На шляху да храмаШкольный дневник

Трэці поспех

домашевич

У рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка – цэнтр духоўна-маральнай асветы і выхавання” сярод 178-мі кніжных сховішчаў краіны работа бібліятэкара сельгаскаледжа Ніны ДАМАШЭВІЧ заняла другое месца.

– Ніна Мікалаеўна, з чаго пачаўся ваш прафесійны шлях,        які прывёў да такога адметнага дасягнення?

– Закончыла бібліятэчны тэхнікум. Першае месца работы – родная Язвінская СШ. Праз год тагачасны дырэктар, які ішоў на павышэнне ў Лунінец, параіў  удасканальваць прафесію ў гора-дзе. Як раз тады адкрывалася сельскагаспадарчае ПТВ. На месца бібліятэкара было восем прэтэндэнтаў! На маю карысць сыграў той факт, што ў школе падрыхтавала праграму да 60-годдзя Кастрычніка для раённага семінара, якая была высока ацэнена прадстаўнікамі органаў улады. Так што працую з дня заснавання навучальнай установы.

– А вы мэтанакіравана звязалі жыццё з кніжным светам?

– Марыла стаць педагогам, але ў ВНУ не прайшла па конкурсе. Тут жа падала дакументы ў Магілёў. Заўсёды любіла чытаць. За час работы вывучыла запыты нашых навучэнцаў. Працаваць з моладдзю вельмі цікава. Праводзячы мера-прыемствы, у пэўнай ступені рэалізую свае педагагічныя імкненні.

– Цікава, а вашы родныя захапляюцца чытаннем? Раскажыце, калі ласка, аб вашай сям’і.

– Мы разам з мужам, які працаваў выкладчыкам, выхоўвалі ў дзяцей любоў да кнігі. На жаль, ён ужо амаль 20 год жыве толькі ў нашай памяці… Старэйшая дачка ў пэўнай ступені ажыццявіла маю мару, закончыўшы філфак БДУ. Малодшая – інжынер-эканаміст. Магчыма, прыцягненне сталіцы, дзе яны жывуць, сямейныя клопаты не дазваляюць аддаваць чытанню шмат часу, але пры сустрэчах абмяркоўваем кніжныя навінкі. Гэта дапамагае мне арыентавацца ў цяперашніх літаратурных густах.

– Вас засмучае, што любоў да кнігі, якая захавалася ў нашага пакалення, не падзяляюць сучасныя юнакі і дзяўчаты?

– На любой сустрэчы з моладдзю – у бібліятэцы, кабінеце, актавай зале – заўсёды нагадваю вядомае выказванне стваральнікаў інтэрнэта: той, хто чытае кнігі, заўсёды будзе кіраваць тымі, хто бяздумна сядзіць за камп’ютарам. У сваю чаргу імкнуся адцягнуць увагу сваіх патэнцыяльных чытачоў ад манітораў і зацікавіць нашых навучэнцаў жывымі рэальнымі справамі.

– Мяркуючы па тым, што сталі прызёрам упершыню абвешчанага конкурсу, вам гэта ўдаецца.

– Наша бібліятэка ўжо ў трэці раз адзначана на рэспубліканскім узроўні. У 1991-ым стала пераможцам конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”. Узнагароджана адпаведным дыпломам Міністэрства культуры і бібліятэчкай выданняў Івана Шамякіна з яго аўтографам. Гэта мой любімы пісьменнік, таму можаце ўсвядоміць радасць, што дагэтуль са мной, як толькі адкрываю кнігі! Праз некаторы час зноў была адзначана ў гэтым жа конкурсе. Узнагародай сталі дыплом і факсімільнае выданне першай беларускай газеты “Наша Ніва”.

– Сёлета вы занялі другое месца ў намінацыі “Патрыятычнае выхаванне на праваслаўных традыцыях”.

– Моцны імпульс да гэтага напрамку дзейнасці ў бібліятэчнай рабоце дало асвячэнне храма іконы Божай Маці “Взыскание погибших”, да прыходу якога адносіцца наш каледж. Рэгулярна запрашаем на гутаркі настаяцеля іерэя Сергія Крышталя, самі з задавальненнем удзельнічаем у духоўна-асветніцкіх праграмах, што праводзяцца ў храме, арганізуем у тым ліку і раённыя сустрэчы на базе нашай навучальнай установы. Аб нашых справах пастаянна паведамляем на старонках “ЛН” – удзячны рэдакцыі за інфармацыйную падтрымку.

– Прыміце віншаванні з трэцім поспехам! Калі атрымаеце прызы?

– Цырымонія ўзнагароджвання адбудзецца 21-23 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў рамках Міжнароднага кангрэса “Бібліятэка як феномен культуры”.

– Застаецца пажадаць вам новых поспехаў на шляху прыцягнення моладзі да спасціжэння вечнай таямніцы – кнігі.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть