты па ахове працы прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, прадстаўнікі органаў упаўнаважаных на ажыццяўленне кантролю і нагляду за захаваннем заканадаўства аб ахове працы, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

Сваімі ўражаннямі аб мерапрыемстве падзяліўся старшыня аб’яднаных прафсаюзаў Лунінеччыны Ігар Гапон:

— Перш чым прыступіць, да асноўнай тэмы семінара, старшыня Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Мікалай Басалай расказаў аб задачах адпаведных арганізацый Брэстчыны па ахове працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў работнікаў. Асноўны ж даклад аб выніках выканання плана Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі па ажыццяўленню грамадскага кантролю за захаваннем заканадаўства аб ахове працы за 2014 год і аб плане работы на 2015 зрабіў галоўны тэхнічны інспектар працы ФПБ Аляксандр Зайцаў. Варта сказаць, што на працягу 2013 і 2014 гадоў колькасць смяротных выпадкаў і траўматызму на рабочых месцах на прадпрыемствах і арганізацыях Брэстчыны заставалася на высокім узроўні. Толькі летась у выніку няшчасных выпадкаў загінулі 22 работнікі, яшчэ 90 атрымалі цяжкія пакалечанні. Крыху лепш на гэтым фоне выглядае Лунінеччына: у 2013-ым на рабочых месцах загінулі 2 чалавекі, яшчэ 5 атрымалі цяжкія траўмы; у 2014-ым смярцей зарэгістравана не было, а колькасць траўміраваных зменшылася да 3 чалавек. Канешне, гэта не нагода для заспакаення. Чалавек, які пайшоў на работу, павінен вярнуцца дамоў здаровым. Забяспечыць яму годныя ўмовы працы і стварыць добрыя санітарна-бытавыя ўмовы для адпачынку — гэта адна з асноўных задач, якія стаяць перад прафсаюзнымі лідарамі. Прыемна, што на Лунінеччыне ў большасці сваёй існуюць згода і разумение адміністрацыі з прафсаюзамі, што дае добры плён. Клапоцяцца пра сваіх работнікаў у большасці арганізацый аграпрамысловага комплексу, на ААТ “Лунінецкі малочны завод”, РУВП “Граніт”, ААТ “Спецжалезабетон”, ПМС, ПМК-19, “Водаканал”, лясгас і многіх іншых. У той жа час адзначаліся выпадкі, калі кіраўнікі некаторых прадпрыемстваў вобласці не маглі забяспечыць сваіх работнікаў спецадзеннем і стварыць бяспечныя ўмовы для работы, спасылаючыся на недахоп сродкаў.

Як вядома, дробязей у ахове працы не бывае. Неабходна весці штодзённую, карпатлівую работу па недапушчэнню парушэнняў з боку работнікаў нормаў і правілаў аховы працы, выключыць выпадкі эксплуатацыі няспраўных, не адпавядаючых патрабаванням машын і механізмаў, абсталявання, аснасткі і інструментаў. І тут патрабуюцца ўважлівыя адносіны тэхнічных інспектараў і настойлівасць іх у пытаннях ухілення недахопаў. Як паказаў аналіз прычын траўматызму і гібелі людзей на вытворчасці, грэбаванне захаваннем тэхнікі бяспекі найчасцей прыводзіла да няшчасцяў. Паставіць у гэтым заслон — задача прафсаюзных лідараў пярвічак. Для аховы працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў работнікаў у іх ёсць магутны сродак — калектыўны дагавор з наймальнікам. Трэба быць толькі асабліва ўважлівымі пры яго заключэнні. У абавязковым парадку вызначыць неабходныя мерапрыемствы, накіраваныя на стварэнне бяспечных умоў работы, прадугледзець дадатковыя льготы, гарантыі і выплаты.

Запісала Галіна КУЧЭЙКА



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть