Аднаўленне статка — шлях да прыбаўлення ў надоях
Официально

Аднаўленне статка — шлях да прыбаўлення ў надоях

РайисполкомНа чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, якое правёў яго старшыня Васіль Агіевіч, першым было разгледжана пытанне эфектыўнасці племянной работы.

Сёння ніхто не ставіць пад сумненне выснову, што развіццё малочнай жывёлагадоўлі і павышэнне прадуктыўнасці кароў напрамую залежаць ад дакладнай арганізацыі аднаўлення статка, строгага захавання тэхналогіі кармлення і ўтрымання рамонтных цялушак. Як жа абстаяць з гэтым справы ў нашым раёне?

Па словах намесніка старшыні райсельгасхарчу Алега Багука, сітуацыя дастаткова складаная. Больш таго, у некаторых гаспадарках яскрава прасочваецца заганная тэндэнцыя зніжэння выхаду цялят у разліку на 100 кароў. За студзень-люты ў раёне атрымана 2677 цялят, што на 71 менш, чым летась. Агрэхі ў племянной справе не замарудзілі адмоўна адбіцца на вытворчасці малака. Прыкметна менш у параўнанні з леташнім атрымліваюць яго па гэтай прычыне ў КУП “Міжлескае” і СВК “Гарадоцкі”. Павялічылася колькасць ялавых кароў у СВК “Багданаўка”, “Дзятлавіцкі”, “Чучавічы”, “Новае Палессе”, “Вулькаўскі світанак”, “Велута”, філіяле “Аграграніт”. Звярнуў увагу выступаючы і на парушэнні ў кармленні і ўтрыманні сухастойных кароў.

Былі прапанаваны шляхі выхаду з сітуацыі, сярод якіх на першым месцы — фарміраванне рамонтных цялушак у асобныя групы па ўзросту і вагавых катэгорыях, а таксама забеспячэнне паўнацэннымі кармамі для атрымання добрых сярэднясутачных прываг. Няварта думаць, што кіраўнікі на месцах не ведаюць гэтых прапісных ісцін. Дык у чым жа тады справа?

Відавочна, у звычайнай недысцыплінаванасці ды аслабленні кантролю з боку старшыняў за работай сваіх спецыялістаў. Ды і сама заатэхнічная служба раёна церпіць ад недахопу кваліфікаваных кадраў. Сёння ў трох сельгасарганізацыях няма галоўных заатэхнікаў, у шасці — заатэхнікаў-селекцыянераў, а вызваленых урачоў-гінеколагаў няма ні ў адной гаспадарцы раёна, за выключэннем Палескай станцыі.

Справядлівасці дзеля варта зазначыць, што для аказання сельгасарганізацыям практычнай дапамогі ў раёне створана спецыяльная група з работнікаў племстанцыі і ветстанцыі. Летась яна 118 разоў выязджала ў гаспадаркі раёна, дапамагаючы тамтэйшым заатэхнікам дыягнаставаць і лячыць хворых жывёлін. Будзе працягнута работа і сёлета. Прычым мяркуецца на новы ўзровень вывесці якасць камп’ютарных праграм племяннога ўліку і кіравання статкам, арганізацыю адбору цялушак ад высокапрадуктыўных кароў, захаваўшы паточна-цэхавую сістэму іх утрымання і асемянення.

СУПРАЦЬСТАЯЦЬ КАВАРНАЙ ХВАРОБЕ

У нашым раёне захоўваецца трывожная сітуацыя з захворваннем на туберкулёз. Расце смяротнасць ад гэтай хваробы. Летась паказчык склаў 8.6 на 100 тысяч насельніцтва (у вобласці — 4.2 на 100 тысяч насельніцтва).

Галоўны ўрач установы аховы здароўя “Лунінецкая ЦРБ” Ігар Невар прааналізаваў ход рэалізацыі ў раёне мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы “Туберкулёз”. Яе галоўная задача — зніжэнне паказчыка смяротнасці пацыентаў ад туберкулёзу на 1 працэнт у год. І хоць выконваць яе ў поўнай меры пакуль не ўдаецца, дзякуючы праграме стабілізавана сітуацыя з распаўсюджваннем небяспечнай хваробы. Заўважана заканамернае зніжэнне колькасці выпадкаў туберкулёзу сярод так званага “спецкантынгенту”. Разам з тым, непакоіць рост рэцыдыву гэтай хваробы.

Як вядома, першы крок у барацьбе з туберкулёзам — флюараграфічнае абследаванне насельніцтва. Штогод на Лунінеччыне ім ахоплена больш як 98 працэнтаў жыхароў старэй за 17 год. Прыкметна актывізавалася работа з набыццём перасовачнага комплексу “Скрынэкспрэс”. Менавіта гэтым тлумачыцца павелічэнне колькасці выяўленых першасных пацыентаў.

Спыніўся дакладчык на якасці санітарна-асветніцкай работы, узаемадзеянні з іншымі ведамствамі, ад якіх залежыць эфектыўнасць барацьбы з туберкулёзам, а таксама расказаў пра комплекс мерапрыемстваў, які закліканы знізіць захворваемасць і смяротнасць ад гэтай хваробы.

ДРУГАСНАЯ, АЛЕ ВЕЛЬМІ ВАЖНАЯ

Аналіз ходу нарыхтоўкі другасных матэрыяльных рэсурсаў значыцца ў парадку дня кожнага пасяджэння раённага выканаўчага камітэта. Не стала выключэннем і сакавіцкае.

Намеснік старшыні райвыканкама Руслан Хоміч адзначыў, што даведзенае на 2015 год заданне па нарыхтоўцы паперы, шкла і палімерных адходаў размеркавана паміж 116 прадпрыемствамі і арганізацыямі. Аператарамі па збору другаснай сыравіны вызначаны КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ”, КУШВП ЖКГ “Мікашэвіцкая ЖКГ”, райспажыўтаварыства, ААТ “Брэстаблрэсурсы”. Для раздзельнага збору ЦКА ў раёне абсталяваны 24 пляцоўкі, устаноўлены 72 кантэйнеры. Працуюць 14 комплексных прыёмных пунктаў.

За 2 месяцы года сабрана больш як 100 тон паперы, 182 тоны шкла. Калектывы многіх прадпрыемстваў адказна аднесліся да гэтай справы. Аднак ёсць і тыя, хто ставіць пад пагрозу выкананне заданняў першага квартала. Да іх падыход будзе дастаткова прынцыповым. У сувязі з гэтым гарсельвыканкамам прадпісана праводзіць сістэмную растлумачальную работу з насельніцтвам па пытаннях раздзельнага збору другаснай сыравіны. Камунальныя службы абавязаны павялічыць працэнт сельскіх населеных пунктаў, ахопленых раздзельным зборам ЦКА. Упарадкавана будзе гэтая работа і на палігонах.

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть