На шляху да храма

Царкоўныя званы

звонарьТолькі раз у год, у велікодныя дні, любы праваслаўны вернік можа скарыстацца магчымасцю ўзняцца па прыступках лесвіцы і пабіць у званы, падзяляючы са светам сваю радасць ад Уваскрэсення Хрыстова.
Аднойчы пасля нядзельнай службы, услед за гарэзлівай малышнёй, якая “выдавала” ў наваколле какафонію гукаў, на звонніцу ўзнялася і я. Маім часовым “настаўнікам” згадзілася быць Зінаіда Молчан. Паважаная верніца, якая адной з першых далучылася да ўзвядзення храма іконы Божай Маці “Взыскание погибших”, садзейнічала царкве не толькі вопытам былога будаўніка. Калі часовая каплі-ца займела “голас”, Зінаіда Міхайлаўна несла паслушанне званара. Ад яе даведалася, што, падобна народным харавым спевам, склалася традыцыйнае трохладавае сугучча: размераныя ўдары самага нізкага звону – рытмічны гул сярэдніх – папеўкі самых высокіх.
– Кожная рука “кіруе” парай званоў, – навучала мяне жанчына. – Трэба падбіраць гукі, каб яны складаліся ў мелодыю. А самы вялікі звон падпарадкоўваецца назе.
Трымаючы ў руках па каноплянай “струне”, Зінаіда Міхайлаўна прыўзнялася на “калодку”, абаперлася на невысокі парапет часовай драўлянай званіцы і ўпэўнена стала нагой на ніжнюю вяроўку. Калі залатыя прылады, што зіхацелі на сонцы, “заспявалі” сваю мелодыю, мне яна падалася сапраўды благавестам. Сама ж, як ні спрабавала, не змагла паўтарыць такое прыгожае гучанне. Больш таго – не рызыкнула паўтарыць амаль акрабатычны эцюд, які дазваляў кіраваць вялікім звонам. Задаволена была тым, што з вышыні палюбавалася на прыгожае наваколле – старое ўрочышча Баханова ўражвае сучаснай забудовай “царскага сяла”. Сваім захапленнем падзялілася з Зінаідай Міхайлаўнай.
– А яшчэ вы аздаравіліся, – дадала тая. – Нават медыкі даказалі лячэбны эфект гучання званоў. Праваслаўныя людзі ведалі гэта спрадвеку, таму заўсёды разам з храмам узводзілі званіцу.
Пасля няўдалай спробы “ўтаймаваць” звон з большай павагай стала глядзець на юных алтарнікаў, якія ў вызначаны час выходзяць на званіцу і меладычнымі гукамі абвяшчаюць аб літургіі. Адзін з іх – 6-класнік СШ №2 г. Лунінца Даніла ЛІПСКІ дазволіў нават занатаваць яго ў час яго адказнага, “музычнага”, служэння храму…



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть