Палюбі сябе, і гэтым дапаможаш тым, хто пакутуе побач…
На шляху да храма

Палюбі сябе, і гэтым дапаможаш тым, хто пакутуе побач…

IMG_3141Ужо некалькі год у Жыровічах праводзяцца міжнародныя духоўныя праграмы “Анастасіс». Тэмай чарговай сустрэчы стала “Вызваленне праз служэнне». Упершыню яе ўдзельніцай была жонка настаяцеля прыхода храма іконы Божай Маці “Взыскание погибших» Ірына КРЫШТАЛЬ.

—    Гэтыя тры дні проста перавярнулі мой погляд на праблему, што даўно з прыватнай перарасла ў сацыяльную. Звычайна як бывае? Бацькі доўга церпяць сына-алкаголіка. Мама спачатку цягне вялікаўзроставае дзіця ў медустанову. Урач не адмаўляе — прызначае кропельніцы, прэпараты. Калі лячэнне не дапамагае, разводзіць рукамі — чалавек сам павінен захацець адмовіцца ад шкоднай звычкі. Маці гэтага не чуе, крыўдуе на медыкаў. Між тым, сітуацыя ў сям’і пагаршаецца. Каб абараніцца, бацькі вымушаны звяртацца ў міліцыю. У праваахоўных органаў свае метады, але, калі нагадаюць аб адказнасці па законе, мама забірае заяву. І тады бяжыць у царкву: бацюшка, памаліцеся…

—    Але ж здзяйсняюцца цуды — і мамы, і свяшчэннікі адмольваюць тых, хто гіне ад алкаголю ці наркотыкаў!

—    Цуды можна пералічыць па пальцах. А на сустрэчы выступалі дзясяткі людзей з уласнымі гісторыямі пра тое, як вызваліліся ад залежнасцей самі. Алкаголь — гэта сусветная праблема. І яшчэ ў 1950-ыя пачалі стварацца сямейныя групы “Ал-Анон”, што цяпер дзейнічаюць больш чым у 100 краінах. Гэта садружнасць родных і сяброў алкаголікаў, якія лічаць, што на іх жыццё паўплывала п’янства іх блізкіх. Яны збіраюцца разам і дзеляцца сваім вопытам, надзеямі для вырашэння агульных праблем. А вось“12 крокаў ананімных алкаголікаў” — гэта праграма выключна самавылячэння залежных.

—    У бядзе трэба падтрымліваць — на гэтым грунтуецца мараль грамадства.

—    Гэта агульныя разважанні, а праблема — у канкрэтнай сям’і і канкрэтнага чалавека. Дапамогай праваслаўнага рэабілітацыйнага цэнтра “Анастасіс” скарысталіся дзясяткі людзей, многія з якіх выступілі на сустрэчы. Яны так і гаварылі: я — алкаголік са стажам 20 год, але ўжо 10 год не п’ю. Яны шчыра казалі: трэба самім захацець вярнуцца ў нармальнае жыццё. Выступленні пераконвалі: у залежных асоб шмат волі, трэба накіраваць яе ў правільнае рэчышча.

—    Хіба не аб тым жа просяць сваіх хворых родных мамы, жонкі, сёстры?

—    Якраз прасіць ці дараваць, каб мець паўтор пройдзенага, не трэба. Тыя, хто вылячыўся ад залежнасці, падкрэслівалі: толькі калі ад іх адмаўляліся блізкія, яны быццам бы ўключалі свой розум. Чалавеку вельмі балюча трэба ўдарыцца, і тады ён знойдзе выйсце. Кожная гісторыя ўзрушвала. Жонка выгнала мужа з дому — пашкадавала сястра. Але і яе ўгаворы не дзейнічалі на брата. Урэшце апынуўся на вуліцы. Уразілі яго словы: на ўсё Воля Гасподня, і выпадак — гэта псеўданім Бога, калі ён не жадае падпісвацца…

—    Атрымліваецца, што шчаслівы выпадак можа здарыцца тады, калі няшчасныя родныя спыняцца адчуваць сябе такімі?

—    Менавіта так! Былыя алкаголікі так і казалі: гэта вам здаецца, што мы пакутуем, — вы шкадуеце, а нам прыемна. Мама ці жонка павінны ўсвядоміць: гэта — яе жыццё, і не трэба марнаваць яго на пітушчых мужа ці сына. Выступалі жанчыны. Шчыра дзяліліся: мой муж — алкаголік са стажам 20 год ці мой сын — алкаголік са стажам 10 год. Яны вызваліліся ад залежнасці. Бачыла шчаслівыя вочы гэтых жанчын. Раней іх акружала спачуванне навакольных, што не дастаўляла радасці.

—    Ірына Мікалаеўна, вы паведамілі аб каштоўным вопыце, што назапашаны на Гродзеншчыне. Ці ёсць практыка такіх сямейных садружнасцей на Брэстчыне?

—    Мне вядома толькі пра групу з пяці чалавек, якая збіраецца ў Пінску. Але вельмі спадзяюся, што “Ал-Анон” зацікавіць і лунінчан. Перад вачамі стаіць чалавек, які расказваў: “20 год я глядзеў на свет праз замочную адтуліну, у якую бачыў толькі бутэльку. Калі прыйшоў у Жыровічы і адолеў “12 крокаў”, убачыў дрэвы, прыроду, людзей. Цяпер іду па вуліцах роднага горада ў дождж, калі ўсе хаваюцца пад парасоны. А я ў кожнай кропельцы бачу салют ад прыгожых вітрын…”. Так хочацца пачуць падобнае ад нашых, яшчэ пакуль хворых, людзей!

—    Куды звяртацца тым, хто прыме такое рашэнне?

—    У гэтым паспрыяе “Дзень адкрытых дзвярэй”, што праваслаўны рэабілітацыйны цэнтр “Анастасіс” будзе праводзіць 9 мая. Адрас: Слонімскі раён, в. Сасноўка, вул. Школьная, 2. Больш падрабязную інфармацыю знойдзеце на сайтах цэнтра www.anastasis.ortox.ru ці Жыровіцкага манастыра. Узнікнуць пытанні — тэлефануйце таксама па нумарах нашага храма.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть