Общество

“…Нету никаких проблем, КРОМЕ ДИВНЫХ ХРИЗАНТЕМ», –

амаль так спявае папулярны выканаўца. Гэтыя кветкі называе любімымі загадчыца паліклінікі Людміла Нічыпараўна ЕЛІЗАВА, якая адзначыла прыгожы юбілей. Пажадаем, каб падобна песеннай, вырашаліся і іншыя праблемы ў прывабнай жанчыны, адказваючай за важны ўчастак аховы здароўя раёна. 

– Прафесія людзей у белым халаце стала ажыццяўленнем мары дзяцінства?
– Хутчэй – не. З сяброўкамі гулялі ў розныя гульні. І ў школу – педагогам была мама, і ў бальніцу – медыкам працавала суседка. Мэтанакіравана да будучай прафесіі пачала рыхтавацца толькі ў выпускных класах, калі брат Аляксей, старэйшы на 4 гады, быў студэнтам медінстытута. Цяпер ён хірург у Брэсце.
– Закончыўшы ў 1987-ым тую ж ВНУ ў Гродна, размеркаваліся…
– …у родны Лунінец. Каштоўны вопыт перадавалі многія акушэркі. У той час менавіта яны дзяжурылі па начах і прымалі роды. Светлая памяць Валянціне Міхайлаўне Лабачэўскай… Найлепшыя пажаданні Кацярыне Яфрэмаўне Рыбалкінай, Яўгеніі Сямёнаўне Кіпцэвіч і Тамары Савельеўне Койка! Настаўнікам у прафесіі стаў, перш-наперш, Станіслаў Станіслававіч Туркоўскі. Яго словы аб тым, што трэба не спадзявацца на чыйсьці вопыт, а вучыцца прымаць рашэнні самастойна, – гэта ўрок на ўсё жыццё.
– Відавочна, хтосьці з тагачасных урачоў – дагэтуль калегі?
– Неаспрэчным аўтарытэтам для маладога спецыяліста былі Наталля Паўлаўна Шумская і Галіна Канстанцінаўна Драніч, з якімі і цяпер працую. Змяніла месца жыхарства Ларыса Адамаўна Байчук. Дарэчы, прыкладна на працягу трох год пачыналі ў Лунінцы, акрамя мяне, яшчэ Ірына Мікалаеўна Міралюбава і Рыма Зінораўна Шаўчэнка. Прыехалі – і засталіся. 
– Сфера аховы здароўя багатая на ўрачэбныя дынастыі…
– Гэта не датычыць маёй сям’і. У раёне не хапала акушэр-гінеколагаў, працавалі на 1,5 стаўкі. У кожнага са спецыялістаў было па 8-9 начных дзяжурстваў у месяц. З ночы даводзілася ісці і весці прыём. Былі падпарадкаваны рэжыму працы, не зважаючы на чырвоныя лісткі календара. Гэта і адштурхнула ад медыцыны старэйшую дачку, якая заявіла, што святы хоча праводзіць дома. Сёлета закончыла БДУ па спецыяльнасці эканаміст-менеджар, працуе ў Мінску.
– Калі прапанавалі загадваць паліклінікай, чыя думка для вас была самай пераканаўчай?
– Так сталася, што з дзяцінства вызначалася актыўнай грамадскай пазі-цыяй. У школе – у савеце дружыны, у інстытуце – стараста патока… Першапачаткова разгубілася. Ларыса Георгіеўна Вершаловіч – недасягальны аўтарытэт як прафесіянал і чалавек: справядлівы, аб’ектыўны, сумленны. Яна абяцала дапамагаць. І сапраўды заўсёды была на сувязі, калі мела патрэбу ў кампетэнтнай парадзе. Дагэтуль застаецца “сваёй” у нашым калектыве, за што ўсе вельмі ўдзячны парламентарыю… Асноўнай жа была пазіцыя мужа. У 2005-ым, перад прызначэннем загадчыкам, нашай Вікторыі было 15, а Аляксандры – толькі 5 год. Вызваліў ад многіх хатніх абавязкаў, забяспечыў надзейнасць тылу.            
– Настрой дня нараджэння для вас – вясёлы ці з кропляй суму?
– Штодня і асабліва ў святы не хапае таты… Я і мая сястра, Тамара Нічыпараўна Патурай, – вельмі дамашнія дзеці. Больш таго – татавы дочкі. Мама аддавала сябе рабоце, нават калі была дома – правярала вучнёўскія сшыткі. Як бачыце, гэта ж уласціва і маёй сям’і. І мне застаецца толькі канстатаваць, што сваімі дзявочымі сакрэтамі дочкі падзеляцца хутчэй з татам, чым з мамай.
– Што лічыце здабыткам апошняга часу ў паліклініцы?
– Інфарматызацыю рэ-гістратуры. Цяпер талон на прыём да спецыяліста папярэдне можна заказаць па тэлефоне, не ствараючы чэргі каля кабінетаў. Другі этап – заказ праз інтэрнет. Апаратурай забяспечаны ўжо, засталася яе наладка і навучанне персаналу. Станоўчых зрухаў дачакаліся ў кадравай праблеме. Са жніўня ў нас працуюць тры лор-урачы! Марым аб папаўненні і хірургамі.
– Лепшыя падарункі да юбілею – гэта…
– Каб была здаровая мама… Напярэдадні ў Гродна адсвяткавалі 25-годдзе заканчэння інстытута – сапраўдная сустрэча з маладосцю. У чарговыя выхадныя буду мець магчымасць выказаць         удзячнасць за зладжаную працу калектыву і калегам. Найлепшае свята, не толькі дзень нараджэння, – у коле сям’і. Па традыцыі ўсе збіраемся ў бацькоўскім доме. Калі ж удаецца пагуляць у лесе, лічу сябе вельмі шчаслівым чалавекам.
Гутарыла Таццяна КАНАПАЦКАЯ.  
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть