На шляху да храма

“Чалавек без пачуцця гумару – грэшны…”

Гэту думку выказвалі многія святыя айцы. Адзін з самых шануемых аптымістаў у хрысціянстве – Антоній Вялікі, Егіпецкі, сцвярджаў: калі чалавек не будзе смяяцца, ён лопне ад напружання.
Чарговую сустрэчу ў інфармацыйна-асветніцкім цэнтры “Духовная среда” (па-руску) пры храме іконы Божай Маці “Взыскание погибших” настаяцель іерэй Сергій Крышталь умоўна назваў Свята-Антоніеўскімі чытаннямі. Галоўным “дакладчыкам” стала вядомая байкапісца Настасся Якавец з Лобчы. Гумарыстычныя творы выконвалі сама аўтар, 11-класнік СШ №4 Уладзімір Каховіч і старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Наталля Казанкова. Захопленыя слухачы не хавалі ўражанняў.
Стас Ванюк, вучань 11-га класа ліцэя:
– Упершыню чуў выступленне Настассі Якавец. Мне вельмі падабалася. У нечым падобныя сюжэты расказваў мой дзядуля, які жыве ў вёсцы Галы Бор. Але зарыфмаваныя радкі выклікаюць яшчэ больш шчырую весялосць.
Ганна Курак, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ:
– У Мінску для мяне звычна размаўляць па-беларуску, а вось у Лунінцы гэта выклікае здзіўленне. Тым больш, захапляюся Настассяй Іванаўнай, якая піша байкі на мясцовых дыялектах. Дзякуючы гэтаму, “лабэцкая мова” набыла вядомасць не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.
Наталля Бойка, намеснік дырэктара ліцэя:
– Аб Настассі Якавец паведамляе “Энцыклапедыя фальклору”, значыць, самадзейны аўтар стаў класікам жанру. Да яе дома не спыняецца культурнае паломніцтва студэнтаў-філолагаў і вучоных-этнографаў. Жыццё і творчасць Настассі Іванаўны – прыклад сапраўднага патрыятызму, адданага служэння малой радзіме.
Лідзія Страбкова, медсястра:
– Доўга вагалася наконт свайго ўдзелу ў сустрэчы: не споўнілася яшчэ сорак дзён, як памерла мая мама. А прыйшла – і такое суцяшэнне душы атрымала! Нізкі паклон і моцнага здароўя Настассі Іванаўне – не толькі таленавітай творцы, але і вельмі добраму чалавеку…
Ад імя прыхаджан бацюшка кветкамі і падарункамі павіншаваў госцю з днём нараджэння. Кнігі былі ўручаны ўсім чытальнікам і старшыні Лунінскага сельвыканкама Аляксандру Якаўцу, які садзейнічаў арганізацыі сустрэчы.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть