“РАДЫ СНЕГУ ЗВЕРЬ И ПТИЦА, И, КОНЕЧНО, ЧЕЛОВЕК…”
А вось для работнікаў камунальнай службы – гэта не зусім прыемная з’ява.
Яшчэ да світання прыступае да расчысткі вуліц тэхніка, адкідваючы снег на абочыны. Гэта не надае прыгажосці вуліцам, але робіць рух больш-менш бяспечным. А вось што датычыць тратуараў, то дворнікі не могуцьсправіцца з галалёдзіцай. У сваю чаргу яна прыбаўляе работы як траўматолагам, так і майстрам па рамоце абутку.
Пракаменціраваць сітуацыю папрасілі начальніка КУШВП ЖКГ «Лунінецкая ЖКГ” Васіля ВАКУЛЬЧЫКА:
– Наша служба працуе ва ўзмоцненым рэжыме. Імкнемся своечасова расчышчаць цэнтральныя і другасныя вуліцы, а таксама грамадскія прыпынкі. Аператыўна рэагуем на скаргі. Працуем не толькі ў светлы час сутак, але і па начах. Днямі расчысцілі Прывакзальную плошчу, убралі снег з абочын па вуліцы Чырвоная. Для работ прыцягваем тэхніку з іншых арганізацый. І ўсё ж, пытанні застаюцца. Напрыклад, утрыманне тэрыторый, якія прылягаюць да прадпрыемстваў, ускладаецца на уладальнікаў. Калі яны не маюць магчымасці самастойна справіцца са снежнымі заносамі, мы гатовы прыйсці на дапамогу.
На жаль, у нездавальняючым выглядзе знаходзяцца тратуары. Каб выправіць сітуацыю, дадаткова набылі солевую сумесь, якую будзем дадаваць у песок для пасыпання пешаходных дарожак. У бліжэйшыя дні яны стануць менш траўманебяспечнымі.
Калі ў кагосьці ёсць заўвагі або скаргі, аб іх можна паведаміць дыспетчару па тэлефоне 115.