На шляху да храма

«Не ў выгнанні, а ў пасланні…»

svyato-andreevskie-chteniya

Свяшчэннаслужыцелям, якім Кастрычніцкая рэвалюцыя змяніла лёс, а часта – і пазбавіла жыцця, былі прысвечаны VII Свята-Андрэеўскія чытанні ў Лунінцы.

Прагучалі даклады аб двух свяшчэннамучаніках. Злачыннай “тройкай” быў прыгавораны да расстрэлу св. Іаан Панкратовіч, свяшчэннік з в. Чыжэвічы (цяпер Салігорскі раён). У пачатку ХХ стагоддзя ён служыў у нашым краі. Аб праслаўленым папярэдніку, які пабудаваў Спаса-Прэабражэнскі храм у Язвінках, паведаміў цяперашні настаяцель, кандыдат багаслоўя, протаіерэй Сергій Чыж. Побач з іконай апостала Андрэя Першазванага знаходзіліся дзве працы філосафа Мікалая Бярдзяева (высланага пасля рэвалюцыі з Расіі на сумна вядомым “эмігранцкім” цеплаходзе). Як і яшчэ больш за 70 рарытэтных выданняў з асабістай бібліятэкі настаяцеля храма іконы Божай Маці “Взыскание погибших” г. Лу-нінца іерэя Сергія Крышталя, яны складалі выставу “Духоўная спадчына ў кнігах”. Іх можна назваць духоўнымі святынямі – гэтыя дзве кнігі належалі свяшчэннамучаніку Дзімітрыю Кляпініну. Апынуўшыся ў Францыі, ён набыў багаслоўскую адукацыю і пазней духоўна акармляў славуты інтэрнат маці Марыі (Скабцовай). Іх закатавалі фашысты…  Прэзентацыю аб святым падрыхтавала навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея Ірына Бусько.

Некаторыя свяшчэннікі вытрымалі выпрабаванні рэпрэсіямі і засталіся адданымі веры. У 1930-ых у Лахве служыў бацюшка, пазней пераведзены ў в. Целяханы Івацэвіцкага раёна, дзе пабудаваў храм. У 1949-ым протаіерэй Іаан Струкоўскі быў арыштаваны і 7 год знаходзіўся ў заключэнні. Вярнуўшыся, ён аднавіў прыход, добраўпарадкаваў царкву, каб, як гаварыў людзям, “мне і вам прыемна сустракацца і ўзносіць нашы сумесныя малітвы да Усявышняга”. Аб моцным духам свяшчэнніку расказаў настаяцель храма Ражства Багародзіцы в. Лахва протаіерэй Валерый Скрабец. Дыякан Крыжаўзвіжанскага храма г. Лунінца а. Іаан Сабалеўскі пасля вайны быў рукапаложаны ў свяшчэнніка і нёс пастарскае служэнне ў Нью-Ёрку (ЗША). На падставе следчай справы і іншых архіўных дакументаў паведамленне аб ім зрабіў кандыдат багаслоўя, клірык Свята-Варварынскага сабора г. Пінска, кіраўнік аддзела па кананізацыі святых Пінскай епархіі протаіерэй Сергій Рабой.

Свяшчэннік, імя якога злучае наш край і вёску Хойна Пінскага раёна, – протаіерэй Вячаслаў Наўроцкі. У 1920-ыя былы афіцэр царскай арміі выкладаў у школе в. Вулька 2. Стаўшы свяшчэннікам, старую драўляную царкву з Лунінца перавёз па месцы служэння і аднавіў. Затым быў пераведзены ў в. Марочна Палескай епархіі. Цяпер гэта паселішча знаходзіцца ў Зарэчненскім раёне Ровеншчыны (Украіна). Настаяцель Свята-Параскевінскага храма протаіерэй Павел Дубінец падрыхтаваў расказ аб папярэдніку, якога мясцовыя жыхары лічаць сваім абаронцам у гады фашысцкай акупацыі.

Свята-Андрэеўскія чытанні ўшаноўваюць апостала Андрэя Першазванага, а таксама і айца Андрэя Бярнадскага, дзякуючы намаганням якога ў Лунінцы пабудаваны Крыжаўзвіжанскі храм. Ён быў асвячаны 4 лістапада, у свята Казанскай іконы Божай Маці, 95 год таму. Фрагменты гісторыі ў фотаздымках, на якіх адлюстраваны і героі паведамленняў, былі прадстаўлены на стэндзе.

Сапраўдныя адкрыцці для ўдзельнікаў чытанняў утрымліваліся ў выступленнях іх калег. Благаверны князь Расціслаў (у хрышчэнні Міхаіл) па праву лічыцца “будаўніком беларускіх земляў” – на Магілёўшчыне ім закладзены гарады Прапошаск (цяпер Слаўгарад), Крычаў, Мсціслаўль. У наступным годзе адзначым 850-годдзе святога, аб якім паведаміла настаўніца СШ №1 г. Лунінца Аксана Рыбчынская. Народны пясняр Якуб Колас не паддаўся духу часу, праўдзіва маляваў набожнасць нашых продкаў. Аб хрысціянскай душы беларуса на падставе славутай паэмы “Новая зямля” распавяла настаўніца Багданаўскай СШ Вера Ільючык.

“Намеры ў сэрцы чалавека – глыбокія воды, але чалавек разумны вычэрпвае іх”. Цытатай з прытчаў пачаў даклад кандыдат багаслоўя, кіраўнік місіянерскага аддзела Пінскай епархіі протадыякан Андрэй Гарбуноў (Свята-Пакроўскі храм г. Баранавічы).

Улічыўшы прапановы педагогаў аб тым, каб надаць чытанням і форму дыялогаў, пленарнае пасяджэнне працягнулася ў секцыях.

Год культуры быў адзначаны двума момантамі. Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (дырэктар Тамара Патурай) падрыхтаваў выставу вышыванак Кацярыны Івашкевіч. 35-гадовая лунінчанка – інвалід І групы, калясачніца, якая захапляецца прыгожым. Шчырыя водгукі гледачоў гучалі як тэст на міласэрнасць… Песняй “Авэ Марыя” ўшанавалі памяць таленавітых лунінецкіх выканаўцаў – спявачкі Наталліі Мурко і скрыпача Эдуарда Белавуса. Малітоўнае гучанне нагадвала і аб вымушаных выгнанніках, якія сталі сапраўднымі пасланнікамі праваслаўя ва ўсім свеце.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть