Общество

НОВЫ НАПРАМАК ДЗЕЙНАСЦІ КААПЕРАТАРАЎ

Можна сказаць, што ў Лунінцы паявілася яшчэ адна “візітоўка” – новая станцыя тэхнічнага абслугоўвання, якая 1 снежня пачала сваю работу.

Яркі жоўта-сіні фасад прыцягвае погляд вадзіцеляў, як толькі аўтамабіль мінуе аўтазаправачную станцыю на ўездзе ў горад. Цяпер можна не хвалявацца, што транспартны сродак пасля доўгай дарогі выглядае не зусім прывабна: на СТА да вашых паслуг – мыйка. Тут жа можна прайсці тэхагляд і ўхіліць непаладкі, а неўзабаве адкрыецца магазін аўтазапчастак.

У цырымоніі ўрачыстага адкрыцця ўзялі ўдзел старшыня Брэсцкага аблспажыўсаюза Алег Несцярук, намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Мазько, старшыня праўлення райспажыўтаварыства Максім Сумар і работнікі спажыўкааперацыі.

Перарэзаўшы чырвоную стужку, госць з абласнога цэнтра заўважыў, што кааператары асвоілі шмат напрамкаў дзейнасці і ўзяліся за прадастаўленне паслуг у сферы тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў. Невялікі вопыт у абласным маштабе ўжо ёсць: дыягнастычныя станцыі створаны ў Брэсце і Пінску. А вось лунінчане першымі пайшлі далей і пачалі аказваць поўны комплекс паслуг. Алег Несцярук выказаў спадзяванні, што такі сучасны аб’ект, як СТА, будзе запатрабаваны лунінчанамі і прынясе прыбытак кааператарам.

Андрэй Мазько расказаў, што мясцовая ўлада імкнецца задзейнічаць усе неэксплуатуемыя будынкі ў раёне. У райспажыўтаварыстве згадзіліся на бязвыплатнай падставе рэканструяваць і даць новае жыццё пустуючаму памяшканню ў 3 тысячы квадратных метраў, якое раней належала сельгасхіміі. Намеснік старшыні райвыканкама пажадаў калектыву поспехаў у новай справе.

Здавалася б, М.А. Сумар прывык да ўводу ў строй новых аб’ектаў, але на гэты раз хваляванні асаблівыя: адна справа – магазін, іншая – СТА. Гэта “задавальненне” каштавала амаль 3 мільярды рублёў. Старшыня праўлення выказаў удзячнасць за падтрымку аблспажыўсаюзу і райвыканкаму, запэўніў, што кааператары якаснай работай будуць даказваць, што яны лепшыя. Пажадаў маладому калектыву ўтрымліваць заваяваны імідж райспажыўтаварыства.

Узначаліў дыягнастычную станцыю Васіль Палтавец. Ён задаволены створанымі ўмовамі і сучастным абсталяваннем, якое прайшло паверку на ўсіх узроўнях. Дагэтуль працаваў галоўным інжынерам у СВК “Хваецкае”, сёлета завочна закончыў сельгасакадэмію ў Горках. Ён расказаў, што на стэндах змешчана ўся неабходная інфармацыя аб аб дзейнасці станцыі, у тым ліку і аб тарыфах. Аплату можна рабіць на месцы. У памяшканні чыста, свежае паветра. Гэтаму спрыяе сучасная выцяжка адпрацаваных газаў.

Інжынеры-дыягносты Віталь Сумар і Уладзімір Петраноўскі пазнаёмілі з апаратурай і прадэманстравалі, як дзейнічае газааналізатар, тармазны стэнд.

Пасля таго як дыягносты дадуць заключэнне аб тэхнічнай спраўнасці аўтамабіля, інжынер “Белтэхагляду”, які будзе працаваць тут жа, выдасць дазвол на ўдзел у дарожным руху.

Новая СТА зменшыць нагрузку на дзейнічаючую ў “Аўтапарку №10” і пазбавіць аўтамабілістаў ад чэргаў.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть