«Нашы дзеці» Няхай жыве ў сэрцы дабрыня (Лунінецкі раён)
Новости районаОбщество

«Нашы дзеці» Няхай жыве ў сэрцы дабрыня (Лунінецкі раён)

Зімовыя канікулы для выхаванцаў дома сямейнага тыпу ў Велуце пачаліся з сустрэчы незвычайных гасцей. Да Ніны і Анатоля Арэхвы і шасці дзетак завіталі Дзед Мароз са Снягуркай, а таксама памочнік пракурора Вераніка Чарнавокая.

– Дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” праходзіць з 1995 года пад патранатам кіраўніка дзяржавы, – першай узяла слова Вераніка Анатольеўна. – Па добрай традыцыі работнікі пракуратуры наведваюць дзетак з няпростым жыццёвым лёсам, віншуюць са святамі і ўручаюць падарункі. Вельмі важна памятаць, што дабрыню ў сэрцах хлопчыкаў і дзяўчынак можна захаваць чулымі адносінамі выхавальнікаў, педагогаў і людзей, гатовых акружыць іх клопатам і ўвагай. У гэтыя чароўныя дні кожнае дзіця чакае цудаў, і задача дарослых – падарыць веру ў іх!

Прадстаўнік нагляднага ведамства пажадала вяскоўцам моцнага здароўя, поспехаў у вучобе і рэалізацыі ў будучым. А бацькам падзякавала за іх цярпенне, мудрасць і цеплыню, якой шчодра адорваюць сваіх выхаванцаў. Неўзабаве позіркі Ігара Мароза, Кірыла Конарава, Станіслава Каховіча, Аляксандры Клімовіч і Верачкі Арэхва спыніліся на галоўных навагодніх персанажах. Шчырае вітанне падрыхтавалі Дзед Мароз і Снягурка, якіх дзеці парадавалі вершамі. У адказ з чырвонага мяха дзядуля дастаў салодкія пачастункі і фрукты, падрыхтаваныя калектывам пракуратуры Лунінецкага раёна.

– Ігар вучыцца ў 10 класе, – расказала матуля-выхавальніца. – Кірыл – у дзявятым, Стас – у пятым. Хлопчыкі захапляюцца баскетболам і футболам. Сёлета ўпершыню сеў за школьную парту Сярожа. А маленькія Сашка і Вера наведваюць дзіцячы сад.

Дарэчы, у 2023-ім споўніцца 10 год, як Ніна Іванаўна і Анатоль Васільевіч займелі статус прыёмнай сям’і. Яшчэ праз год Арэхвы адзначаць такі ж юбілей стварэння дома сямейнага тыпу. За гэты час у яго паявіліся і выпускнікі. Так, Максім Мароз працуе ў Мінску. Ганна Свірская вучыцца на апошнім курсе ў Брэсцкім універсітэце імя А.С. Пушкіна. Прафесію цырульніка атрымала ў Гомелі Вікторыя Ільіч. Стаў студэнтам і Васіль Шэўчык, у будучым ён – будаўнік. Магчыма, навагоднія святы збяруць іх вялікую сям’ю разам. І кожнаму тут абавязкова ўсміхнуцца і сагрэюць сардэчнай цеплынёй.

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть