Тры купалы над паселішчам волатаў
На шляху да храма

Тры купалы над паселішчам волатаў

велута храмУ суботу ў вёсцы Велута архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан асвяціў адроджаную Свята-Троіцкую царкву.

Шматлікія вернікі з Велуты і наваколля, нягледзячы на 37-градусную спякоту, прымалі ўдзел у духоўнай урачыстасці. Прыўзняты настрой не парушаў цішыню, што панавала ў храме. Пад скляпеннямі яго гучалі спевы хору лунінецкай Свята-Крыжаўзвіжанскай царквы. Пасля асвячэння многія спавядаліся і прычасціліся на першай Боскай Літургіі.

Архіепіскапу саслужылі настаяцелі шэрагу храмаў: протаіерэі Мікалай Вабішчэвіч (Багданаўка), Дзімітый Грыб (Кажан-Гарадок), Валерый Скрабец (Лахва), іерэі Сергій Чыж (Язвінкі) і Анатолій Рэуцкі (Лунін). Настаяцеля Свята-Параскевінскага прыхода в. Бастынь, да якога прыпісаны новы храм, іерэя Іаана Пятрэнку па праву называюць бацюшкай-будаўніком. За непрацяглы час пад кіраўніцтвам свяшчэнніка ўзведзены ўжо трэці культавы будынак. У Бастыні храм асвячаны ў 2003-ім, капліца ў Люшчы — у мінулую нядзелю.

Пасля хрэснага ходу, калі Уладыка Сцяфан шчодра акрапляў святою вадою вернікаў, узнагародзілі дабрачынцаў. За спрыянне мясцовай улады богаўгоднай справе архіерэйскімі граматамі адзначаны старшыня Бастынскага сельсавета Фёдар Рашэцкі і кіраўнік СВК “Велута” Сяргей Наварыч. Яны ўручылі храму чарговыя грашовыя ахвяраванні, а мясцовыя жыхары браты Мікалай і Міхаіл Кезі — іконы.

Намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Захаркевіч і пракурор раёна Аляксандр Карлюк, якія ўдзельнічалі ва ўрачыстасці, назвалі асвячэнне вялікай падзеяй у гісторыі не толькі раёна, але і Пінскай епархіі. Аддаленая вёска ўпрыгожылася цудоўным храмам — небам на зямлі. Малітвамі духавенства і вернікаў ствараецца святыня для захавання нашчадкамі праваслаўнай веры — выбару продкаў.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть