АДЗІНЫ СПОСАБ КАМПЕНСАВАЦЬ УРОН – СТРАХАВАННЕ
Аналіз гідраметэаралагічнай абстаноўкі сведчыць аб набліжэнні паводкі, якая можа закрануць і наш раён.
Улічваючы велічыню снежнага покрыва, глыбіню прамярзання, узровень вады ў рэках, прагназуецца, што веснавая паводка будзе больш небяспечнай, чым ў мінулыя гады. Невыключна, што можа паўтарыцца сітуацыя 1999 года, калі ў раёне было падтоплена 24 населеныя пункты.
Усё гэта прымушае канцэнтраваць увагу на змяншэнні наступстваў. Напрыканцы студзеня на пасяджэнні камісіі па надзвычайных сітуацыях пры райвыканкаме зацверджаны план па стварэнню матэрыяльных рэзерваў і пералік інжэнернай тэхнікі, якая будзе задзейнічана пры разліве рэк. Абследаваны ўсе дамбы, вядзецца падсыпка ў Запроссі. Адзіная вёска, якая не мае на сённяшні дзень дамбы, – Града.
У большай ступені верагоднасці ў зону падтаплення трапяць Люшча, Любачын, Намакрава, Мокрава, Кажан-Гарадок, Сінкевічы, 10-ы мікрараён – у Мікашэвічах, Залессе – у Лунінцы.
Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях заклікае ўсіх жыхароў Лунінеччыны, што пражываюць у населеных пунктах, дзе чакаецца паводка, у добраахвотным парадку застрахаваць маёмасць і пабудовы. Гэта – адзіны спосаб кампенсаваць урон, які можа прынесці вялікая вада. Трэба памятаць, што згодна з нарматыўнымі дакументамі, пасля аб’яўлення надзвычайнай сітуацыі страхаванне маёмасных інтарэсаў грамадзян будзе спынена. Не адкладвайце на заўтра тое, што можна зрабіць сёння!
Сяргей БЕСАН, намеснік начальніка РАНС.