Наваселле ў медыкаў і пацыентаў
Общество

Наваселле ў медыкаў і пацыентаў

З панядзелка, 8 красавіка, жаночая кансультацыя, а яшчэ праз тыдзень – 15 красавіка – педыятрычнае аддзяленне раённай паліклінікі атрымаюць новую прапіску. З гэтага часу яны пераедуць у капітальна адрамантаваны будынак Залескай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі (АУАП). У Лунінцы ўстанова знаходзіцца па адрасе завулак Бальнічны,4.

Нельга сказаць, што рашэнне было прынята аднамомантна: яно аказалася выпакутаваным, але эканамічна абгрунтаваным і жыццёва неабходным. Можна сказаць, што яго прадыктаваў час: раённая паліклініка даўно цярпела ад “перанаселенасці”, а плошчы, якія займалі жаночая і дзіцячая кансультацыі проста не адпавядалі шматлікім, у тым ліку і санітарным, патрабаванням. Што атрымалі на справе? З гэтым пытаннем звярнуліся да загадчыцы раённай паліклінікі Людмілы Елізавай:

Час не стаіць на месцы. На шчасце, у нашым выпадку ўсё мяняецца да лепшага. Думаю, моладзь Лунінеччыны і не памятае ўжо, што жаночая кансультацыя месцілася ў старым, ледзь прыстасаваным для медыцынскіх мэтаў, драўляным будынку на вуліцы 17 верасня. З уводам у строй раённай паліклінікі пад кансультацыю выдзелілі 5 кабінетаў на першым паверсе. Тады гэта здавалася шыкоўнай дабротай. Так яно і было. Але з развіццём сферы аховы здароўя паяўлялася новае абсталяванне, для работы на ім прыязджалі спецыялісты, больш строгімі станавіліся патрабаванні да арганізацыі прыёму пацыентаў. Многія ўрачы вымушаны былі дзяліць паміж сабой адзін і той жа кабінет, што стварала дадатковыя нязручнасці не толькі для медыкаў, але і для тых, хто ішоў да іх за дапамогай. Перш за ўсё, вымушаны былі ўводзіць абмежаванні часу прыёму пацыентаў.
Прыкладна такая ж сітуацыя была і ў педыятрычным аддзяленні нашай паліклінікі. Каля кабінетаў (а іх было ўсяго 8) у невялікім крыле на другім паверсе будынка ўвесь час можна было назіраць чэргі. Практычна не ішла размова пра размежаванне патокаў хворых не толькі дзяцей, але і дарослых.
Скажу шчыра: ідэя перавесці на Залессе жаночую кансультацыю і педыятрычнае аддзяленне ўзнікла не адразу, разглядаліся іншыя варыянты. Аднак гэты падаўся найбольш правільным: падраздзяленні медыцынскай установы пераходзяць у будынак, які першапачаткова, што вельмі важна, прызначаўся менавіта для гэтых мэтаў. Вядома, для таго, каб прывесці яго ў належны выгляд, з раённага бюджэту выдаткаваны велізарныя сродкі., але ўсё таго варта. У Залескай АУАП дзіцячае аддзяленне будзе займаць першы і другі паверхі. Колькасць кабінетаў і тут, і ў жаночай кансультацыі павялічыцца прыкладна ў 2,5 раза. Акрамя педыятраў, будуць працаваць вузкія спецыялісты – неўролаг, афтальмолаг, псіхіятр, траўматолаг, эндакрынолаг, отарыналарынголаг. Гэтыя ж урачы будуць прымаць і цяжарных жанчын. У дадатак тройчы на тыдзень кансультацыі будучым матулям прапануе тэрапеўт.

– Ці можна будзе ў Залескай амбулаторыі прайсці усе неабходныя абследаванні? Перш за ўсё, маю на ўвазе электракардыяграфічнае абследаванне і аналізы.

Безумоўна. Там будуць выконвацца ўсе лабараторныя аналізы, можна зрабіць электракардыяграму, іншыя неабходныя медыцынскія маніпуляцыі. Абсталяваны асобныя сучасныя кабінеты для правядзення фізіятэрапеўтычнага лячэння, масажу, заняткаў лячэбнай фізкультурай. Дарэчы, фізіятэрапеўтычнае аддзяленне па-ранейшаму будзе працаваць і ў раённай паліклініцы. Для зручнасці пацыентаў сюды з Залескай амбулаторыі, пачынаючы з 8 красавіка, поўнасцю перавядзем дзённы стацыянар. Рэнтгенфлюараграфічнае абследаванне, як і раней, праводзіцца ў раённай паліклініцы і цэнтральнай раённай бальніцы, якая знаходзіцца там жа, на Залессі.

– Што размесціцца на вызваленых плошчах раённай паліклінікі?

У сувязі з тым, што дарослае насельніцтва, якое абслугоўвалася ў Залескай АУАП, з 15 красавіка будзе пераведзена ў раённую паліклініку, пасля рамонту ўсе вызваліўшыеся кабінеты будуць аддадзены ўрачам агульнай практыкі. З нядаўняга часу менавіта такі статус набылі тэрапеўты. Цяпер у кожным з кабінетаў у строга вызначаны час будуць прымаць хворых урач агульнай практыкі, яго памочнік і медыцынская сястра. Станоўчым лічу той факт, што павялічыцца час, прадугледжаны для прыёма аднаго пацыента. Дадам, што тут па-ранейшаму будзе працаваць фізіятэрапеўтычнае аддзяленне.

– Яшчэ адно пытанне, якое вельмі хвалюе жыхароў горада. Ці можна будзе з малышом у выпадку экстраннай неабходнасці звяртацца ў раённую паліклініку па старым адрасе?

Да ўрачоў вузкіх спецыялістаў па неадкладных паказаннях, вядома ж, можна звяртацца ў раённую паліклініку.

Своеасаблівым камнем спатыкнення пры прыняцці рашэння аб пераводзе жаночай кансультацыі і педыятрычнага аддзялення ў будынак Залескай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі стала транспартная праблема. Што зроблена з тым, каб дапамагчы пацыентам без перашкод і цяжкасцей дабрацца да медыцынскай установы? Адказвае дырэктар філіяла “Аўтамабільны парк №10 г. Лунінца” ААТ “Брэстаблаўтатранс” Сяргей Кіндрук:

У дадатак да ўжо існуючага аўтобуснага маршрута №5, які курсіруе ў гэтым напрамку, з 8 красавіка ўводзіцца новы гарадскі аўтобусны маршрут №8. Ён звяжа чыгуначны вакзал з Залескай АУАП. Ужо распрацаваны новы расклад руху абодвух аўтобусаў. Спадзяемся, ён будзе зручным для пасажыраў.

Таццяна Вайцяхоўская.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть