Официально

ЧАС НЕ АДДАЛЯЕ НЕБЯСПЕКУ

Прэзідыум раённага Савета дэпутатаў на чарговым пасяджэнні разгледзеў пытанне аб рабоце, якая праводзіцца ў раёне па пераадоленню наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Папрасілі народных выбраннікаў падзяліцца інфармацыяй, якая была выказана ў ходзе абмеркавання праблемы.

ДАРЫ ЛЕСУ – НА КАНТРОЛЬ

Старшыня райсавета Віталь АДЗІШЧАЎ:

– У раёне па-ранейшаму ажыццяўляецца радыяцыйны кантроль за ўтрыманнем радыенуклідаў у прадуктах харчавання, вадзе, аб’ектах знешняга асяродзя, выкананнем нормаў бяспекі пры адводзе зямельных участкаў, будаўніцтве і здачы аб’ектаў у эксплуатацыю. Летась спецыялісты ведамасных радыелагічных лабараторый правялі 62609 даследаванняў. Перавышэнне РДУ-99 выяўлена ў 2,4 працэнта проб. Павелічэнне цэзію-137 зафіксавана ў грыбах, дзікарастучых ягадах, лекавай сыравіне, а таксама ў паліўнай драўніне, хаця ў апошняй і зніжаецца два гады запар. У 2008 годзе на плошчы ў 82,4 гектара зямлі, “забруджанай” радыенуклідамі, пасаджаны лес.

“ЗАБРУДЖАНАЕ” МАЛАКО – У СЯМІ ВЁСКАХ

Галоўны санітарны ўрач раёна Аляксандр ДУБІНІЧ:

– Даследавалі 1875 проб сыравіны і прадуктаў харчавання. Выяўлена 60 выпадкаў (3,2 працэнта) перавышэння РДУ: у 38 пробах грыбоў, па 11 – дзікарастучых ягад і малака. Апошняе датычыць асабістых дапаможных гаспадарак. Летась “забруджанае” малако рэгістравалася ў сямі населеных пунктах – вёсках Красная Воля, Добрая Воля, Намакрава, Острава, Боркі, Чэрабасава, Купаўцы. За 2008 год калектыўная эфектыўная доза апраменьвання насельніцтва па раёне нязначна перавысіла мінулагоднюю. Сумарная гадавая эквівалентная доза больш як 1 мЗв/год зарэгістравана ў вёсцы Добрая Воля (2,06 мЗв/год), нязначнае павелічэнне яе зафіксавана ў 31 населеным пункце.

АБСЛЕДАВАННЕ ПАПЯРЭДЗІЦЬ ХВАРОБУ

Галоўны ўрач Лунінецкай цэнтральнай раённай бальніцы Мікалай КОЧЫК:

– На найбольш пацярпеўшых ад Чарнобыля тэрыторыях фіксуецца станоўчы натуральны прырост насельніцтва. Нараджальнасць перавышае смяротнасць. Але гэта не дае падстаў для самазаспакаення. У 2008 годзе на ўстаноўках СВЧ (сумарны вымяральнік часціц) абследавана 16894 чалавекі. Выяўлена пяць накапляльнікаў радыенуклідаў: чатыры – жыхары Красная Волі, адзін – Бродніцы. Сёлета аналагічныя апараты павінны набыць для Краснавольскай і Мікашэвіцкай бальніц. 

Праведзена абследаванне 59290 чалавек, у тым ліку 13570 дзяцей і падлеткаў. Устаноўлена захворваемасць вышэй за ўзровень 2007 года, але ніжэй за сярэднія абласныя і рэспубліканскія паказчыкі. Перасоўная дыягнастычная лабараторыя агледзела 6159 чалавек, у тым ліку 2138 дзяцей і 488 падлеткаў. Вузлавая паталогія шчытападобнай залозы выяўлена у 1211 дарослых, 31 дзіцяці і 25 падлеткаў. Яшчэ раз заклікаю жыхароў да своечасовага абследавання, якое, папярэдзіўшы шэраг небяспечных захворванняў, зберажэ ваша здароўе.

КАНЦЭНТРАЦЫЯ СРОДКАЎ – ДЛЯ ЗНАЧНЫХ АБ’ЕКТАЎ

Дырэктар КУП “Лунінецкае раённае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва” Віктар БЯЛКО:

–Летась самы вялікі аб’ём з “чарнобыльскіх” сродкаў (3,8 мільярда рублёў.) быў выдаткаваны на газіфікацыю прыватных жылых дамоў у вёсках Язвінкі і Яжаўкі. На суму ў 1,6 мільярда рублёў выкананы работы па ўзвядзенню раённай бальніцы. На ўдасканаленне водазабора “Луніна” накіравана 418,5 мільёна рублёў. На перакладцы безнапорнага калектара ў Мікашэвічах па вул. Садовай выкарыстана 105,5 мільёна рублёў. У Лунінцы праведзены наружныя сеткі каналізацыі і газазабеспячэння да жылых дамоў 13, 15, 17, 19 па вул. Астроўскага (195,4 мільёна), рэканструкцыя напорнага калектара (110,7 мільёна), напорны калектар па вул. Калініна і Лінейнай (83,2 мільёна), вадаправодныя сеткі па вул. Чапаева і Давыдава (61,1 мільёна), добраўпарадкаванне вул. Праектуемай (35,6 мільёна). Фінансавалася будаўніцтва сямі сацыяльных кватэр інвалідам, якія маюць права на льготы па артыкуле 18 Закона “Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС” (55,6 мільёна).

ГРАМАДСТВУ – ЧЫСТУЮ ПРАДУКЦЫЮ

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васіль КЛІМЧУК:

– Вялікі аб’ём работы (на суму 4,4 мільярды рублёў) выканалі сельскагаспадарчыя арганізацыі. На “забруджаных” землях перазалужана 575 гектараў кармавых угоддзяў, правапнавана 275 гектараў кіслых глебаў, азотнымі ўгнаеннямі падкормлена 1058 гектараў палепшаных пашаў. Адрамантаваны 30 кіламетраў унутрыгаспадарчай меліярацыйнай сеткі. Аграрны сектар атрымаў 1,3 тысячы тон дзеючага рэчыва фосфарных угнаенняў, 2,9 тысячы тон – калійных. Для жывёлы прыватнага сектара пастаўлена 65,5 тоны камбікормаў з ферацынам. На суму 8,6 мільёна рублёў працаўнікі СВК “Дварэцкі”, “Новае Палессе”, “Рэдзігераўскі”, КУП “Міжлескае” атрымалі спецвопратку.

Работа ў гэтым напрамку патрабуе працягу. Праблемы застаюцца ў санітарна-бытавым забеспячэнні і выкананні гігіенічных патрабаванняў да арганізацыі ўмоў працы ў гаспадарках, размешчаных на “забруджанай” тэрыторыі раёна. Недастаткова машын з герметызаванымі кабінамі. Тым не менш, кармы, якія былі нарыхтаваны для грамадскага статка на зімова-стойлавы перыяд 2008-2009 года, адносяцца да першай групы. Праведзеная работа спрыяла таму, што летась пастаўленыя на перапрацоўваючыя прадпрыемствы збожжа, гародніна, бульба, малако, мяса не мелі перавышэння РДУ.

ЁДАВАЯ НЕДАСТАТКОВАСЦЬ – ПА ВІНЕ ЖЫХАРОЎ

Дырэктар СШ №1 г. Мікашэвічы Анатоль АРАШКЕВІЧ:

–Нягледзячы на рэкамендацыі медыкаў, летась узровень продажу ёдаванай солі па раёне склаў каля 24 працэнтаў, хаця ў продажы яе дастаткова. Наогул у 33 магазінах (у 2007-ым іх было 21) створаны аддзелы, якія прапануюць прадукты дыетычнага харчавання. Маецца 114 аддзелаў дзіцячага харчавання: у 56-ці харчовых і 58-мі магазінах “тавары паўсядзённага попыту” райспажыўтаварыства, магазінах “Верас” і “СК “Юна”.

Установы гандлю ўкараняюць новыя віды прадуктаў харчавання, якія абагачаны вітамінамі і мікраэлементамі. Два найменні дабавілася летась у цэхах хлебапячэння Лунінца і Мікашэвіч філіяла “НВК “Палессе” райспажыўтаварыства і яшчэ пяць – дыетычнага хлеба. Лунінецкі хлебазавод укараніў 4 новыя віды дыябетычных хлебабулачных вырабаў і 9 – дыетычных.



Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть