Общество

НАДЗЕЯ ЎМАЦОВАЕ ВЕРУ

За мінулы месяц чатыры навучэнкі прафтэхкаледжа спрабавалі развітацца з жыццём. Аб суіцыдах, прафілактыцы залежнасці ад шкодных звычак, а таксама захворваннях, якія скарачаюць жыццё, ішла размова ўрачоў раённай паліклінікі падчас сустрэчы з працаўнікамі ААТ “Лунінецкі малочны завод”.
А пачалася яна з раздачы інфармацыйных бюлетэняў, якія з цікавасцю вывучалі мужчыны і жанчыны. Загадчыца паліклінікі Людміла Елізава паведаміла аб нестабільнай дэмагарафічнай сітуацыі, а таксама фактарах, якія маглі б палепшыць яе. У іх ліку – больш уважлівыя адносіны кожнага чалавека да свайго здароўя і своечасовы зварот па медыцынскую дапамогу. З выступлення загадчыцы акушэрска-гінекалагічнага аддзялення Рымы Шаўчэнка вынікала, што ў пэўнай ступені дэмаграфічная сітуацыя залежыць ад нараджальнасці, а значыць – ад здароўя жанчын. Асаблівую трывогу медыкаў выклікае захворванне на рак малочнай залозы. На жаль, іншы раз жанчыны прыходзяць да спецыяліста, калі аперацыя і хіміятэрапія ўжо не могуць дапамагчы.
Не менш, а можа і больш складаная сітуацыя ў мужчын, якія пакутуюць на рак прастаты. Калі ў 1970 годзе ў Беларусі такіх хворых было крыху больш як 200 чалавек, то зараз іх колькасць дасягнула 2000. Жанчын не палохаюць агляды ў акушэрска-гінекалагічным кабінеце, а вось прадстаўнікі моцнага полу не спяшаюцца наведаць адпаведны мужчынскі, хаця пасля 40 год рэкамендуецца ў абавязковым парадку рабіць гэта рэгулярна. На гэтым засяродзіў увагу ўрач-уролаг Вячаслаў Соц.
Як вядома, часцей вядуць да смерці захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы. Участковы ўрач-тэрапеўт Ірына Іголка расказала аб прафілактыцы, якая звязана з адмовай ад курэння, змяншэннем утрымання ў крыві халестырыну і ўвагай да артэрыяльнага ціску.
Найбольшую цікавасць выклікала інфармацыя ўрача-псіхіятра Уладзіміра Галоўчанкі аб прафілактыцы залежнасці ад шкодных звычак. У прыватнасці, алкагольная праходзіць чатыры стадыі і ў канчатковым выпадку вядзе да дэградацыі асобы і ранняй смерці. Цікава, што ў азіяцкіх краінах эфектыўным лічыцца прыкаванне п’яніцы за нагу ў пакоі. Яго пакідаюць на два тыдні з вядром вады, боханам хлеба і дзвюма цыбулінамі. Кажуць, дапамагае… У нас гэта лічыцца не гуманным спосабам, таму лечаць больш сучаснымі метадамі.
Нясуцяшальна прагучаў той факт, што Беларусь займае сумнае трэцяе месца ў Еўропе па колькасці суіцыдаў, услед за Літвой і Венгрыяй. Да таго ж, узрост тых, хто вырашыў развітацца з жыццём, зніжаецца. На мінулым тыдні ўвагу псіхіятра ў райваенкамаце прыцягнуў 16-гадовы юнак, у якога на руцэ брытвай выразана “дапамажы мне” на англійскай мове. Як высветлілася, ён прылічвае сябе да “готаў”. Іх прадстаўнікоў няцяжка вызначыць з асяроддзя – па чорных доўгіх валасах і такога ж колеру адзенню. Гэтая маладзёжная групоўка, як і “эмакіды”, што заўважаны на тэрыторыі нашага раёна, цікавяцца чорнай магіяй, незямным жыццём, прапагандуючы ідэю смерці.
Зразумела, усе мы хочам бачыць нашых дзяцей здаровымі і шчаслівымі. Каб не дапусціць бяды, трэба ўдзяляць ім больш увагі. Уладзімір Сцяпанавіч даў пэўныя парады бацькам.
Адчуць трывожнасць сітуацыі дапамаглі відэафільмы “З радасцю і надзеяй” і “Калі ў доме бяда…”.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть