Официально

«Афармляйце сына ў сад, а самі ідзіце на работу!»

рейдПрынцыпова-жорсткі дыялог з сем’ямі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, ініцыіраваны пракуратурай Лунінецкага раёна. У чарговы рэйд, які ўзначаліў памочнік пракурора Арцём Ралінскі, накіраваліся прадстаўнікі раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях, унутраных спраў, адукацыі і рэдакцыі “ЛН”.
Такая мабільная група дзейнічае на Лунінеччыне пастаянна. Прычынай пазапланавай праверкі стаў жудасны пажар у Столінскім раёне, дзе ў студзені на стары новы год маці пакінула без нагляду траіх дзяцей 2007, 2008 і 2010 гадоў нараджэння. Жанчына вынесла іх з палаючага дома, але дзяўчынка і хлопчыкі памерлі ў бальні-цы. Як высветлілася пазней, бацькі неналежным чынам выконвалі свае абавязкі і злоўжывалі алкаголем. Каб не дапусціць падобнага ў нас, вырашана завітаць па адрасах, дзе да трагедыі застаўся адзін крок.
Па словах метадыста раённага метадычнага кабінета раа Вольгі Скрыпель, па стану на 1 лютага 2014 года на ўліку стаяць 97 дзяцей, якія выхоў-ваюцца ў 47 нядобранадзейных сем’ях. Наш візіт запланаваны да бацькоў, якіх узялі на кантроль летась у верасні-снежні. Першы пункт маршрута – вёска Дзятлавічы. Патрэбную вуліцу правільней было б назваць хутарам: вакол дома – шчыльны гушчар елак ды соснаў. Нязваных гасцей гучным брэхам сустрэлі два сабакі. Пахіленыя сенцы, старыя шпалеры… Інспектару інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду РАНС Віктару Чарнавокаму хапіла аднаго позірку, каб адразу выказаць гаспадарам крытычныя заўвагі. Забягаючы наперад, адзначу: парушэнні пажарнай бяспекі ўсюды аднолькавыя і даволі распаўсюджаныя – адчыненыя дзверцы топкі, блізка размешчаныя сінтэтычныя фіранкі і адзенне, акуркі ад цыгарэт і смецце на прыпечку, лучыны і запалкі на грубцы, неадпавядаючых памераў топачны ліст. Як заўважыў Віктар Уладзіміравіч, для ўзгарання дастаткова секунды. Каб прадухіліць бяду, нагадаць яшчэ раз аб правілах пажарнай бяспекі, гаспадарам уручаны буклет, памятка і ікона, што засцерагае ад пажараў. Іх атрымалі ўсе сем’і, да каго прыязджала камісія. Са станоўчага боку адзначаны факт наяўнасці ў доме аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. А вось на выпраўленне адзначаных недахопаў бацькам далі тры дні.
Па наступным адрасе нас сустрэла бабуля, якая толькі што памыла падлогу:
– Вось прыбрала ў хаце, бо ў мяне дзеці жывуць. Заходзьце, калі ласка.
Як высветлілася, пажылая жанчына дала прытулак сыну і 2 унукам. Іх маці, на жаль, зусім не цікавіцца справамі дзяцей. Дзе зараз знаходзіцца нявестка, свякроў не ведае. З роспаччу ў вачах сказала:
– Я сама выгадавала пяцёра дзяцей, усё жыццё працавала даяркай у калгасе. І трэба, каб у старасці мяне чакала яшчэ і такое выпрабаванне!
У чарговай сям’і выхоўваецца адно дзіця, і падчас нашага візіту хлопчык быў на занятках у школе. У пакоях – чысціня, на падлозе – дываны. Яго маці ўважліва выслухала гасцей, абяцала расказаць сыну аб недапушчэнні свавольства з агнём.
Нярэдка даводзіцца бываць у Ве-
луце. Амаль заўсёды з прыкрасцю адзначаю: столькі п’яных жанчын няма ні ў якой іншай вёсцы. З самага ранку да вечара каля магазіна “кемяць на траіх” мясцовыя выпівохі. Вось і патрэбны нам дом таксама знаходзіцца побач з гандлёвай кропкай. Статус аграгарадка надаў населенаму пункту добраўпарадкаванасць: вакол хаты паявілася жалезабетонная агароджа. Заходзім унутр. Падалося, што на вуліцы было цяплей. У доме – некалькі пакояў, але сагрэцца можна толькі ў адным – самым маленькім. Тут з недаравальнымі парушэннямі тапілася грубка. Маючы вялікія трэшчыны, яна ўспыхнуць можа ў любы момант. Пастаянная пагроза – чадны газ. Гэта растлумачылі маладой жанчыне, якая жыве з маці і трохгадовым сынам.
– Чаму знаходзіцеся дома, а не на рабоце? – спытаў у яе старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Юрый Антановіч. – За што жывяце, купляеце прадукты? Дзіця чаму не афармляеце ў садок? Месцаў няма? Дзе муж?
Пытанні сыпаліся, але зразумелых адказаў не было. Побач на невялікім ложку сядзеў шэравокі хлапчук і ціхенька паглядваў на дарослых. Апрануты ў кофту і штаны, тым не менш быў басанож. На нашу заўвагу маці (зноў-такі!) на голую ножку абула чаравічкі.
– Прывітанне! Як цябе завуць? – знайсці агульную мову з малышом паспрабаваў памочнік пракурора Арцём Ралінскі. І гэта ўдалося, бо хлопчык нават паказаў госцю цацкі, з якімі гуляе. З задавальненнем Мікітка прыняў і маляўнічыя памяткі.
На развітанне супрацоўнік пракуратуры папярэдзіў у апошні раз:
– Калі не ўладкуецеся на работу, не аформіце сына ў дашкольную ўстанову, будзеце жыць тут са сваёй мамай удваіх!
Спадзяемся, што мацярынскі інстынкт возьме верх, і сумнай перспектывы маладая жанчына пазбегне.
Сям’я з дома па-суседству таксама лічыцца асацыяльнай. Але бацькі, па меншай меры, працуюць. Запэўнілі, што не злоўжываюць алкаголем. Хацелася б верыць у выпраўленне яшчэ адной маці з Велуты. Двое дзетак былі на занятках у школе, іх бацька, па словах гаспадыні, у гасцях у родзічаў. Аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі (АПА) у доме адсутнічалі. Запатрабавана тэрмінова ўхіліць шмат іншых недахопаў па пажарнай бяспецы.
Апошні ў вёсцы адрас пакінуў станоўчыя ўражанні. Тое ж самае можна сказаць і пра Вялікія Чучавічы, куды накіраваліся далей. Трое непаўналетніх дзетак былі ў школе. Іх бацька расказаў, што пасля аварыі яго на работу не бяруць, групу інваліднасці не даюць. Два АПА ў доме ёсць, адзін – у спраўным становішчы, але чамусьці да столі не прымацаваны. Гэта зрабіў інспектар ІСН Юрый Антановіч.
Цыгарэтны смурод чакаў нас па
наступным адрасе. Двое мужчын, адзін з якіх, як высветлілася, гаспадар, абедалі на кухні, прычым “для апетыту” прыхапілі бутэльку віна. Тое, што яна не першая, зразумелі па гаворцы і колькасці падобнай шклотары ў кутку пакоя. Жывуць тут дзве дзяўчынкі. Адна з іх вучыцца ў каледжы, а другая з пачатку трэцяй чвэрці навучальнага года паехала ў санаторый. Дзесьці ў душы мы парадаваліся, што яны хоць часова не бачаць гэтай страшнай карціны. Уявіце сабе: мама – інвалід, прыкавана да ложка, побач стаіць вядро, якое даўно ніхто не выносіў, у старым халадзільніку – пустыя паліцы, за выключэннем адной з іх, дзе ляжыць (не тое, што не першы дзень, а не першы тыдзень!) …галава сялёдкі.
– Прабачце, я вінаваты! – толькі змог прамовіць гаспадар.
Але сур’ёзнай размовы з памочнікам пракурора, інспектарамі РАУС і РАНС пазбегнуць не ўдалося.
Пад’язджаючы да дыхтоўнай сядзібы ў Багданаўцы, цяжка верылася, што тут жыве нядобранадзейная сям’я. Аказваецца, пастаноўцы на ўлік паспрыялі сямейна-бытавыя канфлікты паміж бацькамі. Сведкамі непрыемных сцэн станавіліся дзеці. Жанчына паказала гасцям дом, дзе было чыста, утульна і пахла смачным абедам. А яшчэ расказала, што ў канцы студзеня яны з мужам развяліся. Ён іншы раз прыходзіць, але вядзе сябе прыстойна.
Падобныя рэйды прайшлі ў Лунінцы. Хочацца верыць, што пасля іх колькасць сем’яў, якія выклікаюць абгрунтаваную трывогу грамадства, зменшыцца. Пракуратура Лунінецкага раёна ўзяла на пастаянны кантроль сітуацыю ў сферы дзіцячага траўматызму, гібелі непаўналетніх і сацыяльнага недабрабыту.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть