“Няхай заўсёды сустракае школа ўсмешкай Елянеўскага Міколы…”
Общество

“Няхай заўсёды сустракае школа ўсмешкай Елянеўскага Міколы…”

восеньГэтыя словы пінскага паэта Анатоля Шушко маглі б стаць лейтматывам фестывалю “Лунінская восень”, які сёлета пачаўся з сумнай ноты. У студзені 2013 года не стала натхняльніка гэтай творчай сустрэчы, члена саюзаў пісьменнікаў Беларусі і Расіі Міколы Елянеў-скага. Жыхары Луніна вырашылі годна ўшанаваць памяць таленавітага земляка, устанавіўшы на школе мемарыяльную дошку.
“Не хацеў адрывацца ад роднай зямлі,
Яго сэрца з ёй моцна зраслося.
Хоць шляхі яго ўбок ад яе адвялі,
“Лунінскай восенню” вярнуцца ўдалося…”
Пра тое, як пісьменнік любіў вёску, дзе нарадзіўся і вырас, узгадаў старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч. Ён ведаў Міколу Елянеўскага не толькі як рэдактара газеты “Полесская правда”, але і як вельмі чулага чалавека.
Сёння Мікола прыхільна ўсмі-хаецца з мармуру, але распачатая ім справа жыве. Удзячнасцю за памяць былі прасякнуты словы родных пісьменніка – жонкі На-дзеі і сына Андрэя. Лепшым працягам гэтай высакароднай справы стала паведамленне старшыні абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Анатоля Крэйдзіча, які запэўніў, што ў наступным годзе будуць выдадзены кнігі Міколы Елянеўскага “Наперстный крест” і “Мытари и фарисеи”, што ўбачылі свет на старонках літаратурных часопісаў.
Прыгожая мелодыя паклікала ўдзельнікаў свята ў фае школы. Урачыстасць фестывалю адчувалася ўсюды. Арыгінальнае афармленне кожнага куточка будынка пацвердзіла багатую фантазію мясцовых талентаў. Яго ж прадэманстравалі і дзяўчынкі, якія павольна рухаліся ў прывітальным танцы “Лунінскай восені”. Завяршыла ўдалае выступленне гаспадыня свята: Віка Корчык уручыла гасцям духмяны каравай і запрасіла на невялікую экскурсію па школе.
Знакамітая алея, размешчаная на другім паверсе, пазнаёміла гледачоў з гістарычным летапісам фестывалю. На многія фота-здымкі прысутныя глядзелі са словамі: “А памятаеш, як та-ды…”. Пад суправаджэнне цікавых расказаў госці апынуліся ў асаблівым кабінеце. Тут увагу прыцягвала ўнікальная граматыка Платона Ціхановіча, якую адкрыў для жыхароў Луніна Мікола Елянеўскі. Таленавітаму земляку была прысвечана фотапрэзентацыя “І жыў Мікола, будзе жыць…”.
Пакаштаваўшы палескіх прысмакаў, госці накіраваліся ў актавую залу. Перад самым уваходам іх парадавалі ўдзельнікі ўзорнага фальклорнага калектыву Лунінскай СШ “Сунічка”. З ахвотай удзельнікі фестывалю размяшчаліся за святочна ўбранымі столікамі ў зале. Урачыстасць адкрыў старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч: “У 10-ты раз маем гонар сустракаць паэтаў і пісьменнікаў Брэстчыны на нашай лунінецкай зямлі. Гэта яшчэ адзін спосаб уяўлення і далучэння да каштоўнасці беларускага народа. Несумненна і тое, што для маладых талентаў – лаўрэатаў конкурсу – наш фестываль стане чарговай прыступкай да вялікага поспеху”.
Са слоў удзячнасці за цёплы прыём пачаў сваё выступленне начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Цырэльчук, які паабяцаў са свайго боку зрабіць усё магчымае, каб паэтычным чытанням “Лунінская восень” надалі імя Міколы Елянеўскага.
Старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўны рэдактар Іванаўскай раённай газеты “Чырвоная звязда” Анатоль Крэйдзіч выказаў вялікую задаволенасць мясцовымі вучнямі, педагогамі, прадстаўнікамі ўлады, якія выступалі на прыгожай беларускай мове. “Цяжка ўявіць сённяшняе свята без генератара ідэй – Міколы Елянеўскага, але памяць пра яго будзе жыць,” – з гэтымі словамі нельга не пагадзіцца. Пад дружныя апладысменты ён уручыў заслужаныя ўзнагароды пераможцам абласнога літаратурнага конкурсу сярод дзяцей і юнацтва “Без дружбы мне – як без вады і хлеба”, прысвечанага 70-гадоваму юбілею паэтэсы Ніны Мацяш.

Адкрытым і шчырым было выступленне галоўнага рэдактара часопіса “Ма- ладосць” Святланы Дзянісавай. Яна прызналася, што ўпершыню ўдзельнічала ў фестывалі летась, і ўспомніла, як ёй не хацелася ехаць да нас. Але натхненне, атрыманае на “Лунінскай восені”, нікуды не знікла і спрыяла плённай рабоце ўвесь год. Вось і на сёлетнюю сустрэчу Святлана Дзмітрыеўна дабіралася ноч на электрычках і дызель-цягніках. “Але ўсялякія нязручнасці знікаюць ад думкі, што еду да цудоўных людзей, сваіх сяброў, таленавітых і вельмі шчырых”, – сказала госця.
А яшчэ яна ўручыла ўнікальныя экзэмпляры першага міжнароднага рэгіянальнага нумара часопіса, які ахапіў творчасць літаратараў Брэст-чыны, Ровеншчыны і Бяла-Падляскага ваяводства.
Як пачынаў жыццё і набіраў сілы фестываль, прыгадаў паэт з Пінска Анатоль Шушко. Дацэнт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна Уладзімір Сенькавец не хаваў радасці ад сустрэчы з сябрамі і гасціннымі гаспадарамі. Ён спрабаваў параўнаць мінулае і сучаснае, а Лунін назваў цэнтрам культурнага жыцця не толькі Лунінеччыны, але і ўсёй Беларусі.
Напярэдадні 10-гадовага юбілею фестывалю на Лунінеччыне прайшоў раённы літаратурны конкурс сярод дзяцей і юнацтва, прысвечаны творчасці Мікалая Елянеўскага. Яго вынікі падвёў начальнік
аддзела адукацыі,
спорту і турызму райвыканкама Іван Раковіч, які ўручыў дыпломы і падарункі вучаніцы ліцэя Аксане Астапчык (дзяўчынка атрымала і спецыяльны прыз ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціны Верас), Наталлі Савіч з Багданаўскай СШ і гімназістцы з Мікашэвіч Кацярыне Мардухай.
Некалькі сваіх кніг прэзентаваў школе пісьменнік, супрацоўнік “Івацэвіцкага весніка” Валерый Гапееў. Кожнае выступленне чаргавалася з прыгожымі нумарамі мастацкай самадзейнасці. Зрэшты, як і незабыўная тэатралізаваная пастаноўка ў Цэнтры культуры і народнай творчасці Вулькі 1, куды ўдзельнікі юбі-лейнага фестывалю накіраваліся пазней. Па прыездзе ў Лунінец яны ўсклалі кветкі да помніка Якубу Коласу і накіраваліся з экскурсіяй кінатэатр “Кастрычнік”.

Тут і фае размясцілася дзівосная выстава твораў юных мастакоў Лунінеччыны. Пад ціхія гукі скрыпкі Вольгі Белавус госці захоплена спыняліся перад малюнкамі, кожны з якіх стаў увасабленнем незвычайнага светапогляду аўтараў.
Не менш уражваючым было і наведванне цэнтральнай раённай бібліятэкі. Госці былі ўражаны храмам кнігі. А яшчэ – здзіўлена спыняліся каля “Лэдзі Фуршэт” і светлавокага “Анёла”, што ахоўна пазіраў на незвычайную дэлегацыю. У памяць пра сустрэчу рэдактар часопіса “Маладосць” Святлана Дзянісава ўручыла дырэктару ЦБС Надзеі Радзіяновіч выданні з творамі берасцейскіх пісьменнікаў і некалькі кніг.
Валерый ГАПЕЕЎ, член саюза пісьменнікаў Беларусі, супрацоўнік раённай газеты “Івацэвіцкі веснік”:
– На Лунінеччыне не ўпершыню, але тым, што ўбачыў сёння, вельмі ўражаны. Удзячны лунінчанам за памяць пра нашага калегу Міколу Елянеўскага, за тое, што імкнецеся падтрымаць творцаў, беражліва ставіцеся да беларускага слова, што з такім трапяткім пачуццём ствараеце атмасферу дабра – праз учынкі, кнігі і ўвогуле стаўленне да жыцця.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть