Общество

Новыя “зялёныя агеньчыкі”

У мінулы чацвер на 376-ым кіламетры аўтадарогі М-10, каля паварота на Белае возера, пачала работу новая АЗС №65 «Беларуснафта».

Ніякіх акцый у дзень адкрыцця не было, дысконтных картак не раздавалі. Затое на станцыі ёсць некалькі іншых цікавых момантаў, пра якія і будзе наш рэпартаж.

За 8 месяцаў пустка зямлі памерам з гектар ператварылася ў сучасную АЗС. Папаўняюць бак тут адначасова 6 аўтамабіляў. ДТ «Еўра-5» і «ДТ-Арктыка», 92-і і 95-ы бензін – усё высокай якасці. Запраўка газам не прадугледжана. Прапускная здольнасць разлічана на абслугоўванне 250 аўтамабіляў у суткі, а на 5-ай і 6-ай калонках устаноўлены хуткасныя “пісталеты”, якія могуць запраўляць да 130 літраў у хвіліну.

Абслугоўванне праводзіцца праз гандлёвую залу, якая працуе  кругласутачна. Плошча больш за 150 квадратных метраў дазволіла выставіць мноства тавару. Тут знойдзецца ўсё ад дзіцячых цацак і прадметаў асабістай гігіены да аўтамабільных аксесуараў.

З’явіўся і кафетэрый са зручнымі столікамі, за якімі можна не толькі выпіць чай, каву, але і добра паабедаць. Немалаважны фактар – усталяваныя спецыяльныя прыбіральні з душавымі для інвалідаў, а таксама пеленальны столік для немаўлят. На вуліцы можна падпампаваць шыны і зрабіць уборку салона пыласосам.

Новая запраўка стала пятай на карце Лунінеччыны.

Васіль Казадой, дырэктар прадпрыемства РУП «Беларуснафта-Брэстаблнафтапрадукт»:

– На ўчастку аўтадарогі Пінск-Лахва даўно патрабавалася запраўка. Новая АЗС – сучасны аб’ект прыдарожнага сэрвісу з кафетэрыем, мінімаркетам, выдатнай кулінарыяй, паркоўкай і дадатковымі паслугамі, а таксама скідкамі для трымальнікаў спецыяльных карт лаяльнасці «Беларуснафта». Да таго ж, адкрыццё такіх аб’ектаў – гэта 10 новых рабочых месцаў.

Юлія і Вераніка:

– Жывем у Пінску. У камандзіроўкі часта даводзіцца прыязджаць у Мікашэвічы. Часам паездка атрымліваецца вельмі ранняй, таму дома паснедаць не заўсёды паспяваем. Тут вельмі дарэчы – смачная, духмяная кава. “Падзаправіліся” не толькі нашы аўтамабілі, але і мы.

Георгій:

– Зручнае размяшчэнне дазваляе запраўляць транспарт, не з’язджаючы далёка з трасы. Дзякуй за АЗС!

 

 

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть