На шляху да храма

Успамін аб цудах

дарыМаем на ўвазе не толькі святыя дары вешчуноў, якім удалося пакланіцца ў адзін са студзеньскіх марозных дзён, але і адчуванне ад самой паломніцкай паездкі ў храм праведнага Іава Шматпакутнага пры Доме міласэрнасці ў сталіцы.
У аўтобусе, якім работнікі ліцэя ехалі ў Мінск, панавала малітоўная атмасфера. Усё было арганізавана выдатна! Пры ўваходзе свяшчэннікі і валанцёры добразычліва накіроўвалі паломнікаў да цэнтра залы, дзе ў каўчэжцы пад шклом былі змешчаны дары вешчуноў. Мы былі шчаслівыя бачыць каля іх нашага былого вучня Яўгена Толкача, які служыць у Доме міласэрнасці і нёс паслушанне – дзяжурства. Ён з гонарам сказаў свайму калегу: “Гэта – мае настаўнікі”, – і цярпліва тлумачыў нам, як належыць прыкладвацца да святыні. І вось мы ўжо каля сярэбранага каўчэжца. Пачуцці перапаўнялі, вочы павільгатнелі ад слёз радасці, а думкамі перанесліся ў часіны дзвюхтысячагадовай даўніны. Дакрананне стала сапраўдным таінствам, што дало душы ўміратворанасць і адчуванне Божай благадаці…
Нам дазволілі яшчэ некаторы час правесці ў храме. З дынаміка гучала пропаведзь святога Антонія Суражскага аб жыцці ў Хрысце. Мы слухалі пранікнёныя словы, а губы шапталі: “Слава Богу за ўсё…”.
Па дарозе дамоў дзялі-ліся перажываемымі пачуццямі.
Настаўніца Таццяна Уладзіміраўна Капліч:
– Заўсёды выказваю ўдзячнасць Богу за самы галоўны цуд у жыцці хрысціяніна, што адбываецца на кожнай літургіі ў храме, – ператварэнне асвячаных хлеба і віна ў Кроў і Цела Хрыстовыя. Гэта тое, дзеля чаго Збавіцель прыйшоў на зямлю, выцярпеў Крыжовую смерць, а праз тры дні Уваскрос. І ўсё гэта – дзеля нас, грэшных… Шчаслівая, што словы падзякі магла прашаптаць, калі пакланілася святым дарам.
Настаўніца Ірына Аляксандраўна Грушэўская:
– Не хапае слоў, каб перадаць усе адчуванні ад цуда дакранання да дароў вешчуноў… Малілася за сваю сям’ю, сяброў, калег, вучняў, прасіла ў Бога літасці і міласэрнасці да нашай краіны, добрых людзей ва ўсім свеце…
Выхавальніца Святлана Андрэеўна Лукашэвіч:
– Асаблівае трапятанне авалодала душой, калі дакраналася да святыні. Сэрца білася часта-часта, быццам адчуваючы, што адбываецца тое, што не ўсвядоміць розумам – толькі сэрцам. Нам пашанцавала, што мелі магчымасць пабыць некаторы час каля дароў вешчуноў. Прыходзячы ў сябе, думала аб жыцці, пераацэньвала многія прыярытэты, малілася, дзякавала Богу за яго любоў да людзей…
Памятаючы прымаўку, што ў Бога цудаў многа, вярталіся дамоў з адчуваннем духоўнага росту і перакананнем: незабыўныя ўражанні захаваем на ўсё жыццё.
Ірына РАМАНЧУК, бібліятэкар ліцэя.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть