Дзень адкрытага пісьма прайшоў у Дзятлавічах
Официально

Дзень адкрытага пісьма прайшоў у Дзятлавічах

Мне падабаюцца Дзятлавічы і тамтэйшы люд – творчы, працавіты, па-паляшуцку самавіты і гаспадарлівы. Не магла не заўважыць гэтага, праязджаючы па вуліцах аграгарадка. Чамусьці звяртала ўвагу не на новыя дыхтоўныя дамы, а на старыя, у якія гаспадары з любоўю стараліся “ўдыхнуць” новае жыццё. І ведаеце, атрымліваецца! Самае дзіўнае, што дзятлаўчанам нярэдка ўдаецца гарманічна спалучаць сучасныя будаўнічыя матэрыялы з прыкметамі даўніны. Інакш, ці паявіўся б на адной з цэнтральных вуліц клапатліва “абшыты” сайдынгам і крыты металачарапіцай дом з сучаснымі шклопакетамі ў абрамленні такіх мілых сэрцу свежых драўляных карункаў? Падобных асаблівых дамоў на прасторных вуліцах Дзятлавіч нямала. Утульна месцяцца яны за акуратнай агароджай, каля якой –
то прыгожае дрэўца, то дэкаратыўны хмызок, то яркае летняе рознаквецце.


У тым, што мясцовы люд у большасці сваёй – сапраўдныя гаспадары, пераканаў чарговы “Дзень адкрытага пісьма”, які, дарэчы, праводзіцца тут не першы раз. Вось і старшыня сельвыканкама Кацярына Гасюк у дакладзе ўвагу акцэнтавала на навядзенні парадку на зямлі – справе, зрухі да лепшага ў якой не заўважыць нельга. За гэта – шчыры дзякуй людзям, а яшчэ – кіраўніцтву дзяржаўнага прадпрыемства “Дзятлавіцкі” і дарожнікам, якія па першаму поклічу прыходзяць на дапамогу. А яшчэ – ураджэнцу Дзятлавіч, дырэктару КУП ВКГ “Лунінецкі водаканал” Аляксандру Радзіяновічу, які заўсёды чула і зацікаўлена ставіцца да праблем землякоў.
Але нават і з іх дапамогай аднамомантна справіцца з усімі праблемамі не ўдаецца. Сведчаць пра гэта выдадзеныя ўжо сёлета 49 прадпісанняў гаспадарам прыватных сядзіб ды некаторыя хібы на чатырох могілках, якія знаходзяцца на балансе ЖКГ. Яны неновыя і не такія ўжо гучныя, гэтыя праблемы, а звычайныя, можна сказаць, агрэхі, якія ствараюць іншы раз самі людзі, выкідваючы смецце не ва ўстаноўленыя непадалёк кантэйнеры, а туды, дзе зручней і бліжэй. Ліквідаваць такія стыхійныя сметнікі даводзіцца рэгулярна. Праўда, і выконваць найбольш працаёмкія работы імкнуцца “ўсім мірам”. Менавіта так падышлі да ліквідацыі старых аварыйных дрэў. Палову выдаткаў на гэтую справу ўзялі на сябе камунальнікі, палову – насельніцтва. З самага лепшага боку паказалі сябе старасты, якія здолелі знайсці падыход да вяскоўцаў і пераканаць іх у неабходнасці працэдуры “самаабкладання”. Распачатае добраўпарадкаванне могілак працягваецца.
З трывогай гаварыла Кацярына Гасюк пра тое, што колькасць насельніцтва ў Дзятлавічах і навакольных вёсках год ад года меншае. Вось і сёлета на 25 памерлых – толькі 11 нарадзіўшыхся. Пусцеюць хаты. Сёння такіх безгаспадарчых – 253. З большасцю спадчыннікаў удаецца знайсці агульную мову, таму сядзібы маюць дагледжаны выгляд. Самыя бядотныя даводзіцца зносіць, у тым ліку – і сіламі патэнцыяльных уладальнікаў.
Асаблівы клопат мясцовай вертыкалі – пра насельнікаў хутароў. На дастаткова прыкметнай адлегласці ад цэнтральнай сядзібы жывуць сёння 167 чалавек, пераважна – пенсіянеры. Іх стараюцца не крыўдзіць, усяляк аблегчыць побыт, словам, па магчымасці не пакідаць без увагі.
Вялікую ўдзячнасць выказала Кацярына Гасюк землякам за цярпенне, з якім тыя вытрымалі ўсе нязручнасці, звязаныя з адкрыццём па тэрыторыі сельсавета часовай дарогі ў аб’езд аварыйнага моста на аўтадарозе М-10. Але, як кажуць, не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Дзякуючы гэтаму, удалося правесці тэхнічную экспертызу ўсіх трох мастоў праз Цну і цяпер збудаванні перададзены на баланс спецыялізаванай арганізацыі.
Акрэсліваючы ўвесь спектр праблем, галоўнай старшыня сельвыканкама назвала далейшы лёс мясцовай гаспадаркі – дзяржаўнага прадпрыемства “Дзятлавіцкі”, якую вяскоўцы вельмі хочуць зберагчы.
Ці ёсць у такога жадання абгрунтаваныя падставы, можна было даведацца з выступлення антыкрызіснага ўпраўляючага Таццяны Казлоўскай. Калектыў стараецца працаваць. Менавіта таму і мінулы год удалося завяршыць, хоць і з невялікім, але прыбыткам. Тут плюсуюць па малаку, атрымаўшы летась амаль 4000 кілаграмаў у разліку на карову. Палепшыліся яго якасць і таварнасць. Павялічваюцца сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы. А вось раслінаводства пакуль жаданых вынікаў не дае. Праблемы асабліва востра адчуваюцца ў не дужа спрыяльны па ўмовах надвор’я гэты год. Аднак аптымізму тут не губляюць. Спакваля наводзіцца парадак на тэрыторыі вытворчых падраздзяленняў, паляпшаюцца ўмовы працы аграрыяў. Адначасова – вучацца жыць па сродках, ашчадна плануючы ўсе расходы.
І ўсё ж будучае любога населенага пункта звязана з маладым пакаленнем. Сёння Дзятлавіцкая – адна з самых вялікіх у раёне вясковых школ. 349 хлопчыкаў і дзяўчынак з’яўляюцца яе вучнямі. На жаль, іх колькасць год ад года змяншаецца, хаця напаўняльнасць класаў захоўваецца. На новы навучальны год тут зноў будзе два выпускныя класы. Адначасова плануюць столькі ж набраць першаклашак. Ёсць у школы свае дасягненні і поспехі, пра якія на сустрэчы расказаў дырэктар Аляксандр Баўкуновіч.
Пра тое, як ладзіцца медыцынскае абслугоўванне 2942-ух жыхароў сельсавета, гаварыла загадчыца амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Лілія Трухановіч. Акрамя амбулаторыі, да паслуг насельніцтва – тры фельчарска-акушэрскія пункты, дзе таксама можна атрымаць першасную медыцынскую дапамогу. Не абышла доктар увагай дэмаграфічную праблему, рост колькасці анкалагічных хворых (іх зараз 65), а таксама алкагалізм, які апошнім часам ідзе ў адкрыты наступ. Змагаюцца з ім усімі даступнымі метадамі. У тым ліку – з дапамогай праваахоўнікаў.
Участковы інспектар Віталь Канапацкі, акрамя Дзятлавіцкага, абслугоўвае яшчэ і Бастынскі сельсавет. Тым не менш, людзей ведае добра, з многімі сустракаецца перыядычна – для прафілактычных гутарак. Гэта, а таксама іншыя дзейсныя меры дазволілі гаварыць пра тое, што злачыннасць на падведамаснай тэрыторыі прыкметна зменшылася. Практычна няма крадзяжоў. Праўда, надакучваюць бытавыя праблемы, сярод якіх на першым месцы – сваркі паміж сусе-дзямі за мяжу. На шчасце, спрэчкі ўдаецца разбіраць аператыўна. Гэтак жа выверана працуе ўчастковы і з сем’ямі, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. На сёння такіх – дзве. Яны пад кантролем не толькі праваахоўнай службы, але і адукацыі з медыцынай.
На пытанні вяскоўцаў адказваў старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко. Загадзя агучаных праблем было няшмат і датычылі яны добраўпарадкавання, таму Аляксандр Мікалаевіч запэўніў, што ямкавы рамонт вуліц Калініна, Велесюка і Кветкавай у Дзятлавічах будзе выкананы ў 3-ім квартале 2018 года. Атрымана абяцанне заасфальтаваць частку вуліцы Усходняй на станцыі Дзятлавічы. Астатняя, што вя-дзе да лесацэха, будзе падсыпана пясчана-гравійнай сумессю. А вось асфальтаванне застаўшайся часткі вуліцы Першамайскай у Купаўцах давядзецца перанесці на наступны год.
Прыязна выслухалі людзі кароткі расказ пра тое, як працуе народнагарспадарчы комплекс раёна. Абнадзейваючымі былі словы старшыні райвыканкама пра будучае “Дзятлавіцкага”: “Сітуацыя вельмі складаная. Праблем тут яшчэ шмат, але будзем разам з калектывам старацца гаспадарку захаваць, тым больш, што працуе тут 124 чалавекі – усе мясцовыя жыхары. Нельга дапусціць, каб яны апынуліся за варотамі ў статусе беспрацоўных”.
З залы да прадстаўнікоў улады паступіла ўсяго адно пытанне. З усталяваннем на вуліцы Савецкай у Дзятлавічах штучнай няроўнасці пасля дажджу там пачала збірацца вада, якая потым сцякае ў адзін з бліжэйшых падворкаў. Ды і вадзіцелі, аб’язджаючы лужыну, едуць ледзь не паўз агароджу, ствараючы рэальную небяспеку для пешаходаў. Дарожнікам дадзена даручэнне аператыўна разабрацца з гэтай праблемай.
Развітваючыся, Аляксандр Пачко запэўніў, што такія сустрэчы з насельніцтвам будуць працягвацца: яны дапамагаюць уладзе быць бліжэй да народа, а людзям – аператыўна вырашаць свае беды, не адкладваючы іх у доўгую скрыню.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть