Официально

Аддаленасць – не праблема

день совета богдановка1Чарговы Дзень Савета ў аўторак прайшоў у Багданаўцы. Дабіраючыся ў вёску на аўтобусе, дэпутаты падкрэслілі выгоды, якія падарыла мясцовым жыхарам новая аўтадарога. Невыпадкова, што тэмай выязнога мерапрыемства стала дзейнасць мясцовых органаў улады па вырашэнню пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва.

На абслугоўванні ў мясцовай амбулаторыі – усё вясковае насельніцтва. Для жыхароў даступны разнастайныя віды паслуг, у тым ліку фізпрацэдуры і дзённы стацыянар. На сённяшні дзень завершана вакцынацыя за кошт бюджэтных сродкаў, працягваецца платная. Разглядаецца пытанне аб набыцці на наступны год новага аўтамабіля і працаўладкаванні на поўную стаўку стаматолага. Заканчваецца рамонт фасада будынка, работнікі разам з загадчыцай Людмілай Матусевіч думаюць над добраўпарадкаваннем тэрыторыі.

Парадавала прыгажосцю тэрыторыя дзіцячага садка. За фундатарскія сродкі работнікі набылі тратуарную плітку і выклалі яе. Лепшым аб’ектам добраўпарадкавання сёлета па праву прызнана Багданаўская СШ. Гэта падкрэслілі ў сваіх выступленнях старшыні: сельвыканкама – Сяргей Фурсевіч і райсавета – Віталь Адзішчаў. У актавай зале, дзе сабраліся настаўнікі і старшакласнікі, дырэктар навучальнай установы Алена Ярмольчык, а таксама выкладчыкі Людміла Катовіч і Людміла Антановіч атрымалі заслужаныя ўзнагароды.

Прыкладна 3 мільярды рублёў затрачана на рэканструкцыю малочнатаварнай фермы СВК “Багданаўка”. Цяпер спецыялісты вядуць наладку абсталявання ў даільнай зале. Як падкрэсліў старшыня гаспадаркі Сяргей Мелюх, у лістападзе плануецца атрымаць “першае малако” па новай тэхналогіі.

Дыхтоўны драўляны зруб паявіўся побач з мясцовым лясніцтвам. У хуткім часе свой новы офіс пачнуць “абжываць” спецыялісты. Па словах памочніка ляснічага Алены Занько, яны абслугоўваюць 9 тысяч гектараў лясных угоддзяў, штогод нарыхтоўваючы больш як 17 тысяч кубаметраў драўніны. Стары будынак плануюць пераабсталяваць пад жылы – для маладых спецыялістаў. Дысанансам глядзеўся дом, што знаходзіцца на балансе раённага аддзела адукацыі і дзе жывуць настаўнікі-пенсіянеры. Жыллё даўно патрабуе рамонту – дах пакрыўся мохам, не працуе пячное ацяпленне…

Удзельнікі Дня Савета праехалі па вясковых вуліцах. Яны ўражвалі наведзеным парадкам, праведзенымі рамонтамі, новымі агароджамі. Прыемна, што ў Багданаўцы будуецца жыллё – цяпер узводзяцца 2 дамы для мнагадзетных сем’яў і адзін – за ўласныя сродкі вяскоўцаў. Зрэзана каля 70 працэнтаў старых дрэў, што запланавана на гэты год.

Падчас пленарнага пасяджэння ў мясцовым Доме культуры, шмат пытанняў адрасавалі начальніку ДРБУ-101 Аляксандру Трухнову. Кіраўніку дзякавалі за актывізацыю работы па ўтрыманню дарог і разам з тым прасілі распрацаваць план мерапрыемстваў па сельсаветах на будучы год, дзе будзе бачна, на якія канкрэтна аб’екты будуць затрачвацца сродкі.

Галоўны ўрач ЦРБ Ігар Невар падкрэсліў, што ўсе даведзеныя сацыяльныя стандарты і планавыя паказчыкі медыкамі раёна выконваюцца. Разам з тым застаюцца праблемы з урачамі-хірургамі і гінеколагамі. Спецыялісты ўстановы аховы здароўя прадумваюць розныя варыянты, каб моладзь заставалася пасля адпрацоўкі ў раёне. Прыемна, што на Лунінеччыне павялічылася колькасць нованароджаных і знізіўся паказчык смяротнасці.

Начальнік РАНС Мікалай Арашкевіч расказаў аб узаемадзеянні аддзела з органамі мясцовай улады. Найбольш актуальным пытаннем застаюцца знос аварыйных дрэў і гібель людзей на пажарах.

У рабоце прымалі ўдзел член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу РБ Таццяна Удавенка, яе памочнік Марыя Канановіч, а таксама памочнік дэпутата Палаты прадстаўнікоў Анатоль Рафаловіч.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть