На шляху да храма

Ці ёсць у нас адрыян?

храмнаталиГэта пытанне задала адна з удзельніц чарговай сустрэчы ў інфармацыйна-асветніцкім цэнтры храма іконы Божай Маці “Взыскание погибших” г. Лунінца.
Напярэдадні 8 верасня, дня святых Адрыяна і Наталлі, ушаноўваліся імянінніцы месяца. Такім натуральным было іх пытанне аб мужчынскім прадстаўніцтве свята.
У адпаведнасці з біблейскім выслоўем, што веруючая жонка асвячае няверуючага мужа, так адбылося і ў гэтай сям’і ў пачатку ІV стагоддзя. Пад уплывам жонкі, тайнай хрысціянкі Наталлі, і яе муж – паганец Адрыян, саноўнік імператара, – пераканаўся ў сапраўднасці веры. Ён прыняў пакутніцкую смерць. З багатай удавой меркаваў узяць шлюб военачальнік, але па міласці Божай яна памерла на магіле мужа. Адрыяну і Наталлі не было і 30-ці год. З таго часу яны лічацца ўзорам сям’і, умацаванай любоўю.
На абмеркаванні жыцця святых віншавалі імянінніц і прыгадвалі сучасніц, якія дораць навакольным святло дабрыні і прафесіяналізму. Называліся імёны ўрачоў – Н.П. Шумская, Н.М. Рагажынская, Н.У. Антановіч, Н.Я. Кашкевіч. Разам прыйшлі да высновы, што Наталля – імя самае настаўніцкае. Павіталі Н.А. Галоўніч і Н.І. Казанкову, якія расказалі аб калегах-цёзках па СШ №2 г. Лу-нінца Н.М. Канапацкай, Н.В. Хартановіч, Н.І. Аляшкевіч, беларусазнаўцы з СШ №1 Н.В. Лазько. Ураджэнка Сасноўкі выказала ўдзячнасць сваёй першай настаўніцы з імем Наталля, якая ў пасляваенны час выратавала ад раскулачвання яе бацьку – працавітага заможнага селяніна, аформіўшы яго загадчыкам гаспадаркі пачатковай школкі. Галіна Мікалаеўна Сіманава прыгадала педагогаў гімназіі – Н.В. Бойка і Н.М. Клімачову. Лунінчанка светла ўспомніла сваю бабулю Наталлю, якая прывяла яе ў храм. Такое ж імя носяць дачка і сястра мужа, жыхарка Луганска, якая цяпер з сям’ёй знайшла прытулак у Лунінцы. Многія ўдзельніцы сустрэчы гаварылі аб сваіх дочках ці ўнучках з імем Наталля, некаторыя прыгадвалі добрых суседак – супрацоўніцу райваенкамата Н.В. Жаўтанога і інжынера РВУ “Лунінецрайгаз” Н.В. Нагорную. А яшчэ ўдзельніцы сустрэчы называлі імя незабыўнай Наталлі Мурко, дзяліліся ўражаннямі ад таленту спявачкі. Падарункам усім стаў фільм-канцэрт “Зачараванне рускага раманса” ў выкананні “залатога дуэта” нашага горада.
На акафісце святым Адрыяну і Наталлі маліліся за тых, хто жыве ў сэрцы ці радуе сваёй прысутнасцю побач. Настаяцель храма іерэй Сергій Крышталь уручыў імянінніцам падарункі, у тым ліку 5-гадовай Анжаліцы, якая нарадзілася 8 верасня і ў хрышчэнні атрымала імя Наталля. Застаецца запрасіць у храм Адрыянаў, якія таксама набудуць малітоўную ўвагу святыні.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть