Официально

Аснова жывёлагадоўлі

Эфектыўнасць племянной работы і аднаўлення статка ў 2013 годзе і задачы на 2014 год былі разгледжаны на чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта.

Старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч, адкрываючы пасяджэнне, адзначыў, што племянная работа – аснова жывёлагадоўлі, а малако – сённяшні дзень і будучае аграпрамысловай галіны Лунінеччыны. Менавіта агрэхі ў аднаўленні грамадскага статка сталі адной з прычын спаду вытворчасці малака летась і недабору гэтага прадукту ў студзені 2014 года.
Словы кіраўніка лічбамі пацвердзіў у сваім выступленні намеснік старшыні райсельгасхарчу Алег Багук. Нягледзячы на тое, што летась было атрымана 14859 цялят (узровень папярэдняга года), у разліку на 100 кароў паказчык зменшыўся. Менш, чым планавалі, здолелі асемяніць кароў і цялушак. Сітуацыю пастараліся выправіць у студзені гэтага года, але ж хуткага паляпшэння спраў чакаць не даводзіцца.

Ніжэйшыя, чым чакалася, сярэднясутачныя прывагі рамонтных цялушак. Між тым, кожны са спецыя-лістаў у гаспадарках ведае, што высокія надоі забяспечваюць толькі добрыя малочныя каровы. А хіба можна на іх разлічваць, калі маладняк не атрымлівае збалансаванага па пажыўных рэчывах корму і недабірае ў вазе?

Старшыні гаспадарак, якім давялося трымаць справаздачу, называлі самыя розныя прычыны правалу племянной работы. Па меркаванню Анатоля Кіндрука, у СВК “Дварэцкі” гэта вялікая скучанасць жывёлы і недапрацоўкі ў аплаце працы асемянатараў. Не так даўно заработную плату гэтых спецыялістаў павялічылі, напрамую ўвязаўшы яе з выхадам здаровых цялятак. Акрамя гэтага, на малочнатаварных фермах наладзілі выгул жывёлы.
Дзмітрый Малевіч спаслаўся на часовы недахоп у “Рэдзігерава-Агра” патрэбных спецыялістаў, на што В.М. Агіевіч заўважыў, што гэта не апраўданне. Горш усяго тое, што ў многіх гаспадарках проста не звяртаюць увагі на праблемы ў асемяненні.
Невысокая якасць кармоў, на думку Юрыя Корчыка, стала адной з прычын спаду вытворчасці малака на Палескай станцыі. Зараз становішча папраўляюць, пра што сведчыць павелічэнне сярэднясутачных прываг буйной рагатай жывёлы, якія сёння ўжо наблізіліся да 600 грамаў.
У прынятым рашэнні з адмоўнага боку адзначаны многія гаспадаркі, дзе тэрмінова трэба папраўляць сітуацыю. Так ці інакш, да 25 сакавіка плануецца асемяніць пад расцёл 2014 года 100 працэнтаў кароў і не менш як 45 працэнтаў цялушак. Справа не будзе пушчана на самацёк. На базе раённай ветэрынарнай станцыі створана яшчэ адна мабільная група па аднаўленню статка.

 

НА ПАРАДКУ ДНЯ –
БАРАЦЬБА З КАРУПЦЫЯЙ
Як паведаміў начальнік РАУС Уладзімір Рыбак, летась у раёне захоўвалася тэндэнцыя росту колькасці зарэгістраваных злачынстваў карупцыйнай накіраванасці. Выяўлена іх 34, у тым ліку 4 факты злоўжывання службовым становішчам, 14 фактаў дачы хабару і 16 – яго атрымання.
Найбольш рэзананс-
нымі былі злачынствы, учыненыя інжынерам КУП “Лунінецкае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва” і загадчыкам Лунінецкага аддзялення дзяржаўнай службы медыцынска-судовых экспертыз.
Асноўнай задачай у барацьбе з карупцыяй Уладзімір Уладзіміравіч назваў іх прафілактыку. Менавіта з гэтай мэтай праведзены праверкі некаторых устаноў, арганізацый, прадпрыемстваў. Ужо сёлета па лініі барацьбы з эканамічнай злачыннасцю выяўлена 3 парушэнні, з якіх адно можна аднесці да карупцыйных праяў.
Нягледзячы на станоўчую ацэнку работы РАУС, пракурор раёна Аляксандр Карлюк звярнуў увагу на адсутнасць сістэмнасці ў барацьбе з карупцыяй. Ды і лічбу 34 цяпер можна прыняць хіба што ўмоўна: з нядаўняга часу дача і атрыманне хабару не з’яўляюцца карупцыйнымі злачынствамі. Калі адмінусуем гэтыя выпадкі ад агульнай колькасці, то можна ўбачыць, што работа па барацьбе з антыграмадскім злом не такая і выніковая. Звярнуў увагу Аляксандр Паўлавіч і на фармальны ў пераважнай большасці характар дзейнасці камісій па супрацьдзеянню карупцыі. Адначасова пракурор падкрэсліў, што сёння пад асаблівую ўвагу будуць узяты жыллёва-камунальная сфера і будаўніцтва.
Старшыня райвыканкама В.М. Агіевіч канкрэтызаваў, што супрацьдзеянне карупцыі будзе ўзмоцнена па ўсіх накірунках.

 

ЯК ПРАЦУЮЦЬ
СПАРТЫЎНЫЯ АБ’ЕКТЫ?
Адказ на гэтае пытанне быў дадзены ў ходзе пасяджэння раённага выканаўчага камітэта.
Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Іван
Раковіч расказаў пра дасягненні лунінчан. Не змяншаючы заслуг нашых славутых землякоў, якія дабіліся прыкметных вынікаў на спартыўнай арэне, у ходзе абмеркавання асаблівая ўвага была звернута на тое, як працуюць установы, дзе закладваецца аснова будучых рэкордаў.
Як высветлілася, галоўныя спартыўныя аб’екты раёна – спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву, РФСК “Здароўе”, ДЮСШ па зімовых відах спорту “Алімп” і ДЮСШ па плаванню “Дэльфін” хоць і маюць нядрэнны працэнт загружанасці (каля 86), далёкія ад таго, каб пахваліцца запатрабаванасцю. Асноўны кантынгент наведвальнікаў – школьнікі. Дагаворы з арганізацыямі на наведванне Лядовай арэны і плавальнага басейна носяць разавы характар і амаль не ўплываюць на працэнт самаакупнасці названых устаноў. А ён застаецца нізкім – усяго каля 15 працэнтаў. Невялікая ў раёне і колькасць тых, хто ў вольны час займаецца фізкультурай і спортам. На ўсе гэтыя пралікі звернута ўвага начальніка аддзела і яго падначаленых – кіраўнікоў спартыўных аб’ектаў.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть