На шляху да храма

Яднаючая моц веры

моц верыПершы злёт праваслаўнай моладзі сабраў прадстаўнікоў трох благачыній Пінскай епархіі.

Падлеткі з Пінска, сышоўшы з цягніка, знаёмства з нашым раёнам пачалі з наведвання храма страстацерпцаў Барыса і Глеба ў вёсцы Лунін. 6 жніўня тут адзначалася прастольнае свята. Юныя паломнікі, — а да пінчан далучыліся юнакі і дзяўчыны з нашага горада, — разам з вернікамі ўшанавалі 1000-годдзе першых рускіх святых, якіх прызнаў Канстанцінопальскі Патрыярх.

У Лунінцы ўдзельнікаў злёту гасцінна прыняў сельгаскаледж. Незабыўную сустрэчу падарыў моладзі протадыякан Свята-Пакроўскага храма г. Баранавічы Андрэй Гарбуноў. Ён па-новаму “адкрыў” любімыя песні нашага дзяцінства, аўтары якіх у атэістычны час былі вымушаны “канспірыраваць” біблейскі сэнс, але рабілі гэта вельмі таленавіта, таму іх творы і спяваюць ужо некалькі пакаленняў. Да глыбіні душы ўразілі песні ў выкананні айца Андрэя на рускай, беларускай, польскай, кітайскай, сербскай, англійскай мовах пад уласны акампанемент на гітары. Замілаванне выклікалі яго сыны Іван, які падыгрываў бацьку на індыйскім барабане, і Пётр, спартыўныя дасягненні якога занатавалі відэаздымкі.

Праграма злёту змясціла шэраг цікавых спраў. Псіхалагічныя трэнінгі праводзіла педагог СШ №18 г. Пінска Ганна Свірыдэнка. Экалагічныя сцяжынкі па ўнікальным біяцэнозе Палесся, што захаваў Сасновы бор, паказала намеснік дырэктара СШ №2 г. Лунінца Наталля Бойка. Гульнятэка, падрыхтаваная бібліятэкарам гімназіі Ірынай Раманчук, захапіла вясёлымі атракцыёнамі і пазнавальнай праваслаўнай віктарынай.

Кіраўнікі злёта — памочнікі Благачыннага іерэі Сергій Крышталь (рэлігійная адукацыя), Георгій Філіновіч (работа з моладдзю) і Сергій Чыж (місіянерскае служэнне) — запрашалі падлеткаў на гутаркі з бацюшкай. Падзячны малебен быў адслужаны ў Свята-Крыжаўзвіжанскім храме. Спартландыя адбылася на беразе Белага возера, празрыстыя воды якога дабавілі бадзёрасці ў 35-градусную спякоту. Завяршыла злёт акцыя “Добрая справа” — пачастунак, выраблены лунінецкімі кулінарамі, юным удзельнікам належала давезці дамоў і падарыць мамам, якія благаславілі сыноў і дочак на незвычайную двухдзённую вандроўку.

Перад пасадкай на дызель-цягнік “Лунінец-Пінск” згуртаваная моладзь развіталася з Лунінскім храмам са шчырым жаданнем праз год зноў ушанаваць памяць святых Барыса і Глеба, якія аддалі свае жыцці дзеля захавання адзінства дзяржавы.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть