2022 - Год исторической памятиМикашевичиНовости районаОбщество

Наша гісторыя: вызваленне Лунінеччыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Спаўняецца 78 год з таго значнага дня, калі над Лунінеччынай падняўся пунсовы сцяг, засведчыўшы падзею, якую скатаваны і знясілены народ чакаў самыя доўгія і пакутлівыя тры гады. Войскі Чырвонай Арміі вызвалілі нашу тэрыторыю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і прынеслі мір на спаленую і скрываўленую зямлю.

Цана за мір

У раённым краязнаўчым музеі захоўваецца мноства дакументаў перыяду вызвалення горада і раёна. Побач з імі, на пажоўклых ад часу лістках паперы запісаны ўспаміны ўдзельнікаў баявых дзеянняў, відавочцаў тых страшных падзей, падборкі публікацый з розных газет і часопісаў. Перагортваючы іх, сучаснікі могуць адчуць атмасферу таго перыяду, калі патрыятызм савецкага народа, яго бязмежная мужнасць і вера ва ўласныя сілы дапамаглі выстаяць у няроўнай барацьбе з фашыстамі, цаной сваіх жыццяў вярнуць на родную зямлю спакой і дабрабыт, падарыць нам, наступным пакаленням, магчымасць выхоўваць дзяцей, вучыцца і працаваць.

Занадта вялікімі стратамі заплацілі землякі за імкненне да мірнай будучыні ў 1944-ым. Пры адступленні раз’-юшаныя ворагі разбурылі ўсё на сваім шляху. Для гэтага імі быў распрацаваны дэталёвы план дзеянняў. У першую чаргу стараліся знішчыць чыгунку. Засталіся звесткі, як мэтанакіравана дэманціравалі паравыя катлы, гідраўлічныя краны, помпавыя ўстаноўкі. Былі ўзарваны будынкі станцый, масты праз рэкі, воданапорныя вежы, дзясяткі кіламетраў чыгуначнага палатна. Зарыва ад пажараў не згасала суткамі – амаль ва ўсіх населеных пунктах фашысты без разбору палілі дамы і гаспадарчыя пабудовы, здзекваліся з мясцовых жыхароў, мініравалі дарогі, вывозілі нарабаваную ў людзей маёмасць.

Наступленне

Наступленне савецкіх войск пачалося з боку Мікашэвіч. Праз густыя лясы і балотныя гушчары салдатам складана было перамяшчаць цяжкую зброю. Але, нягледзячы на гэта, нашы абаронцы паступова займалі ўсё новыя тэрыторыі. Насустрач арміі па тылах немцаў рухаліся байцы Пінскага партызанскага злучэння, якое ўзначальваў легендарны Васіль Захаравіч Корж (на здымку). Падпольны абкам партыі і камандаванне паставілі ім мэту – пазбавіць немцаў галоўнай артэрыі “перарэзаць” чыгунку. Народныя мсціўцы наносілі ўдары па гарнізонах станцый Люшча, Бастынь, Лобча. Выводзячы са строю асобныя ўчасткі шляхоў, яны прымушалі ворага частку сваіх сіл здымаць з абаронных рубяжоў і кідаць іх на абарону дарог і станцый. Яшчэ вялікай дапамогай служылі дакладныя звесткі мясцовай разведкі, аказанае падмацаванне жывой сілай і зброяй з ліку партызан. Аб’яднаўшы намаганні, вызваліцелям стала прасцей пераадольваць жорсткае супраціўленне фашыстаў, для якіх было важным утрымаць абарону буйнога чыгуначнага вузла.

Фот з раённага краязнаўчага музея

У бязлітасных баях вызвалены больш як дзясятак населеных пунктаў. Захопнікі невялікімі групамі пачалі адступаць у накірунку Лунінца. Вораг сустрэў чырвонаармейцаў моцным артылерыйскім агнём. У розных месцах былі ўстаноўлены кулямёты, пяхоту падтрымлівалі танкі. Вёскі Язвінкі, Яжаўкі, Вічын і Бродніца некалькі разоў “пераходзілі” з рук у рукі. Праціўнік пускаў у ход свае апошнія рэзервы – браняпоезд, мінную і падрыўную каманды.

Шчаслівая раніца

Пасля атакі ў ноч з 9 на 10 ліпеня горад назаўжды пазбавіўся ад прыгнёту нацыстаў. Гэта была першая мірная раніца на яго вуліцах, шчодра асветленая гарачым летнім сонцам. Па ўспамінах некалькіх відавочцаў, толькі тады яны заўважылі, якія прыгожыя світанні на роднай зямлі…

Лунінеччыну вызвалілі войскі 1-га Беларускага фронту ў ходзе наступлення ў Баранавіцка-Брэсцкім напрамку ў перыяд другога этапа аперацыі пад кодавай назвай “Баграціён”. У гэту знамянальную дату – 10 ліпеня 1944 года – у іх гонар у Маскве быў дадзены артылерыйскі салют, а Вярхоўным Галоўнакамандуючым усім удзельнікам аб’яўлена падзяка.

Людзі бязмежна радаваліся прыходу сваіх. Больш не палохалі цені лятаючых самалётаў, аддаляліся гукі кананад, збеглі фашысцкія прыслужнікі. Вера ў шчаслівае заўтра давала новыя сілы. Многім тады здавалася, што на гэтым перыядзе заканчваюцца ўсе пакуты, прынесеныя вайной.

Аднаўленне

Але горад ляжаў у руінах, у вёсках уцалелай засталася толькі малая частка жылля. На месцах каменных будынкаў узвышаўся друз з цэглы, жалезабетону і арматуры. На папялішчах драўляных дамоў адзінока бялелі коміны, самотна выглядалі абгарэлыя дрэвы. Цалкам былі разбураны вакзал, дэпо, воданапорная станцыя, пажарная вышка, клуб, школы, амбулаторыя, бальніца, райпрамкамбінат. Былі спалены 2699 дамоў і гаспадарчых пабудоў, тысячы людзей вымушана туліліся ў зямлянках. Палі ў большасці неапрацаваныя, незасеяныя, частка з іх – замініравана. 75 працэнтаў буйной рагатай жывёлы знішчана ці вывезена ў Германію. Нічога не засталося з маёмасці арганізаваных перад вайной калгасаў і машынна-трактарных станцый.

Упартасць і працавітасць дапамагалі людзям у прамым сэнсе адраджаць з попелу родную зямлю. Каля трох тысяч чалавек былі мабілізаваны на аднаўленне чыгуначнага вакзала і пуцей, што дазволіла ў паскораным тэмпе пусціць рух цягнікоў на фронт. Ужо восенню 1944 года сяляне раёна засеялі каля 10500 гектараў плошчаў. План па нарыхтоўцы збожжа перавыканалі.

Але мірным і спакойным той час назваць немагчыма. Арудавалі ўзброеныя банды марадзёраў, ворагаў савецкай улады з былых паліцаяў.

Тыя, хто не ўцёк

услед за фашыстамі, цяпер баяліся заслужанай кары за свае зверствы ў перыяд акупацыі, імкнуліся пазбегнуць пакарання, хаваючыся ў лясах і балотах. Аб’ядноўваліся ў вялікія атрады, учынялі разбоі. Барацьба з імі была цяжкай і крывавай, патрабавала немалых сіл. Народ знаходзіўся ў страху за жыццё сваіх блізкіх.

Жыхарка аг. Вулька 2 Таццяна ў свае 9 год ганяла праз лес карову на пашу. Аднойчы сярод зараснікаў убачыла трох няголеных мужчын са зброяй у руках. Яны ляжалі на зямлі, павярнуўшыся тварамі ў розныя бакі. Яе заўважылі, клацнулі затворы. Выратавала дзяўчынку ад смерці толькі тое, што адзін з бандытаў ведаў яе сям’ю, і, звярнуўшыся да сваіх памочнікаў, вымавіў: “Добра, няхай жыве. Калі каму раскажа, што нас бачыла, мы яе знойдзем і на гэтым дрэве падвесім. Скажы дзякуй, што твой баця мяне да вайны махоркай частаваў…”. Дрыжачую ад страху дзяўчынку адпусцілі. Яна доўга не магла супакоіцца, плакала, а пасля баялася хадзіць па тых мясцінах.

Новыя перажыванні

Вызваленне ад фашысцкага прыгнёту прынесла беларусам не толькі радасць, але і новыя перажыванні. Пачалася ўсеагульная воінская мабілізацыя, у ліпені-жніўні 1944 года прызвалі на фронт тысячы жыхароў Лунінеччыны. Не кожны з іх дажыў да пераможнага мая, бо наперадзе былі доўгія і цяжкія 10 месяцаў вайны. Жорсткія баі праходзілі на тэрыторыях розных дзяржаў: Польшчы, Чэхаславакіі, Аўстрыі, Венгрыі, Балгарыі… У кожнай краіне засталіся брацкія магілы, у якіх апошні прытулак знайшлі нашы землякі, якія загінулі ў бітвах з нацыстамі. Многа ўраджэнцаў горада і раёна пахаваны ў Германіі. На малой радзіме ўсе імёны ўвекавечаны на помніках і абелісках. Іх свяшчэнны подзвіг стаў прыкладам для новых пакаленняў. Тыя, каму па-шчасціла вярнуцца, аднаўлялі разбураную краіну. Стваралі калгасы, будавалі дамы, сеялі хлеб, закладвалі сады.

Паступова людзі вярталіся да мірнага жыцця…

78 год – сталы ўзрост для чалавека. Значны ён і для краіны, якая жыве гэты перыяд пад мірным сонцам. Толькі летнія навальніцы парушаюць спакой на вуліцах роднага горада. Але цёплы дождж, які суправаджае маланкі, дае гаючую вільгаць усяму жывому. Распускаюцца кветкі, спее збожжа, наліваюцца сокам яблыкі. “Кіпіць” жыццё, якое нашы землякі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны аддавалі ў імя шчаслівай будучыні сваіх нашчадкаў. Мы павінны памятаць пра іх і берагчы мір…

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть