На шляху да храма

Імянінніцы на дзень з пажаданнямі на год

З розніцай у два дні ўшанавалі памяць дзвюх святых – Таццяны і Ніны. Па традыцыі імянінніцы 25 і 27 студзеня сабраліся ў інфармацыйна-асветніцкім цэнтры храма іконы Божай Маці “Взыскание погибших”. Настаяцель іерэй Сергій Крышталь пазнаёміў з жыццямі святых. Першая, пакутніца, больш вядома, таму што ў Расіі з 1755 года абвешчана апякункай студэнцтва. Другая названа роўнаапостальнай – прынесла хрысціянства ў Грузію… Спыталася ў некаторых імянінніц, хто назваў іх у гонар гэтых святых, ці дапамагала (перашкаджала) імя па жыцці, якую падзею сёлета лічаць “сваім днём”.
Намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Таццяна Кіпцэвіч:
– Гэта выбар маёй мамы. Мне ў дзяцінстве падабалася імя Наташа. Крыўдзілася, што так не назвалі. З цягам часу я па-іншаму стала адносіцца да свайго імя. І ўсё жыццё ўдзячна Пушкіну, які ўславіў гераіню бессмяротнай паэмы – Таццяну. Галоўная падзея ў нашай сям’і ўжо адбылася – 1 студзеня мама адзначыла 80-годдзе.
Вядучы бухгалтар ААТ “Палессеэлектрамаш” Таццяна Канапацкая:
– Мяне назвалі ў гонар мамінай сястры. Мне вельмі падабаецца маё імя, але нічога значнага на гэты конт не прыгадаю. Цікава атрымалася з прозвішчам. Мая бабуля з Мелясніцы выйшла замуж у Дзятлавічы, дзякуючы чаму пазбегла знішчэння вёскі. Загінулі яе браты і сёстры, многа пляменнікаў. Раней не прымала гэта блізка да сэрца. Але па мужу ў мяне такое ж прозвішча, як дзявочае ў бабулі. І яго носіць большасць ахвяр трагедыі Мелясніцы. Таму сёлетняе 70-годдзе вызвалення Беларусі ад фашызму ўспрымаю як самую вялікую па-дзею. Што да Таццянінага дня, крыху шкадую, што пра яго не ведалі ў 1970-ыя – часы маёй вучобы. Дзякуй Богу, што ўсё вярнулася “на круги своя”. У царкве молімся святой і, гледзячы на весялосць сучасных студэнтаў, прыгадваем сваю маладосць…
Намеснік старшыні райспажыўтаварыства Ніна Некрашэвіч:
– Быў такі звычай у Лунінцы: звяртацца да малышоў з пытаннем, як назваць браціка ці сястрычку. Мама расказвала, што мне дала імя старэйшая на тры гады стрыечная сястра. У перакладзе з вавілонскай мовы “Ніна” азначае “марская багіня”, але ні да мора, ні да небажыхароў адносін не маю. Не задумвалася над тым, ці ўплывае імя на лёс чалавека. Што да свята, то ўсе яго чакаем – 565-годдзе Лунінца. Мне вельмі падабаюцца ў “ЛН” успаміны Льва Коласава. Калі аўтар зробіць яшчэ нейкае краязнаўчае адкрыццё, буду лічыць, што гэта – падарунак усім лунінчанам, а значыць, і мне.
Спецыяліст па кадрах ОРСа станцыі Лунінец Ніна Аксёнава:
– У 1960-ыя гады імя было вельмі распаўсюджаным. На нашай вуліцы Камсамольская гадаваліся, пэўна, не менш за 10 маіх цёзак-равесніц. Вядома, што святая Ніна вылечвала хворых. На іконе яна адлюстроўваецца з вінаграднай лазой. Гэта сімвал працавітасці, што лічу галоўнай якасцю чалавека. Мае бацькі былі простымі рабочымі, прывучалі дзяцей да гаспадарчых спраў. Але адначасова – выхавалі ў нас патрэбу ў вучобе. Мы ўсе закончылі ВНУ, усяго ў жыцці дасягнулі сваёй працай… 2014-ы абвешчаны Годам гасціннасці. Каб актывізаваць лунінчан, добра было б праводзіць святы вуліц. Домаўладальнікі ўсвядомяць, што трэба навесці парадак на дварах, каб прыемна было і самім, і гасцям. Галоўнае ж – кожны жыхар адчуе, што юбілей Лунінца – не толькі для моладзі, якая збярэцца ў цэнтры, але і для ўсіх лю-дзей, што шмат год шчыравалі на росквіт роднага горада.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

 

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть