Официально

АБ ПРАБЛЕМАХ, ЯКІЯ ХВАЛЮЮЦЬ УСІХ І КОЖНАГА

ішла гаворка на сустрэчы старшыні райвыканкама В.М. Агіевіча і яго намесніка В.А. Рафаловіча з кіраўнікамі грамадскіх аб’яднанняў Лунінеччыны.

Найбольш прыкметная з раённых суполак – ветэранская. Яе лідэр М.А. Аляшкевіч першым пачаў дыялог з прадстаўнікамі ўлады. Мікалай Андрэевіч коратка расказаў аб найбольш важных аспектах дзейнасці арганізацыі і яе складзе. Сёння ў раёне створаны 33 пярвічкі, які аб’ядноўваюць 256 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і працы. Наладжана цеснае супрацоўніцтва з прадстаўнікамі іншых грамадскіх арганізацый, што дапамагае плённа вырашаць самыя разнастайныя праблемы – ад пытанняў патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення да штодзённай дапамогі ўдзельнікам былых баёў. Не абышоў увагай і праблемы. Адна з іх – забеспячэнне аргтэхнікай. Вырашана разгледзець магчымасць набыцця для Савета ветэранаў ксеракса.

А.В. Рамановіч на працягу 10 год узначальвае раённую арганізацыю Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане. З 209-ці былых воінаў-інтэрнацыяналістаў яе членамі з’яўляюцца 65. На пытанне старшыні райвыканкама, чаму не пашыраецца колькасны склад арганізацыі, Аляксандр Васільевіч адказаў, што сёння яна аб’ядноўвае найбольш актыўных і свядомых людзей, якія ахвотна ўдзельнічаюць у шматлікіх праводзімых мерапрыемствах. Адначасова было выказана шкадаванне, што дагэтуль не ўдаецца вырашыць пытанне з устаноўкай мемарыльных дошак загінуўшым у Афганістане землякам на Дварэцкай, Язвінскай і Вялуцкай СШ. Праблема ўзята на кантроль начальнікам аддзела ідэалагічнай работы А.М. Захаркевічам.

Нягледзячы на тое, што раённая арганізацыя Беларускага саюза афіцэраў створана яшчэ ў 1992 годзе, актывізавала яна сваю дзейнасць параўнаўча нядаўна. Зараз узначальвае яе А.А. Жуланаў. Сёння ў ёй каля 100 чалавек. Многія з іх – у запасе, некаторыя – працягваюць службу ў мясцовым гарнізоне. Кіраўнік грамадскай структуры выказаў заклапочанасць іх лёсам пасля таго, як давядзецца выйсці ў адстаўку. Вырашана стварыць своеасаблівы рэзерв кадраў і занесці ў яго найбольш перспектыўных вайскоўцаў з тым, каб у наступным выкарыстоўваць у інтарэсах грамадства іх вопыт і веды.

Дзейнасць раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” у нашым раёне, як і паўсюдна, скіравана на падтрымку мацярынства, дзяцінства, вырашэнне праблем сям’і. Арганізацыяй праведзена нямала цікавых акцый, сярод якіх збор сродкаў на лячэнне дзяцей, работа выязных прыёмных у аддаленых вёсках, падтрымка малазабяспечаных адзінокіх жыхароў. Зараз жаночай арганізацыяй ініцыіравана акцыя “Памяць”. У ходзе яе мяркуецца наведаць сем’і нашых землякоў, што загінулі ў мірны час пры выкананні службовага абавязку. Ініцыятыва знайшла разуменне і падтрымку райвыканкама.

У лютым 2009 года раённую арганізацыю ГА “Белая Русь” узначаліла Л.І. Казадаева. За кароткі час яе члены паспелі заявіць пра сябе добрымі справамі. На іх рахунку – актыўны ўдзел у суботніку, дзейсная дапамога адзінокім ветэранам вайны. Нягледзячы на тое, што арганізацыя застаецца адной з самых масавых (яе членамі сёння з’яўляюцца 184 чалавекі), Людмілу Іванаўну трывожыць спад актыўнасці ў стварэнні пярвічак у працоўных калектывах. На думку старшыні райвыканкама, прыцягнуць новыя сілы можна толькі праз нефармальны падыход, работу, напоўненую добрым зместам і прыкметнымі справамі.

З удзячнасці за разуменне і падтрымку пачала сваё выступленне кіраўнік раённай арганізацыі інвалідаў Л.В. Курак. Людзі з абмежаванымі магчымасцямі праз грамадскае аб’яднанне дапамагаюць адзін аднаму пераадольваць жыццёвыя цяжкасці. Праўда, магчымасці ў арганізацыі абмежаваныя. На сустрэчы усе разам спрабавалі знайсці адказ на пытанне, як зрабіць больш стабільным у фінансавым плане існаванне арганізацыі. На думку многіх, выйсце – у плённым супрацоўніцтве з іншымі грамадскімі аб’яднаннямі, працоўнымі калектывамі. У пераважнай большасці нашы землякі адгукаюцца на чужую бяду, не страцілі імкненне да міласэрнасці.

На гэткіх жа прынцыпах будуецца і работа Чырвонага Крыжа. Т.А. Кацуба, якая сёння ўзначальвае арганізацыю, расказала пра шматлікія акцыі, валанцёрскі рух, у якім актыўны ўдзел бяруць цяжкія падлеткі і многія іншыя добрыя справы.

Першы сакратар гаркама БРСМ С.А. Максімчык наадварот акцэнтавала ўвагу на праблемах. Найбольш прыкметная з іх зараз – цяжкасць з працаўладкаваннем падлеткаў. Зразумелае імкненне заняць іх карыснай працай не знаходзіць падтрымкі ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы, хаця названая арганізацыя ўключана ў праграму другаснай занятасці моладзі.

Усе ўзнятыя праблемы, падкрэсліў В.М. Агіевіч, не застануцца без увагі. Тым не менш, кіраўнікам грамадскіх аб’яднанняў трэба таксама шукаць шляхі іх вырашэння, актыўна ўключацца ў работу. Менавіта іх зацікаўленасць і неабыякавасць – гарант эфектыўнай дзейнасці пазначаных раённых структур, на чыю падтрымку абгрунтавана разлічвае ўлада. Васіль Міхайлавіч павіншаваў сабраўшыхся з надыходзячымі святамі – Днём незалежнасці і днём вызвалення Лунінца ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, выказаў спадзяванні на далейшае плённае супрацоўніцтва. У адказ прагучала шчырая ўдзячнасць за арганізацыю сустрэчы, якая, насамрэч, таксама з’яўляецца сведчаннем узаемаразумення, зацікаўленасці і падтрымкі грамадскіх аб’яднанняў на Лунінеччыне.



Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть