Новае жыццё — старым сістэмам
Общество

Новае жыццё — старым сістэмам

ПОМС

Працягваецца другая чарга рэканструкцыі меліярацыйнай сістэмы Палескай станцыі.

Работы вядуцца на ўчастку, які быў асушаны ў 1963 годзе, і цяпер страціў сваю першапачатковую прадукцыйнасць. У заняпад прыйшлі многія збудаванні, хмызняком і чаротам зацягну-ла шматлікія каналы. Згодна з праектнай дакументацыяй, а яна падрыхтавана на падставе распрацовак вучоных станцыі, меліярацыйная сістэма будзе адноўлена на плошчы 387 гектараў. Адкрытая асушальная сетка працягнецца на больш як 15 кіламетраў,  закрытая – на 17,76  кіламетра. Адна труба-рэгулятар будзе адноўлена, другая – пабудавана, як і 9 новых пераездаў. Прадугледжаны вялікі аб’ём экскаватарных і бульдозерных работ. Так, экскаватаршчыкам неабходна будзе дастаць на паверхню 128,8 тысячы кубічных метраў грунту, бульдазерыстам разраўняць150,1 тысячы кубічных метраў яго. Агульны кошт рэканструкцыі складзе 6 мільярдаў 685 мільёнаў рублёў. Акупіць іх плануецца за 5 з паловай год.

Як расказаў намеснік дырэктара Палескай станцыі па навуцы Мікалай Аўраменка, аб’ект няпросты: перапады паверхні палёў месцамі дасягаюць 1,5 метра, таму вельмі важна аднавіць сцёк. Выпраўляцца гэта будзе з дапамогай пракладкі выбарачнага дрэнажу на паніжэннях.

У пачатку лістапада да рэканструкцыі аб’екта прыступілі меліяратары ПМК-59. За няпоўныя 1,5 месяца работы ўчастак значна пераўтварыўся. Пад каўшамі экскаватараў і лапатамі бульдозераў каналы набываюць раўнюткія берагі, а ў рэчышчах пераліваецца вада. Працуе тут брыгада з 21 чалавека пад кіраўніцтвам майстроў Мікалая Якаўца і Аляксандра Бусько.

ПОМС 3

Мікалай Уладзіміравіч паведаміў, што за гэты час на аб’екце асвоілі 1 мільярд 900 мільёнаў рублёў. Экскаватаршчыкі дасталі на паверхню з каналаў 60 тысяч кубічных метраў грунту, бульдазерысты разраўнялі яго 30 тысяч кубічных метраў, паклалі 4,5 кіламетра дрэнажу, аднавілі 1 трубу-рэгулятар, 5 труб-пераездаў, вывезлі 400 тон драўнінна-хмызняковай расліннасці. Практычна штодзень адначасова працуюць па 5 экскаватараў і столькі ж бульдозераў. Тэхніка новая, высокапрадукцыйная. Большасць работнікаў – людзі вопытныя і старанныя. Так экскаватаршчык з 10-гадовым стажам Сяргей ЦЯЛЬПУК за месяц работы на ўчастку дастаў больш як 30 тысяч кубічных метраў грунту.

ПОМС 2

Выдатна спраўляюцца з даручанымі  заданнямі экскаватаршчыкі Аляксандр Калянковіч і Мікалай Барысевіч. На будаўніцтве гідратэхнічных збудаванняў вызначаюцца таксама Аляксандр Якавец і Ігар Андрэйкавец. З 1984 года працуе ў ПМК-59 бульдазерыст Мікалай ТУПЕКА.

ПОМС 4

Мікалай Аўраменка, пад пільнай увагай якога вядзецца рэканструкцыя, нагадаў меліяратарам, што яны павінны будуць управіцца на большасці плошчаў да пачатку веснавой сяўбы. Асаблівую ўвагу ён папрасіў звярнуць на адзін з участкаў, дзе вядуцца даследаванні па глыбокаму ворыву і пасеву траў. Тут меліяратары павінны быць вельмі асцярожнымі, каб не парушыць наяўнае і не загубіць старанні навукоўцаў.

Галіна Кучэйка

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть