Общество

НОВЫ АБ’ЕКТ, НОВЫЯ МАГЧЫМАСЦІ

У сярэдзіне тыдня спецыяльная камісія падпісала Дзяржаўны акт аб уводзе ў эксплуатацыю сучаснага заправачнага комплексу непадалёк ад скрыжавання аўтамабільных дарог Мікашэвічы-Мінск і Брэст-Гомель.
– Будаўніцтва прадыктавана неабходнасцю. Дзейнічая запраўка не адпавядае ніякім нормам, рэзервуарны парк зношаны, а месца размяшчэння не вельмі зручнае, – распавядае начальнік цэха АЗС і ПТА пінскага філіяла РУП “Беларуснафта-Брэстаблнафтапрадукт” Валянцін КАНДРАЦЮК. – Таму замест капітальнай рэканструкцыі стала мэтазгодней узвесці новую АЗС прама на трасе. Яна абыйшлася галаўному прадпрыемству звыш 5,5 мільярдаў рублёў. Будаўніча-мантажныя работы былі ў вядзенні падрадчыка – ТАА “Белбудтрансгаз-Хабау”.
Новабудоўля – гэта, у першую чаргу, тры двуххваставыя раздатачныя калонкі, пры чым адна з іх абсталявана хуткасным пісталетам для запраўкі магутных цягачоў. Акрамя стандартных відаў – дызеля, прапана, нармаль-80, АІ -92 і 95, тут можна будзе папоўніць аўтамабільныя бакі абсалютна новым для Лунінеччыны палівам – дызельным з 5% біададаткамі.
– Сёння ў рэзерве застаўся яшчэ адзін пусты рэзервуар. Яго плануецца запоўніць зверхачышчаным дызельным палівам, вытворчасць якога цяпер наладжваецца ў рэспубліцы.
Думаецца, наведвальнікам прыйдуцца па душы і дадатковыя паслугі: бясплатная падкачка і арэнда аўтамабільнага пыласоса за 130 рублёў у хвіліну. А яшчэ – кафэтэрый і кругласутачная крама, сумешчаная з аператарскай. Зрэшты, уладальнікі аўтазаправачнага комплексу паклапаціліся не толькі аб кліентах, але і аб бяспецы і камфорце абслуговага персанала. Аб гэта сведчаць амаль два дзясятка камер відэаназірання, утульная распранальня, абсталяваны ўсёй неабходнай тэхнікай пакой прыёму ежы, санітарна-гігіенічныя памяшканні. Дарэчы, для якаснага і бесперабойнага функцыявання комплекса ўжо створана 9 новых процоўных мест. І гэтя яшчэ не мяжа.
Хоць галоўны дакумент ужо падпісаны, наваселле адбудзецца некалькі пазней: пакуль новая АЗС пінскага філіяла РУП “Беларуснафта-Брэстаблнафтапрадукт” не атрымае ліцэнзаванне: гэты працэс займе ад двух тыдняў да некалькі месяцаў у залежнасці ад віда паліва. Таму ў энергетыкаў ёсць у запасе час максімальна падрыхтавацца да афіцыйнага адкрыцця.

Наталля ЛЯЛЮК.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть