Официально

Аграпрам: Праблемы застаюцца

nlun05Абмеркаванне спраў у эканоміцы раёна пачалося з аналізу сітуацыі ў аграпрамысловай галіне.

Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Бойка падрабязна расказаў пра вынікі работы ў раслінаводстве, пасля чаго асабліва акцэнтаваў увагу на жывёлагадоўлі, якая для сельгаспрадпрыемстваў справядліва лічыцца крыніцай даходаў. Аднак магчымасць істотна папоўніць бюджэт выкарыстоўваюць далёка не ўсе гаспадаркі. Інакш чым можна растлумачыць той факт, што наш раён па гэтых паказчыках знаходзіцца ўнізе абласной зводкі?

Нягледзячы на тое, што перад кіраўнікамі пастаўлена жорсткая задача ліквідаваць адставанне ў вытворчасці малака, давёўшы яго таварнасць да 90 працэнтаў, некаторыя сельгаскааператывы ў параўнанні з леташнім па-ранейшаму “мінусуюць”. Папрокі прагучалі ў адрас кіраўнікоў СВК “Гарадоцкі”, “Хваецкае”, “Дзятлавіцкі”, “Новае Палессе”, “Багданаўка”, “Чучавічы”, “Дварэцкі”, філіяла “Аграграніт” і іншых.

Былі названы і прычыны такога становішча. На думку дакладчыка, гэта нізкая вытворчая дысцыпліна, недахопы ў арганізацыі кармлення жывёлы, недапрацоўкі спецыялістаў. У якасці шляхоў выпраўлення сітуацыі прапанавана павелічэнне пагалоўя дойнага статка за кошт наладжвання эфектыўнай работы асемянатараў і строгае захаванне тэхналогіі вытворчасці малака. Асаблівая ўвага звернута на захаванне тэхналагічных рэгламентаў у кармленні жывёлы, ад чаго напрамую залежаць сярэднясутачныя прывагі, якія таксама застаюцца невысокімі. У той жа час у 2015 годзе пастаўлена задача дасягнення на вырошчванні рамонтнага маладняку не менш як 700-грамовых сярэднясутачных прываг. Гэтую і іншыя лічбы С.Я. Бойка назваў упаўне дасягальнымі для нашага раёна.

На тым, чаго ўдалося дасягнуць летась і якія планы абазначаны на сёлетні год, акцэнтаваў увагу намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Кавалевіч, які ахарактарызаваў работу прамысловай галіны. Тут раён выглядае неўпрыкмет лепш, займаючы шосты радок сярод 19 гарадоў і раёнаў Брэстчыны. Тым не менш, праблемы ёсць. Асноўнымі іх носьбітамі з’яўляюцца некаторыя прадпрыемствы раёна, сярод якіх ААТ “Палессеэлектрамаш” і “Лунінецлес”, КПУП “Лунінецкі РМЗ”. Дікладчык спыніўся на аналізе сітуацыі ў гэтых калектывах, а таксама на выніках інвестыцыйнай дзейнасці, мадэрнізацыі, работы транспарту, стане спажывецкага рынку і іншым.

Руслан Хоміч, які на пасадзе намесніка старшыні райвыканкама курыруе жыллёва-камунальную сферу і будаўніцтва, адзначыў, што раён з’яўляецца своеасаблівым люстэркам стану спраў будаўнічай галіны ў цэлым па краіне. На Лунінеччыне з-за падзення аб’ёмаў будаўнічых работ названы паказчык так і не пераадолеў 90-працэнтную планку. Нягледзячы на гэта, удалося выканаць планы па ўзвядзенню жылля, якога ўведзена ў эксплуатацыю больш як 28 тысяч квадратных метраў.

Адначасова Руслан Васільевіч звярнуў увагу на яўную недапрацоўку калектываў у нарыхтоўцы другаснай сыравіны. Лічбы раёну даведзены сур’ёзныя, але гэта не значыць, што яны невыканальныя, пра што сведчыць вопыт калектываў, якія справіліся з усімі паказчыкамі. У якасці прыкладу была прыведзена работа ў гэтым накірунку раённай ветстанцыі, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, аддзялення “Брэстаблсаюздрук”, ЦРА №68, райвыканкама і некаторых іншых арганізацый. У той жа час 12 калектываў увогуле не прыступалі да нарыхтоўкі другаснай сыравіны.

Шмат пазітыву было ў дакладзе намесніка старшыні райвыканкама Анатоля Захаркевіча. Нас па-ранейшаму радуюць поспехі вучняў школ Лунінеччыны, абнадзейваюць дасягненні работнікаў устаноў аховы здароўя, лідзіруючыя пазіцыі не здае культура. Адначасова Анатоль Міхайлавіч звярнуў увагу на праблемы ў рабоце спартыўных аб’ектаў, дзе нізкім застаецца паказчык самаакупнасці.

Акрамя гэтага, на пасяджэнні былі разгледжаны вынікі выканання бюджэту раёна за 2014 год і абмеркаваны шляхі забеспячэння выканання яго ў 2015 годзе.

Пракурор раёна Аляксандр Карлюк і начальнік РАУС Уладзімір Рыбак прааналізавалі работу па выкананню Закона Рэспублікі Беларусь “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў”, а загадчыца сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Раіса Мазырчук акрэсліла асноўны спектр пытанняў, з якімі жыхары раёна звяртаюцца да прадстаўнікоў улады.

З цікавасцю выслухалі прысутныя інфармацыю галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Аляксандра Байдука аб рабоце органаў мясцовага кіравання і самакіравання, арганізацый, прадпрыемстваў па навядзенню парадку на зямлі. На гэты раз пад прыцэл кантралюючай арганізацыі трапілі Дзятлавіцкі, Бастынскі, Чучавіцкі, Гарадоцкі і Лахвенскі сельскія Саветы. Недапрацовак выяўлена шмат, пра што сведчылі красамоўныя слайды. Да наступнага пасяджэння раённага выканаўчага камітэта ўсе гэтыя агрэхі павінны быць выпраўлены.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть