Официально

Ці былі іншапланецяне?

мусорРанняя вясна ўварвалася ў нашу паўсядзённасць, дадаўшы радасці ад сонечных промняў і птушынага спеву. Адчуванне ўзнёсласці не пакінула абыякавым нікога. Але пасля хуткага раставання снегу адкрыліся і не вельмі прыемныя карціны.
Лунінец заўсёды выклікае гонар у душы за свае чысціню і дагледжанасць. Ды бачым мы вуліцы і падворкі найбольш у цэнтральнай частцы горада, дзе шмат магазінаў, рынкаў і дзяржустаноў. Што творыцца ў самых аддаленых і глухіх куточках ці за межамі пабудоў, давялося ўбачыць падчас чарговага рэйду са спецыялістамі раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Аляксандр Шкут, Мікалай Ванюк і начальнік інспекцыі Іван Піліпцэвіч з усёй адказнасцю імкнуцца “ачысціць” наш горад і раён ад брудных плямін, якія псуюць настрой і робяць марнымі ўсе старанні камунальнікаў упрыгожыць тэрыторыю. Таму выезды па “праблемных” кропках робяцца рэгулярна, і гэта асноўная мера прыцягнуць увагу людзей і адпаведных службаў да належнага выканання сваіх абавязкаў. Гэта імкненне заклікаць нас з вамі стаць больш акуратнымі і культурнымі.
А паглядзець сапраўды было на што. Праўда, бачыць такое не хацелася. І нават не таму, што элементарна непрыбранае смецце выклікае пачуццё няўтульнасці і агіды. Больш свідравала думка: “Адкуль? Хто? Чаму…?”.
Нельга паверыць, што пакеты, бутэлькі і рэшткі будматэрыялаў да нас прывезлі жыхары Пінска ці Слуцка і высыпалі пад плотам і каля гаражоў. Дык хто гэта зрабіў? Іншапланецяне? Таксама не верыце? Тады давядзецца прызнаць, што пачуццё прыгожага, акуратнасць і сумленне адсутнічаюць у некаторых з нас.
Першым прыпынкам на шляху прыродаахоўнікаў стаў гаражны масіў на завулку Чыгуначны. Тут сотні ўладальнікаў аўтамабіляў, а ў канале – не толькі адходы з рамонту машын, а ўсемагчымае смецце дамашняга абіходу. Атрымліваецца, што людзі вязуць сюды бруд спецыяльна?
На Пнішчы, каля кантэйнера КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ” вецер пераносіць паперкі з аднаго месца на другое. Былі пытанні ў спецыялістаў і да гаспадароў каля тэрыторыі завода “Палессеэлектрамаш”. А на пляцоўцы для складзіравання снегу наогул, як кажуць, было б смешна, калі б не было так сумна. Толькі ўчора чыста прыбралі тэрыторыю, а раніцай ужо красавалася новая горка смецця, прывезеная ў прычэпе легкавога аўтамабіля. І караць няма каго, бо застаўся толькі след ад колаў. Не злоўлены ў час выкідвання, значыць не вінаваты. А вартаўніка каля кожнага праблемнага месца не паставіш, ды і сметнік можна зрабіць дзе заўгодна.
Тут лідарам можа стаць гаражны кааператыў “Вялі-кі” і яго прылягаючыя тэрыторыі. Па пакінутых упакоўках ад прадуктаў і рэштках шпалераў, банках з-пад фарбы і драўляных абломках можна смела сказаць, чым жывуць нашы лунінчане.
Трапіла ў чорны спіс прылягаючая тэрыторыя ПМК-59 і частка завулка Палявы. На абочыне красаваліся рознакаляровыя, нікому не патрэбныя рэчы, ствараючы адчуванне навагодняй мішуры. Але сакавік вяртаў у рэальнасць і настрой псаваўся ўсё больш.
Каля спецыяльных кантэйнераў на Першамайскай вецер разносіў больш лёгкія матэрыялы па перыметру ўсёй тэрыторыі. Крыўдна, людзі, здавалася б, акуратна карыстаюцца прыстасаваннем, а выгляд навокал засмечаны і недагледжаны. Такая ж непрыгожая карціна адкрылася на кантэйнернай пляцоўцы па вуліцы Лясная. І ёмістасці пустыя, і бруду навокал хапіла б іх запоўніць.
А ў садаводчым таварыстве па Новадворскай дарозе новыя сметнікі толькі пачалі “расці”, бо людзі ў цёплае надвор’е больш часу праводзяць у садзе і на агаро-дзе, і не кожнаму хочацца клапаціцца пра адходы.
Вяртаючыся назад, заўважылі на вадаёме Баханова белых лебедзяў. Велічныя птушкі плылі па воднай гладзі, ствараючы адчуванне нечага светлага, чыстага, прыгожага. Гледзячы на іх, хацелася паверыць, што ўвесь бруд, убачаны перад гэтым, – звычайная страшылка з нейкага няўдалага мультфільма. Ці, у крайнім выпадку, можа і праўда варта прыпісаць непры-глядныя ўчынкі людзей – іншапланецянам?



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть