Официально

АНАЛІЗУЕМ, ПЛАНУЕМ, ВЫКОНВАЕМ

Адбылося лістападаўскае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта, якое правёў яго старшыня Васіль Агіевіч.

Да разгляду былі прапанаваны вельмі значныя і важныя пытанні – аналіз прымаемых мер па папярэджанню вытворчага траўматызму на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна; ход выканання мерапрыемстваў па забеспячэнню санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту; папярэджанне дарожна-транспартнага траўматызму і ўмацаванне транспартнай дысцыпліны; выкананне патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”.

 

ВЕДАЦЬ – ЗНАЧЫЦЬ, ВЫКОНВАЦЬ

Менавіта грэбаванне агульнапрынятымі патрабаваннямі тэхнікі бяспекі і элементарнае парушэнне працоўнай дысцыпліны стала прычынай большасці выпадкаў вытворчага траўматызму, чатыры з якіх закончыліся гібеллю людзей. З канстатацыі факта пачаў абмеркаванне гэтай без перабольшання балючай праблемы старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч.

Удакладняючы становішча з вытворчым траўматызмам, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ірына Семянчэнка заўважыла, што работа па яго папярэджанню ў раёне праводзіцца. Працуюць мабільныя групы і камісіі, ладзяцца Дні аховы працы і навучальныя семінары, дзейнічае спецыяльная Праграма, якая ўтрымлівае 36 пунктаў, накіраваных на паляпшэнне ўмоў работы на прад-прыемствах і ў арганізацыях. Аднак няшчасных выпадкаў не меншае. Сёлета па выніках 10 месяцаў іх нават больш – 14 супраць 10-ці мінулагодніх. Чаму так? На гэтае пытанне разам з членамі выканкама шукалі адказ начальнік абласнога ўпраўлення дэпартамента Дзяржінспекцыі працы Валянцін Праватораў, начальнік Пінскай міжраённай інспекцыі працы Ніна Грамада і кіраўнікі прадпрыемстваў, дзе выяўленыя парушэнні маюць характар рэцыдыву. Адказ трымалі дырэктар ААТ “Лунінецлес” Іван Плотніцкі, начальнік ПМК-7 Уладзімір Канапацкі, дырэктар ААТ “Лунінецкі малочны завод” Сяргей Карпец. Акрамя бяды, што прыйшла ў сем’і, няшчасныя выпадкі на вытворчасці маюць дастаткова важкую фінансавую састаўляючую. Сёлета пацярпелым па лініі Дзяржстраху ў вобласці выплачана больш як 21 мільярд рублёў, 1 мільярд 200 мільёнаў – у нашым раёне. Гэта выдаткі, якіх упаўне можна было б пазбегнуць, наладзіўшы ў калектывах жорсткі кантроль за дысцыплінай і строгім захаваннем бяспекі працы. Тое, што ў гэтай рабоце няма сістэмы, ускосна пацвярджае і колькасць пакараных за знаходжанне п’янымі на рабочым месцы – 61 чалавек. У той час як у суседнім Столінскім раёне падобных пратаколаў удвая больш – 120. Такія лічбы прывёў Валянцін Праватораў. Ён жа паведаміў, што неўзабаве ў раёне да сваіх абавязкаў прыступіць галоўны дзяржаўны інспектар інспекцыі працы, які будзе працаваць на Лунінеччыне на пастаяннай аснове. Варта спадзявацца, што каардынацыя важнай работы па папярэджанню вытворчага траўматызму будзе накіравана ў больш плённае рэчышча.

 

У ІМЯ ЗДАРОЎЯ ЛЮДЗЕЙ

У ходзе пасяджэння было разгледжана выкананне “Комплексу мерапрыемстваў па забеспячэнню санітарна-эпідэмічнага дабрабыту насельніцтва Брэсцкай вобласці на 2011-2015 гады”.

Як адзначыў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Аляксандр Дубініч, практычна ўсе пункты, што датычаць нашага раёна, паспяхова выконваюцца. Засталося нерэалізаваным абсталяванне санвузлоў з душавымі пакоямі каля раздзявальняў і спортзалаў у школах. Абумоўлена гэта будаўнічымі агрэхамі, на якія шмат год таму проста закрывалі вочы. Вось і атрымалася, што пакоі для душавых прадугледзелі, а пра належныя інжынерныя камунікацыі забыліся. Сёння ўсё гэта каштуе немалых грошай, але на выдаткі паступова давядзецца ісці, падкрэсліў В.М. Агіевіч. Як безумоўна трэба вырашаць і праблему забеспячэння школ і дзіцячых садоў якаснай пітной вадой. Пакуль буціліраванай вадой карыстаюцца ў 8 школах раёна. Ва ўсіх астатніх мяркуецца выкарыстоўваць вопыт дапамогі прадпрыемстваў-шэфаў і бацькоў, тым больш, што каштуе вада не так і дорага, а карысць ад яе несумненная. У ходзе абмеркавання акцэнтавалі ўвагу і на дзіцячым харчаванні, у прыватнасці, захаванні патрабуемых пры гэтым нормаў. Разглядаць праблему нельга без уліку фінансавай састаўляючай. Тым, хто займаецца арганізацыяй харчавання ў школах і дзіцячых садах, зразумела, што паўнацэнна накарміць дзіця на суму ў 3250 – 4130 рублёў у зоне з радыяцыйным забруджаннем і 3120 рублёў – у чыстай, вельмі праблематычна. Чакаецца, што з дня на дзень нормы будуць павялічаны, тады і выкананне ўсіх патрабаванняў будзе больш рэальным.

 

ДАРОГА І ЖЫЦЦЁ

Апошнім часам гэтыя два паняцці быццам знаходзяцца ў пастаянным супрацьстаянні. Прынамсі, статыстыка дарожна-транспартных здарэнняў нярэдка нагадвае франтавую зводку: загінуўшыя, пакалечаныя, пабітая тэхніка…

Начальнік аддзялення ДАІ РАУС Сяргей Канапацкі прывёў несуцяшальныя лічбы сёлетніх ДТЗ. Цяжкія наступствы мела 31 здарэнне (на такі час летась – 32), загінулі 9 чалавек (летась – 4), паранена 34 (летась – 37). Два ДТЗ учынены вадзіцелямі ў нецвярозым стане. Пра тое, як лунінецкія праваахоўнікі імкнуцца выправіць сітуацыю, расказаў відэафільм, падрыхтаваны спецыяльна да пасяджэння. У якасці папярэджваючых мер – правядзен-не разнастайных акцый, рэйдаў, праверка аўтамабіляў, гутаркі з вадзіцелямі і пешаходамі і нават пакаранне нядбайных кіраўнікоў, якія дапускаюць выхад на лінію няспраўных аўтамабіляў і трактароў ці, горш таго, дазваляюць імі ўпраўляць людзям, якія не маюць для гэтага адпаведных дакументаў. Старшыня райвыканкама асаблівую ўвагу акцэнтаваў на падрыхтоўцы да зімы. Кіраўнікі камунальнай і дарожнай службаў запэўнілі, што гатовы сустрэць яе ва ўсеўзбраенні.

 

ДЗЯРЖАЎНЫЯ ДЗЕЦІ

Так сталася, што клопат пра сацыяльных сірот узяла на сябе дзяржава. Але, пачынаючы з канца 2006 года, нядбайных бацькоў прымушаюць працаваць, каб яны самі маглі ўдзельнічаць ва ўтрыманні ўласных дзяцей, што знаходзяцца ў прытулках і інтэрнатах. Усе нюансы справы рэгламентуюцца Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”.

Як ідзе яго выкананне ў нашым раёне? Па словах начальніка раа Валянціны Верас, па стану на 1 лістапада 2011 года на ўліку ў ад-дзеле адукацыі значацца 85 абавязаных асоб. За трэці квартал на ўтрыманне дзяцей яны павінны былі выплаціць 95849,7 тысячы рублёў. Рэальна паступіла ад іх толькі 46533,4 тысячы рублёў. Асноўнымі прычынамі запазык стала нежаданне гора-бацькоў працаваць, пастаянныя прагулы і адсутнасць належнага кантролю за паводзінамі з боку наймальнікаў і міліцыі. Варта сказаць, што так званыя абавязаныя асобы сталі сапраўдным галаўным болем для кіраўнікоў аргані-зацый, дзе забраніраваны для іх месцы работы. Вартаваць і суправаджаць прагульшчыкаў на працу атрымліваецца далёка не заўсёды, а самі яны нярэдка працягваюць весці амаральны лад жыцця. Гэта, аднак, стала слабым апраўданнем для КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ”, СВК “Велута”, “Азярні-ца”, “Дварэцкі”, КУП “Міжлескае”, дзе дагэтуль не прымаюцца меры, каб наладзіць абавязковую адпрацоўку дапушчаных абавязанымі асобамі прагулаў. У якасці выхаду з сітуацыі прапанавана падоўжыць для іх працягласць рабочага дня і наладзіць працу нават у выхадныя. Адначасова такім гора-бацькам трэба ведаць, што калі яны не стануць на шлях выпраўлення, то акрамя маральнай і агульначалавечнай адказнасці, ім можа пагражаць і крымінальная. З пачатку года супраць такіх грамадзян узбуджаны 5 крымінальных спраў, двое абавязаных за ўхіленне ад уплаты сродкаў на ўтрыманне дзяцей асуджаны, чацвёра – накіраваны на прымусовае лячэнне ва ўмовах ЛПП. Як будзе далей, пакажа час. Пакуль жа раённы паказчык вяртання грошай абавязанымі асобамі ніжэйшы за сярэднеабласны.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть