«Настаўнік», — звярталіся да Хрыста апосталы»…
На шляху да храма

«Настаўнік», — звярталіся да Хрыста апосталы»…

свято-андреевские чтения

Місіянерскую ролю педагогікі адзначалі ўдзельнікі VI Свята-Андрэеўскіх чытанняў, што аб’ядналі прадстаўнікоў розных благачыній розных краін.

Сёлета традыцыйная восеньская сустрэча педагогаў і духавенства ў Лунінцы адбылася на базе політэхнічнага каледжа. Упершыню яго наведалі настаяцелі храмаў: Нараджэння Багародзіцы в. Лахва – протаіерэй Валерый Скрабец, мучаніц Веры, Надзеі, Любові і маці іх Сафіі – протаіерэй Мікалай Вабішчэвіч, вялікамучаніцы Параскевы в. Бастынь – іерэй Іаан Пятрэнка, страстацерпцаў князёў Барыса і Глеба – іерэй Анатолій Рэуцкі, некаторыя іншыя свяшчэннікі Лунінецкага благачынія. Неаднаразова выступаў перад навучэнцамі настаяцель храма іконы Божай Маці “Взыскание погибших” іерэй Сергій Крышталь. А асабліва радаваўся сустрэчы з былымі выкладчыкамі выпускнік каледжа іерэй Аляксандр Барысаў, які ўзводзіць храм Казанскай іконы Божай Маці ў в. Рэдзігерава.

Пачатак добрай справы быў благаслаўлёны малітвай. У чытанняў адна мэта – духоўна-маральнае выхаванне моладзі праз супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі і праваслаўнай царквы. Аб гэтым нагадаў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іван Раковіч.

Да новых спраў, яднаючых грамадства на аснове веры, заклікае чарговае Пагадненне паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускім Экзархатам на 2015-2020 гг. У развіццё курсу “Асновы праваслаўнай культуры”, які плённа ажыццяўляецца ў шэрагу ўстаноў адукацыі, рэкамендавана ствараць у вучэбных кабінетах адпаведныя куткі – быццам аднаўляючы традыцыю школьных дамовых храмаў.

Кіраўнік аддзела катэхізацыі і рэлігійнай адукацыі Пінскай епархіі іерэй Віктар Сачкоўскі выйшаў за рамкі звычайнага вітання ўдзельнікаў. Сваім выступленнем свяшчэннік прымусіў задумацца над рознымі ўзроўнямі маральнасці, што не заўсёды дасягаюць духоўнасці.

Па благаславенню Архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Сцяфана сёлета чытанні прысвячаліся 900-годдзю прастаўлення свяціцеля Міны, епіскапа Полацкага, што бу-дзе адзначацца 3 ліпеня (разам з Днём Незалежнасці!). Уладыка быў пахаваны ў Звярыніцкай абіцелі, якую выявілі ў Кіеве ў 900-годдзе Хрышчэння Русі. Цікава паведаміла аб святыні намеснік дырэктара СШ в. Вулька 1 Алена Стасюк.

У канцы ХХ стагоддзя Беларусь і Украіну падзяліла дзяржаўная мяжа, але прыгадваем пра агульныя падзеі ў гісторыі, каб падтрымліваць добрасуседства цяпер і прае-цыраваць адзінства ў будучыню. Аб гэтым у сваім выступленні сведчыў настаяцель храма вялікамучаніцы Параскевы в. Марочна Зарачнянскага благачынія Сарненска-Ровенскай епархіі Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага Патрыярхата протаіерэй Павел Дубінец. Ганаровы госць адкрыў нам агульную святыню, даследаваўшы Нобельскае чацвёраевангеліе – старажытнейшы помнік пісьменства Палесся.

Аспірант Мінскай духоўнай акадэміі Аляксандр (Аца) Будзішын з Сербіі расчуліў сэрцы прысутных, калі адзначыў, што беларуская мова вельмі блізкая да сербскай. Ён захапіў расповядам пра жыццё свяціцеля Мікалая Веліміровіча – епіскапа Охрыдскага і Жыдцкага, 60-годдзе прастаўлення якога будзе адзначацца 18 сакавіка.

У ліку славутасцей нашага краю – жамчужына палескага дойлідства 200-гадовая Свята-Нікольская царква в. Кажан-Гарадок. Адну са старонак яе гісторыі раскрыў настаяцель храма протаіерэй Дзімітрый Грыб. З 1920-ых па канец 1940-ых гг. у старажытным мястэчку служыў протаіерэй Мікалай Рудзько. Яго зяцем быў свяшчэннамучанік Уладзімір Талюш, якога рэпрэсіравалі ў 1933-ім і кананізавалі ў 1999-ым…

У жорсткі атэістычны час лунінчанам пашчасціла на сапраўднага пастыра. Протаіерэй Мікалай Яноўскі (1908-1995) карыстаўся вялікай павагай і жыхароў, і ўлад. Аб былым настаяцелі Свята-Крыжаўзвіжанскага храма падрыхтавала прэзентацыю намеснік дырэктара СШ №2 г. Лунінца Наталля Бойка.

Разам з асветніцкімі мэтамі на чытаннях даем своеасаблівую справаздачу аб тым, якімі сумеснымі дзеяннямі ўстаноў адукацыі і храмаў узбагацілася іх узаемасупрацоўніцтва. Нямала запамінальных мерапрыемстваў, прысвечаных  70-годдзю Вялікай Перамогі. Зараз у школах праводзіцца акцыя “Ад абеліска да абеліска”.

Помнікі, устаноўленыя ў памяць загінуўшых, павінны быць такімі ж святынямі для нашчадкаў, якімі для ўсіх праваслаўных з’яўляюцца званы. Гісторыяй іх, якая налічвае больш як 7 стагоддзяў, захапілася настаўніца лунінецкай гімназіі Ірына Дасько. Свае нататкі, якімі падзялілася з прысутнымі, яна назвала “Заклік да малітвы”.

Аб вядомым са старажытнасці храме ў Багданаўцы, які быў разбураны ў 1960-ыя і адноўлены ў 1990-ыя, прадставіла прэзентацыю педагог Людміла Ярмольчык. Цікава было даведацца, што настаяцель храма ўзнагароджаны медалём прападобнага мучаніка Макарыя, ігумена Пінскага, а матушка Вольга Вабішчэвіч – медалём прападобнай дзевы Юліаніі, князёўны Альшанскай.

Удасканальваючы духоўна-асветніцкі ўзровень, удзельнікі чытанняў не ўхіляюцца ад абмеркавання злабадзённых пытанняў. Цяпер глыбей усведамляем словазлучэнне “экалогія душы”. Нельга абыякава ўспрымаць брыдкаслоўе, што таксама з’яўляецца забруджвальнікам паветра. Аб вытоках праблемы ўсхвалявана паведаміла галоўны спецыяліст ад-дзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Трэгубава, заклікаючы ўсвядоміць паэтычную ісціну: “Нам не дано предугадать, как слово наше отзовется…”. Кіраўнік аддзела сацыяльнага служэння Пінскай епархіі іерэй Сергій Плотніцкі працягнуў тэму паведамленнем, што медыцына даказала наяўнасць генетычных змяненняў у тых людзей, што ўжываюць так званую інфернальную лексіку (дарэчы, “інферна” па латыні абазначае “пекла”). Свяшчэннік, які будуе ў Пінску храм у гонар страстацерпца цэсарэвіча Алексія і дзіцячы хоспіс, падзякаваў лунінчанам за дабрачынную дапамогу ў гэтай справе.

У чытаннях традыцыйна прымаюць удзел прадстаўнікі аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і справах моладзі, а таксама тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Заўсёды прыцягвае ўвагу выстава “Выратаваныя каштоўнасці” – іконы, канфіскаваныя Брэсцкай мытняй і перададзеныя Лунінецкаму раённаму краязнаўчаму музею, сваім, хаця б часовым, знаходжаннем асвяцілі каледж. Цэнтральная бібліятэка прапанавала кніжныя навінкі па духоўна-маральнай тэматыцы і старажытныя богаслужбовыя выданні, якія знаходзяцца на адказным захоўванні ў фондах. Вырабы ўмельцаў дэманстравалі аддзяленні дзённага знаходжання: маладыя інваліды і гурток “Дамашні ачаг” грамадзян пажылога ўзросту. Выстава малюнкаў змясціла работы пераможцаў і прызёраў конкурсу “Прыгажосць Божага свету”.

Захапіла выступленне кіраўніка місіянерскага ад-дзела Пінскай епархіі протадыякана Андрэя Гарбунова, які пад уласны акампанемент на гітары ў самых папулярных хітах савецкага часу адкрываў для нас біблейскі сэнс.

Чытанні завяршыў дырэктар політэхнічнага каледжа Андрэй Баўкуновіч:

– Усе мы родам з вёскі, усе – блізкія да зямлі. І ведаем, што на незасеяным полі вырастае толькі пустазелле. Чытанні, якія сёлета меў гонар прымаць каледж, засяваюць нашу глебу парасткамі духоўнасці. Спадзяюся на новыя сустрэчы ў імя агульнай справы настаўнікаў і настаяцеляў храмаў: “Сеяць разумнае, добрае, вечнае”…

Таццяна КАНАПАЦКАЯ

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть