«Наступны год павінен стаць пераломным…»
Общество

«Наступны год павінен стаць пераломным…»

pachko

У старшыні райвыканкама Аляксандра ПАЧКО адказ на гэтае пытанне дакладны і ўпэўнены:

– Для тых, хто працуе на зямлі, работа не заканчваецца ніколі. Гэта толькі недасведчаны чалавек можа лічыць, што зіма дае сельгаснікам перадышку. На самай справе менавіта позняй восенню і ўзімку ў аграрным сектары асабліва бачны і дасягненні, і промахі. Не могуць задаволіць аграрыяў раёна вынікі работы ў раслінаводстве. Сёлета хлебаробы не дабралі 11 тысяч тон збожжа да ўзроўню мінулага года. Гэты недабор не атрымалася кампенсаваць за кошт зерня кукурузы. А вось корманарыхтоўчы канвеер працаваў без збояў. У паўтара раза ў параўнанні з леташнім нарыхтавана больш сіласу, на трэць – сенажу. Травяністых кармоў у разліку на ўмоўную галаву назапашана 27,6 цэнтнера кармавых адзінак, што амаль на 10 цэнтнераў кармавых азінак больш, чым у мінулым годзе. Такая акалічнасць дае падставы спадзявацца, што станоўчыя зрухі ў жывёлагадоўлі ўдасца не толькі захаваць, але і прымножыць.

– Наколькі важкія гэтыя зрухі?

– Прыкметныя, калі ўлічыць, што аб’ёмы валавай вытворчасці малака павялічаны ва ўсіх гаспадарках. Летась у надоях на карову ўдалося ўзяць планку ў 3 тысячы 800 кілаграмаў, сёлета павінны выйсці на паказчык у 4 тысячы 280, а на будучы год запланавана атрымаць у сярэднім ад каровы не менш як 4 тысячы 800 кілаграмаў малака. Сур’ёзны крок наперад зроблены ў паляпшэнні яго якасці. На перапрацоўку ідзе практычна высокагатунковы прадукт: сортам “экстра плюс вышэйшы” яго рэалізавана амаль 80 працэнтаў. У выніку на 17 працэнтаў павялічылася выручка ад продажу. Аднак гэтага недастаткова. Для таго, каб адчуваць сябе больш-менш упэўнена, трэба ўжо зараз прадаваць за год не менш як 75 тысяч тон малака, давесці яго таварнасць да 92-ух. Малако – гэта наша трывалае сёння і ўпэўненае – заўтра, бо менавіта тут – крыніца эканамічнай ста-більнасці гаспадарак і, у канчатковым выніку, росту заробкаў. Рэзерваў, каб зрабіць гэтую крыніцу больш шчодрай, мноства. Павялічваць рэнтабельнасць ад рэалізацыі, кантраляваць расход кармоў у разліку на цэнтнер прадукцыі, клапаціцца пра большую  шчыльнасць жывёлы на 100 гектараў сельгасугоддзяў…

– І ўсё ж заробкі ў аграпрамысловым сектары пакідаюць жадаць лепшага. Ці справядліва гэта?

– Можа і несправядліва, ведаючы, што працаваць у сельскай гаспадарцы вельмі няпроста. І ўсё ж вымушаны ў чарговы раз пад-крэсліць, што зарабляем так, як працуем.  Сёння сярэдняя заработная плата ў аграпраме раёна крыху большая за 442 рублі.                             Удзельная вага фонду аплаты працы ў выручцы ад рэалізаванай прадукцыі  – 25,5 працэнта. Гэта гранічная лічба і павялічваць яе нельга, інакш апынемся  на шляху ў нікуды. Дзе выйсце? Працаваць. Дае аддачу жывёлагадоўля –  значыць, трэба нарошчваць пагалоўе кароў, займацца адкормам буйной рагатай жывёлы. А інакш нельга.

– Ці задавольвае аддача ад новых і рэканструяваных малочнатаварных фермаў?

– Не заўсёды. Прыкметна большымі маглі б быць надоі на комплексах (назаву іх так) у “Гарадоцкім”, “Сінкевіцкім”,  “Вулькаўскім світанку” ды і ў іншых гаспадарках, дзе фермы аснашчаны найноўшым абсталяваннем, і ёсць усе ўмовы для таго, каб атрымліваць ад каровы ў год не менш як 6 тысяч кілаграмаў малака. У нас да гэтай лічбы пакуль рэальна можа наблізіцца хіба толькі філіял “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі малочны завод”, а павінны зрабіць гэта ўсе. Самае крыўднае, што найпершая прычына такога становішча – невыкананне тэхналогіі. Гэта ж датычыць і вырошчвання цялушак для аднаўлення статка. Ня-многія  гаспадаркі ў раёне могуць пахваліцца больш-менш стабільнымі сярэднясутачнымі прывагамі “будучага папаўнення”, хаця спецыялісты паўсюдна разумеюць, што кароўку трэба гадаваць ад нараджэння, не дапускаць страты ў наборы вагі, дабіваючыся своечасовага сталення жывёліны і ў далейшым – больш працяглага прадуктыўнага перыяду.

– Аляксандр Мікалаевіч, не так даўно ў рэспубліканскіх сродках масавай інфармацыі былі апублікаваны звесткі пра сельгасарганізацыі, якія знаходзяцца на мяжы банкруцтва. У нашым раёне такія ёсць?

– Пяць устойліва неплацёжа-здольных гаспадарак Лунінеччыны трапілі ў гэты сумны спіс. Дзяржаўнае прадпрыемства “Чучавічы” знаходзіцца, на так званым, дасудовым аздараўленні, дзяржаўныя прадпрыемствы “Азярніца”, “Дзятлавіцкі”, СВК “Дварэцкі” і КУП “Міжлескае” праходзяць працэдуру санацыі. Законам прадугледжаны шэраг прэферэнцый, якія на працягу пэўнага часу павінны будуць паказаць, ці здольныя калектывы выбрацца з крызісу. Навучаюцца антыкрызісныя ўпраўляючыя. Яны – выхадцы з нашага раёна, ведаюць сітуацыю, што называецца, знутры. Час пакажа, ці ёсць у названых гаспадарак будучае. Не сумняваюся, што для гэтых, ды і для ўсіх астатніх сельскагаспадарчых арганізацый Лунінеччыны будучы год павінен стаць пераломным, у пэўным сэнсе нават лёсавызначальным. Урэшце, многае – у нашых руках.

На Лунінеччыне нямала годных працаўнікоў, якія аднойчы і назаўсёды выбралі для сябе няпростую справу вырошчваць хлеб, даглядаць жывёлу, даіць кароў… Яны не ведаюць высокіх слоў, а проста старанна выконваюць сваю справу. На іх – нашы спадзяванні, ім – удзячнасць і паклон.

Цёплыя словы віншаванняў з надыходзячым святам – ветэранам сельскагаспадарчай вытворчасці. Іх маладосць засталася ў мінулым, але вопыт і бяспрыкладная адданасць роднай зямлі запатрабаваны і сёння, застаючыся сапраўдным узорам працоўнай мужнасці. Так, праблем у сельскай гаспадарцы нямала. Але калі аграрнікам было лёгка? Таму – здароўя ўсім, цяпла – ад прыроды і блізкіх, дабрабыту – у дамах, узаемаразумення – у сем’ях. Са святам!



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть