Каб гучаў благавест над Палессем
КультураНа шляху да храма

Каб гучаў благавест над Палессем

кожан-городокГэты дзіўны па прыгажосці і незвычайных архітэктурных асаблівасцях будынак сустракае кожнага, хто прыязджае ў старажытнае мястэчка. Ім ганарацца мясцовыя жыхары, беражліва захоўваючы паданні пра мінулае Свята-Мікалаеўскай царквы. Сюды на экскурсіі возяць гасцей раёна, справядліва лічачы храм знакамітасцю Лунінеччыны, яе сімвалічнай візітоўкай. Выява Свята-Мікалаеўскай царквы ўпрыгожвае ўсе турыстычныя буклеты нашага раёна. Пра яе грунтоўна пісала “Комсомолка” і многія рэспубліканскія выданні.

Велічнае збудаванне бачна з любога месца Кажан-Гарадка. Менавіта таму, любуючыся хараством гэтых мясцін, позіркам заўсёды сустракаешся з купаламі, што пяшчотна купаюцца ў сонечных промнях. “Мяшчане”, а менавіта так ганарліва называюць сябе карэнныя насельнікі Кажан-Гарадка, з захапленнем раскажуць вам, што царква, пабудаваная ў гонар вялікага ўгодніка Божага Свяціцеля Мікалая, архіепіскапа Мірлікійскага Цудатворцы, узведзена без адзінага цвіка.

Месца, дзе яна стаіць, лічыцца адным з самых высокіх у ваколіцах мястэчка і мае сваю легенду. Даўным-даўно на багатае селішча напаў вораг. Шмат бедаў прынеслі вылюдкі жыхарам. Многія загінулі ад рук бязлітасных захопнікаў. Аднак на дапамогу прыйшлі суседзі. Кажуць, што быў гэта баявы атрад з Пінска. Рабаўнікоў узялі ў палон і прымусілі іх шапкамі насіць зямлю на месца расправы над мірнымі жыхарамі. Так утварыўся курган, на якім праз стагоддзі была пабудавана царква.

Грошы на будаўніцтва храма ахвяраваў мясцовы памешчык Шчыт. Будаваўся ён на працягу шасці год. Гісторыя захавала імёны тых, хто ўзводзіў гэты цуд народнага дойлідства. З пакалення ў пакаленне перадаюць іх у Кажан-Гарадку — давід-гарадоцкі майстар Аляксандр Маліноўскі, а таксама Сімон Канапацкі і Васіль Лістапад. Над інтэр’ерам храма, які дагэтуль упрыгожвае дзівосна тонкай работы драўляная разьба ў стылі ампір, працаваў мясцовы мастак Іосіф Астапчык.

Першапачаткова царква была ўніяцкай. Менавіта з тых часін захаваліся тут драўляныя скульптуры, не ўласцівыя іншым збудаванням падобнага кшталту. Алтар упрыгожвае скульптура Святога Іаана Хрысціцеля з укленчанымі анёламі. У першым ярусе цэнтральнага аб’ёму — фігуры Святых апосталаў Пятра і Паўла.

Ёсць тут сведчанні і не такой далёкай гісторыі. У царкве беражліва захоўваюць лампаду, атрыманую ў дар у дзень узыходжання на прастол імператара Мікалая ІІ.

Расказвае настаяцель Свята-Мікалаеўскага храма, протаіерэй Дзімітрый Грыб:

— Наш храм — сапраўдная жамчужына Палесся. Ён быццам лунае над наваколлем, ахінаючы благавестам старажытны край. На працягу амаль двух стагоддзяў тут не спыняліся богаслужэнні. Менавіта таму гэтае намоленае месца прыцягвае шматлікіх паломнікаў. Сярод іх не толькі праваслаўныя хрысціяне, але і розныя дэлегацыі, замежныя турысты, якія са здзіўленнем глядзяць на ўнікальнае збудаванне.

Але час не праходзіць бясследна. Фундамент царквы ў многіх месцах прасеў, а шмат’ярусныя зрубы з купаламі сталі нахіляцца да цэнтра храма. І нахіл гэты з кожным годам павялічваецца. Царкве патрэбна тэррміновая рэстаўрацыя, якая спыніць яе разбурэнне. Сіламі прыхаджан мы не здолеем справіцца з гэтай праблемай. Тым больш, што храм з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю 2-ой катэгорыі і ахоўваецца дзяржавай. Мы звярталіся ў розныя інстанцыі — райвыканкам, аблвыканкам, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Адусюль атрымлівалі прыкладна аднолькавы адказ: “выдзяленне бюджэтных сродкаў не ўяўляецца магчымым”. Адзін з найбольш затратных этапаў — экспертыза стану царквы, без якой немагчымы пачатак аднаўленчых работ. Сёння ўнікальным помнікам драўлянага дойлідства зацікавіліся на архітэктурным факультэце Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Летам будзем чакаць адтуль групу дыпломнікаў, якія згадзіліся зрабіць неабходныя для экспертызы вымярэнні і абараніць на гэтым матэрыяле свае дыпломныя работы. Спадзяемся, што гэта дасць пачатак богаўгоднай справе. Святы прэпадобны Серафім Сароўскі гаварыў: “Калі на вашу долю выпаў гонар будаваць храм Божы, прыміце гэта як вялікі дар Тварца, бо дзясніца Гасподня кранае таго, хто будуе храмы і многія грахі даруе таму Гасподзь”.

У 2018-ым Свята-Мікалаеўскай царкве ў Кажан-Гарадку споўніцца 200 год. Прыхаджане, гатовыя актыўна ўдзельнічаць у аднаўленні каштоўнасці сваёй малой радзімы, не губляюць надзеі, што да гэтага часу яе лёс вызначыцца, а сам храм з дапамогай дзяржавы ўдасца зберагчы для ўдзячных пакаленняў нашчадкаў.

Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть