Новости районаОбщество

Навошта казе баян?

Не адкрыю вялікага сакрэту, калі скажу, што адна з найбольш адчувальных праблем рэчаіснасці – стан вуліц і дарог. Пераканаўча сведчаць пра гэта звароты ў розныя інстанцыі і тэлефанаванні нашых землякоў на шматлікія «Прамыя лініі», якія праводзяць чыноўнікі самых розных рангаў. Добраўпарадкаванне па-сёння пераважае ў статыстыцы скаргаў і застаецца ледзь не галоўным клопатам улад.

Як толькі растае снег, на вуліцах паяўляецца спецыяльная тэхніка. Ідзе актыўны рамонт асфальтавага пакрыцця і тратуарных дарожак, падсыпка і прафіляванне вуліц, грэйдзіраванне праезнай часткі, абнаўляецца дарожная разметка, рамантуецца агароджа, выса-джваюцца дрэвы і кустарнікі, уладкоўваюцца гожыя кветнікі… Словам, робіцца ўсё для таго, каб нам з вамі было камфортна, утульна і, галоўнае, бяспечна.

Як правіла, плануюцца работы загадзя. Вялікага сакрэту з гэтага не робіцца, а пры абмеркаванні раённага бюджэту на чарговы год дакладна вывяраюцца сумы, якія запатрабуе той ці іншы радок расходаў на прыгажосць і зручнасць. Так, сёлета на добраўпарадкаванне Лунінца і Мікашэвіч мяркуецца выдаткаваць 971,5 тысячы рублёў. Пры гэтым бягучае ўтрыманне санітарнага стану сельскіх населеных пунктаў ідзе асобным радком.

Зразумела, бяздумна траціць грошы ніхто не будзе, таму кожны з аб’ектаў, перш чым трапіць у праграму добраўпарадкавання, праходзіць шматступеньчатае абмеркаванне. Іншы раз уносяцца карэктывы, якія дыктуе час. Прыкладна так было з вуліцай Францыска Скарыны ў Мікашэвічах. Працягласць яе 1400 метраў. Большая частка мае асфальтавае пакрыццё. Аднак параўнаўча невялікі адрэзак дагэтуль застаецца, так бы мовіць, у гравійным выкананні.

Вуліца вядзе ў зону актыўнай шматпавярховай забудовы. Вось і зараз там узводзіцца 72-кватэрны жылы дом. Якім бы якасным ні было асфальтавае пакрыццё, пры актыўным выкарыстанні (у тым ліку і для руху будаўнічай тэхнікі), яно прыйдзе ў непрыгоднасць. Камунальнікі гэта разумеюць, таму стараюцца падтрымліваць праезную частку ў больш-менш прыдатным выглядзе і стане.

Складаней з гравійкай. Новы асфальт – задавальненне нятаннае. Тым не менш, сёлета было прынята рашэнне вуліцу Францыска Скарыны добраўпарадкаваць, ліквідаваўшы адначасова гравійна-пясчаную пляму. На месца неаднаразова выяз-джалі спецыялісты. Неўзабаве было вырашана прыступіць да вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі…

Хутчэй за ўсё, менавіта адзін з такіх нядаўніх прыездаў і зафіксаваў мясцовы “актывіст ад народа”. Няхітры расклад – і “змагар за праўду” зразумеў, што на гэтай справе, кажучы сучаснай мовай, можна хайпануць, бо аўтарытэт мясцовых няўрымслівых апошнім часам добра-такі пахіснуўся.

Дзейнічаў па даўно ад-працаванай методзе. Даведаўшыся, што тая ці іншая праблема знаходзіцца на стадыі вырашэння, пачынаў актыўна бударажыць грамадскасць, каб пазней даводзіць землякам: “Гэта ж толькі дзякуючы мне ўсё зрушылася з мёртвай кропкі!”.

Прыкладна так было і на гэты раз. “Актывіст” хуценька пайшоў у народ з немудрагелістым зваротам да ўлад: маўляў, хутчэй давайце асфальтаваць вуліцу Францыска Скарыны! Больш як два дзясяткі чалавек ліст падпісалі: хто ж будзе супраць такой добрай справы? Вось толькі, здагадваюся, нямногія з іх ведалі, што ўлады праблему трымаюць на кантролі, і рашэнне па названай вуліцы на той момант ужо было прынята.

Да таго ж, працаваць на-дзеленыя паўнамоцтвамі і магчымасцямі людзі будуць не па ўказцы гэтага аднаго асобна ўзятага “ваяра” за справядлівасць, а так, як прадпісвае падмацаваны законам алгарытм дзеянняў. Спачатку – праектна-каштарысная дакументацыя з дакладным вызначэннем фронту работ і іх кошту, і толькі потым – сама рэканструкцыя. А значыць, добрая справа – не імгненная справа. Мяркуецца, што новая асфальтаванка паявіцца ў Мікашэвічах не раней, чым у наступным годзе.

Дарэчы, пільнай увагі ў маладым горадзе ўдастоілася не толькі названая вуліца. Ужо зроблены ямкавы рамонт на Ленінскай, Школьнай, Садовай, Маладзёжнай, Чыгуначнай… У агульнай складанасці – прыкладна 580 квадратных метраў. Прагрэйдзіравана амаль 15 кіламетраў вуліц у 6-ым, 10-ым і 12-ым мікрараёнах, выканана мноства іншых работ, якія дапамогуць старажытным Мікашэвічам захаваць сваю адметнасць, умацаваўшы статус сучаснага горада.

“Але ж чаму вядомае ў народзе выслоўе вынесена ў назву артыкула?” – спытае ўважлівы чытач. Нічога дзіўнага. У ролі казы сёння выступае ініцыятар звароту – адзін з мікашэвіцкіх “актывістаў”. Ён, як і той вельмі папулярны ў народзе жывёльны персанаж, на баяне іграць не ўмее, але інструмент да сябе цягне: “парыпаць”, хвалю ўзняць ды чужыя заслугі сабе прысвоіць.

Вось толькі хвалі не атрымалася, так сабе – лёгкая рабізна, якая без сляда знікла на спакойнай гладзі размеранага гарадскога побыту.

Святлана МІХАЛЬЧЫК.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть