Бар’ер антыграмадскім з’явам
Официально

Бар’ер антыграмадскім з’явам

Бар’ер антыграмадскім з’явам заклікана паставіць “Дзяржаўная праграма нацыянальных дзеянняў па папярэджанню п’янства і алкагалізму”, разлічаная на 2011-2015 гг. На пасяджэнні райвыканкама былі падведзены вынікі выканання мерапрыемстваў гэтага без перабольшання важнага дакумента.

Свой даклад пракурор раёна Аляксандр Карлюк пачаў з аналізу крымінагеннай абстаноўкі ў раёне. Адзначыўшы зніжэнне агульнай колькасці цяжкіх злачынстваў, кіраўнік праваахоўнага ведамства асаблівую ўвагу звярнуў на тое, што ў параўнанні з папярэднім годам не стала менш забойстваў. Самае крыўднае – 5 трагедый адбыліся на глебе сямейных скандалаў, што дае падставу гаварыць аб нізкім узроўні прафілактычнай работы. Ускосным сведчаннем гэтага з’яўляецца ігнараванне супрацоўнікамі РАУС такой дзейснай меры, як абароннае прадпісанне, якое дазваляе на працяглы тэрмін выдварыць дэбашыра з сям’і, захаваўшы яе спакой, а ў некаторых выпадках – здароўе і нават жыццё дамачадцаў. Зрэшты, першы крок у гэтым накірунку ў раёне зроблены – вызначана жыллё, дзе патэнцыяльныя злачынцы будуць бавіць час ізаляцыі.

Нельга не звярнуць увагу і на тое, што ў раёне працягваецца рост колькасці кра-зяжоў з адначасовым па-дзеннем узроўню іх раскрывальнасці. Вось і летась нераскрытымі засталіся 140 злачынстваў, з якіх 127 учынілі злодзеі. Не рэдкасць – банальнае хуліганства: летась колькасць такіх выпадкаў павялічылася на чвэрць. Пэўнай перашкодай для нячыстых на руку і хуліганаў магло б стаць павелічэнне колькасці экіпажаў патрульна-паставой службы, аднак Лунінец і Мікашэвічы патрулююць па аднаму пешаму нараду. Прычына – кадравы голад.

Бар’ерам для парушальнікаў стала абсталяванне найбольш людных месцаў сістэмамі відэаназірання. Відэакамеры з вывадам на пульт РАУС ужо ўстаноўлены на плошчы Леніна ў Лунінцы, на чарзе – Прывакзальная плошча. Аднак задавальненне гэта дарагое, таму разам з тэхнічным удасканаленнем трэба шукаць іншыя шляхі барацьбы са злачыннасцю. У тым ліку і з распаўсюджваннем наркатычнай атруты. Па словах Аляксандра Карлюка, кантынгент аматараў наркотыкаў і псіхатропаў маладзее. На ўліку сёння 120 наркаманаў, з якіх 15 – непаўналетнія. Каб перакрыць каналы трапляння забароненых рэчываў на тэрыторыю нашага раёна, асаблівая ўвага ўдзяляецца выкрыццю збытчыкаў атруты. Летась з 48-мі крымінальных спраў, звязаных з незаконным абаротам наркатычных і псіхатропных рэчываў, 21 – узбуджана менавіта за збыт забароненых рэчываў.

З мэтай перакрыць доступ асоб у стане наркатычнага ап’янення да рабочых месцаў, пракурор прапанаваў разам з медыцынскім асведчаннем на ўтрыманне алкаголю праводзіць абследаванне з дапамогай экспрэс-тэстаў “Крэатыў-5”. Гэта, вядома, пацягне некаторыя дадатковыя выдаткі, але іншы раз лепш перастрахавацца, чым потым расплачвацца за непрадказальныя дзеянні тых, хто адурманены наркотыкамі.

На скаардынаванасць дзеянняў усіх звенняў прафілактычнага ланцужка звярнуў увагу старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко. Важнае месца ў ім, разам з РАУС, адукацыяй, Дэпартаментам “Ахова”, сельвыканкамамі, павінны заняць добраахвотныя народныя дружыны. Фарміраванні гэтыя створаны, аднак убачыць іх на вуліцах населеных пунктаў можна далёка не заўсёды.

Намеснік пракурора вобласці, старшы саветнік юстыцыі Віктар Савіч, які браў удзел у абмеркаванні праблемы, пацікавіўся прычынамі росту злачыннасці сярод непаўналетніх. Не сакрэт, што асноўны рост яе на Лунінеччыне даюць навучэнцы мясцовых кале-джаў. Аднак Віктар Васільевіч справядліва заўважыў, што ні інспекцыя па справах непаўналетніх, ні РАУС, ні работнікі навучальных устаноў не валодаюць у поўнай меры сітуацыяй на месцах. Менавіта таму апошнім часам рэгіструецца групавая злачыннасць, калі толькі за адной з груповак выяўлена 12 фактаў крадзяжоў прыватнай маёмасці. “Трэба ўрэшце прадстаўнікам усіх гэтых службаў сустрэцца за “круглым сталом”, выпрацаваць сістэму ўзаемадзеяння”, – падкрэсліў В.В. Савіч.

Медыцынскі бок праблемы барацьбы з п’янствам, алкагалізмам і наркаманіяй акрэсліла намеснік галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы Вольга Чынікайла. З сямі вызначаных Дзяржаўнай праграмай задач выкананы чатыры. Менш стала няшчасных выпадкаў на вытворчасці з-за п’яных работнікаў; больш рэдкімі сталі  алкагольныя псіхозы; паменшала колькасць хранічных алкаголікаў; знізілася смяротнасць ад выпадковага атручвання спіртаўтрымліваючымі вадкасцямі.

Багатым на лічбы і факты было выступленне начальніка РАУС Уладзіміра Рыбака, які расказаў пра 2745 складзеных адміністрацыйных пратаколаў на выпівох у грамадскіх месцах, 35 асуджаных у ЛПП, 122 накіраваных у наркалагічны дыспансер. А яшчэ – пра прынцыповую барацьбу з самагонаварэннем.
У абмеркаванні пытання ўдзельнічаў намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку УУС аблвыканкама Аляксей Левановіч.

З пачаткам 2016 года Дзяржаўная праграма нацыянальных дзеянняў па папярэджванню п’янства і алкагалізму завяршылася, аднак барацьба з антыграмадскім злом працягваецца і абяцае быць больш выверанай, мэтанакіраванай і эфектыўнай.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть