Новае аблічча старой вуліцы
Общество

Новае аблічча старой вуліцы

IMG_7128

Ад 40 да 50 чалавек у дзень задзейнічаны на рэканструкцыі вуліцы Гагарына ў Лунінцы.

Згодна з праектна-каштарыснай дакументацыяй, работы плануецца правесці на 2-кіламетровым участку ад дзіцячага прытулка да перакрыжавання з вуліцай Суворава.

Начальнік ДРБУ-101 Аляксандр Трухноў паведаміў, што зараз ідзе падрыхтоўчы працэс. На ўстаноўцы бардзюрнага каменю, агульная працягласць якога складзе 6,5 кіламетра, задзейнічаны брыгады ДРБУ-101, ПМК-7 і ПМК-19. КУП “Водаканал” актыўна вядзе работы па пракладцы ліўневай каналізацыі. Сувязісты задзейнічаны на ўсталяванні сетак сувязі.

– Прасцей было б праводзіць рэканструкцыю, перакрыўшы вуліцу і спыніўшы рух аўтатранспарту, – кажа Аляксандр Мікалаевіч. – Аднак, разумеем, што тут жылы сектар, і гэта створыць нязручнасць для грамадзян. Таму стараемся працаваць так, каб заставаліся аб’язныя шляхі. На заключным этапе правядзем асфальтаванне і добраўпарадкаванне вуліцы. Усе работы плануем завяршыць да канца верасня гэтага года.

Рухаючыся па вуліцы, заўважаю, што старое асфальтабетоннае пакрыццё знята.

– Нягледзячы на тое, што яно адслужыла свой тэрмін, мы знайшлі яму прымяненне, – працягвае размову Аляксандр Трухноў і просіць вадзіцеля праехаць па вуліцах, што прымыкаюць да Гагарына.

Так, на вуліцы Горкага засыпалі вялікую яміну, якая большую частку года была запоўнена вадой. Прыдатным для праезду стаў і завулак Калгасны. Трэба заўважыць, што дарожнікі не проста засыпалі яміны, а ўтрамбавалі будаўнічы матэрыял асфальтаўкладчыкам.

Будаўнікі знялі не толькі стары асфальт, але і новы, што на перакрыжаванні вуліц Энергетыкаў, Калінковіча і Гагарына. Гэта выклікала незадаволенасць мясцовых жыхароў.

– На названым участку праектам прадугледжана будаўніцтва ліўневай каналізацыі, – пракаменціраваў кіраўнік ДРБУ-101. – Гэта робіцца для таго, каб выключыць тут падтапленне. Да таго ж, перакрыжаванне будзе цалкам перабудавана ў адпаведнасці з дзеючымі нормамі, у тым ліку дзеля бяспекі дарожнага руху.
Просьба да лунінчан – на час правядзення рэканструкцыі абмежаваць рух па вуліцы Гагарына.

IMG_7141



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть