Официально

БЕРАГЧЫ ТОЕ, ШТО ЁСЦЬ

Чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта яго старшыня Васіль Агіевіч пачаў са слоў удзячнасці ў адрас настаўніцтва Лунінеччыны. Падстаў для гэтага шмат. І галоўная – якасць навучання. 26 узнагарод самага рознага ўзроўню прынеслі ў скарбонку здабыткаў вучні нашых школ, вывеўшы раён на першае месца ў алімпіядным руху вобласці. Упершыню за доўгі час шэсць нашых землякоў – Мікалай Парфімовіч, Міхаіл Баравой, Уладзіслаў Гапко (усе – ліцэй), Уладзіслаў Трухановіч (СШ №2 г. Лунінца), Юлія Пракаповіч і Ігар Крывулец (абодва – гімназія імя Ул. Нядзведскага) – сталі пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскіх прадметных алімпіяд.

Аналізуючы гатоўнасць школ раёна (а гэтае пытанне было першым на парадку дня пасяджэння), начальнік аддзела Валянціна Верас адзначыла, што да новага навучальнага года праведзена работа па аптымізацыі і рэарганізацыі адукацыйнай сеткі раёна. Сёлета на Лунінеччыне будуць працаваць 78 адукацыйных устаноў рознай накіраванасці. З-за недахопу дзяцей закрыты Перуноўскія базвая школа і сямейны дзіцячы сад (дзеткі будуць наведваць школу і сад у суседнім Рэдзігерава), а таксама Язвінская гульнявая пляцоўка.

Наладжаны падвоз 1725 хлопчыкаў і дзяўчынак да месцаў навучання. Для гэтых мэтаў будуць выкарыстоўвацца 11 школьных аўтобусаў і мікрааўтобус для дастаўкі маленькіх інвалідаў у цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Да пачатку навучальнага года ўсе ўстановы будуць забяспечаны педагагічнымі кадрамі. 1 верасня да работы прыступяць 40 маладых спецыялістаў. Сёлета не будзе адчувацца недахопу настаўнікаў фізікі, матэматыкі, інфарматыкі. Праўда, як і летась, не хапае выкладчыкаў хіміі і біялогіі. Каб вырашыць гэтую праблему, мяркуюць звярнуцца да паслуг настаўнікаў-пенсіянераў.

У дастатковай колькасці ёсць у школах падручнікі. Працягваецца аснашчэнне новай тэхнікай. Абсталяваны 46 камп’ютарных класаў, у якіх адзін ПК прыходзіцца на 20 вучняў 5-11 класаў. У 16 установах адукацыі ёсць 20 камплектаў мультымедыйнага абсталявання, у тым ліку – 2 інтэрактыўныя дошкі. 27 камп’ютараў устаноўлены ў 22 бібліятэках. З абласнога бюджэта выдзелены сродкі для набыцця комплексаў, у якія ўваходзяць камп’ютар, мультымедыйны праектар, інтэрактыўная дошка.

Вялікі аб’ём работ выкананы па падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. На гэтыя мэты сёлета зрасходавана 1 мільярд 739 мільёнаў рублёў. Выкананы рамонт даху ў Дзятлавіцкай і Лахвенскай СШ, часткова заменены вокны ў Мікашэвіцкім дзіцячым садзе №1, Лунінскай СШ і некаторых іншых навучальных установах. Касметычны рамонт вучэбных кабінетаў, калідораў, рэкрэацый выкананы педагогамі і тэхнічнымі работнікамі школ.

Прагучалі словы ўдзячнасці ў адрас кіраўнікоў ААТ “Лунінецкі малочны завод”, УБП “ПМК-7”, ПВУП “Вікторыя”, райспажыўтаварыства, фермерскай гаспадаркі “Рафінад” , а таксама прадстаўніоў дабрачынных замежных арганізацый, якія аказалі спонсарскую дапамогу для падрыхтоўкі навучальных устаноў да 1 верасня.

Станоўчую ацэнку праведзенай рабоце даў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Аляксандр Дубініч, а дырэктары Любанскай і СШ №3 г. Лунінца Святлана Антановіч і Віталь Трэгубаў расказалі аб уласных здабытках і праблемах у ходзе падрыхтоўкі школ да новага навучальнага года.

Адабральна сустрэлі кіраўнікі ўстаноў адукацыі прапанову дырэктара АП-10 Сяргея Кіндрука на бязвыплатнай аснове правесці дыягностыку школьных аўтобусаў.

У ходзе абмеркавання была звернута ўвага на некаторыя недапрацоўкі, якія ў ходзе праверак выявілі створаныя райвыканкамам камісіі. Дырэктары Рэдзігераўскай СШ, СШ №2 г. Мікашэвічы і ліцэя г. Лунінца трымаюць на кантролі завяршэнне работ па навядзенню парадку ў складах і рамонце даху на рэкрэацыямі і харчблокам.

 

ЭКАНОМІЦЬ – ЗНАЧЫЦЬ, УМЕЦЬ ЖЫЦЬ

Дэталёваму аналізу была падвергнута работа, якая праводзіцца ў раёне па эканоміі і рацыянальнаму выкарыстанню паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў. Яе зрабіў начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Сяргей Аляшкевіч.

Наш раён выкарыстоўвае за год ад 78 да 82 тысяч тон умоўнага паліва. Прыкладна 56 працэнтаў гэтых затрат прыходзіцца на прамысловую галіну, амаль 22 – жыллёва-камунальную гаспадарку, больш як 22 працэнты – бюджэтную сферу, ахову здароўя, культуру, гандаль, сельскую гаспадарку і інш.

Сёлета была пастаўлена задача дабіцца зніжэння энергазатрат у параўнанні з папярэднім годам не менш як на 31 працэнт пры тэмпах росту ВУП 156 працэнтаў. Гэтая задача паспяхова выконваецца.

На базе раёне не так даўно быў праведзены абласны семінар па вывучэнню набытага вопыту. Нядрэнныя напрацоўкі ёсць у плане энергазберажэння на ААТ “Спецжалезабетон”, “Палессеэлектрамаш”, “Лунінецкі малочны завод”, РУП “Уніформ”, РМЗ. Не спраўляюцца пакуль з даведзенымі паказчыкамі па энергазберажэнню РУВП “Граніт”, хлебазавод, ААТ “Лунінецлес” і “Палімер”, а таксама 8 СВК.

Доля мясцовых відаў ў агульнай масе кацельна-пячнога паліва складае больш як 54 працэнты. За 5 год гэтая лічба павялічылася ў 2,4 раза. Выконваюцца мерапрыемствы, прадугледжаныя “Рэспубліканскай пргарамай па пераўтварэнню кацельняў у міні-ТЭЦ на 2007-2010 гг.”. У штатным рэжыме працуе кагенерацыйная ўстаноўка на цэнтральнай кацельні г. Мікашэвічы.

У мэтах зніжэння затрат на паліўна-энергетычныя рэсурсы распрацавана раённая праграма па энергазберажэнню, якая ўключае 60 мерапрыемстваў і прадугледжвае эканомію больш як 4 тысяч тон умоўнага паліва, з якіх сёлета – 1810 тон. На Лунінеччыне праграма выконваецца з апярэджаннем распрацаванага графіка.

У ходзе абмеркавання было адзначана, што ў раёне і надалей будзе праводзіцца мэтанакіраваная работа па энергазберажэнню, як гэтага і патрабуе Дырэктыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусьад 14 чэрвеня 2007 г. №3 “Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы”.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть