На шляху да храма

Радаўніца ў Сасновіцах

Гэтыя хутары разам з людзьмі фашысты спалілі 21 верасня 1943 года.

Дату дакументальна ўдакладнілі нядаўна, а імёны за-гінуўшых увекавечаны ў кнізе “Памяць. Лунінецкі раён”, дзякуючы вучням Язвінскай СШ, якія ў 1990-ыя вялі пошукавую работу. На былых хутарах адзначана некалькі месцаў пахаванняў. Адно з іх – пад прыкметнымі трыма стрункімі ліпамі – стала традыцыйным месцам збору нашчадкаў ахвяр фашызму.

Людская памяць захавала звесткі, што ў тую цёплую вераснёўскую раніцу многія вяскоўцы пайшлі ў грыбы. І менавіта ў гэты час непадалёку ад Сасновіц на чыгуначным пераездзе быў забіты нямецкі салдат. На хутары наляцелі нямецкія карнікі. Яны схапілі і выпадковых грыбнікоў, сярод якіх быў Усцін Зышчык. Даведаўшыся пра бяду, яго амаль 70-гадовая маці хуценька сабрала ў кошык сала ды яйкі і пабегла, кульгаючы (была інвалідам з дзяцінства), ратаваць сына. Не ўдалося – раз’юшаныя ворагі кінулі абодвух у клуню, дзе мірных жыхароў чакала пакутніцкая смерць у полымі… Ва Усціна засталося сямёра дзяцей. У 1944 годзе трое з іх сталі франтавікамі – Аляксей, Іван, Пётр. Іх ратны шлях адзначаны баявымі ўзнагародамі… і раненнямі.

– Пасля аперацый у бацькі выцягнулі два асколкі, – расказвае Аляксандр Зышчык, – а з трэцім давялося і пахаваць інваліда Вялікай Айчыннай…

Сёлета Аляксандр Пятровіч добраўпарадкаваў месца пахавання прабабулі і дзеда. Напярэдадні Радаўніцы тут сабраліся прадстаўнікі некалькіх пакаленняў роду. Чын асвячэння служыў настаяцель Спаса-Прэабражэнскага храма в. Язвінкі протаіерэй Сергій Чыж. З асаблівым пачуццём малілася Яўгенія Грабовіч, быццам у полымі свечкі бачыла аблічча бабулі, у памяць якой названа (дарэчы, гэта імя маюць не толькі ўнучкі, але і праўнучка)…

У кароткай па часе кранаючай цырымоніі ўдзель-нічалі прадстаўнікі раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў. Яе старшыня Уладзімір Жураўлёў выказаў слушную думку:

– Па Навадворскай дарозе размешчана шмат дач, праязджаюць многія людзі, якія не ведаюць аб трагедыі, што адбылася ў навакольным лесе. Хутары зараслі, але грамадства не павінна зарастаць забыццём. Гэта месца неабходна абазначыць памятным знакам з увекавечаннем імёнаў загінуўшых.

Прадстаўнікі грамадскасці спадзяюцца, што справай адгукнецца Дварэцкі сельвыканкам, каб ушанаваць месца пахавання масавых (вядомы 38 імёнаў) ахвяр фашызму да 75-годдзя трагедыі.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть