Ці дапаможа пакаранне навесці парадак?
Официально

Ці дапаможа пакаранне навесці парадак?

Пытанне навядзення парадку на зямлі не першы раз трапляе пад увагу членаў раённага выканаўчага камітэта. Вось і на чарговым пасяджэнні, правёў якое старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко, быў прынцыпова прааналізаваны ход рэалізацыі мерапрыемстваў па добраўпарадкаванню населеных пунктаў Лунінеччыны.

Інфармацыя была рознапланавай. Прадставілі яе галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Віталь Дзегцяроў, кіраўнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Сяргей Чарненка, в.а. начальніка райсельгасхарчу Аляксандр Савіна і начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Шкут.

Анатоль Дзегцяроў засяродзіў увагу на наглядных мерапрыемствах, праводзімых спецыялістамі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, і выяўленых парушэннях санітарнага парадку. Па словах Віталя Анатольевіча, з пачатку года было праверана больш як 440 аб’ектаў, парушэнні выяўлены на 145-ці. Асаблівую трывогу выклікае стан гаражных кааператываў, могілак, міні-палігонаў ЦКРА, а таксама аб’ектаў сельскагаспадарчага прызначэння.

У поле зроку санітарнай службы трапілі практычна ўсе прадпрыемствы аграпрама раёна, ААТ “Лунінецлес”, “ОРС станцыі Лунінец” і іншыя арганізацыі. Зразумела, не абышлося без пратаколаў і пакаранняў. Для ўхілення парушэнняў накіравана 30 прадпісанняў і 111 рэкамендацый, а сума штрафаў наблізілася да 50 мільёнаў.

Па-ранейшаму шмат праблем у прыватным сектары, асабліва на сядзібах, гаспадары якіх вядуць амаральны лад жыцця ці ўстанавіць іх наогул не ўяўляецца магчымым. У сувязі з гэтым кіраўнік санітарнай службы звярнуўся за падтрымкай да праваахоўнікаў, якія маглі б пасадзейнічаць у тым, каб прыцягнуць да парадку домаўладальнікаў, на якіх не дзейнічаюць угаворы і  пагрозы адміністрацыйнага пакарання.

Звярнуў увагу дакладчык і на стан участкаў выдзеленых пад індывідуальную забудову, на якіх работы не пачаты і сёння. Інфармацыя аб гэтых адрасах тэрмінова накіроўваецца ў землеўпарадчую службу.
Як рэагуюць на падобныя факты яе работнікі? Па словах Сяргея Чарненкі, землеўпарадкавальнікі і самі актыўна праводзяць праверкі ў гэтым накірунку. Летась і з пачатку бягучага года абследавана больш як 620 участкаў, прадастаўленых для будаўніцтва і абслугоўвання індывідуальнага жылля, а таксама вядзення калектыўнага садаводства. На сёння 9 участкаў давялося забраць, гаспадары яшчэ сарака навялі на іх належны парадак, прыступіўшы да  будаўніцтва. Аднак па-ранейшаму шмат бязглуздзіцы на тэрыторыі садаводчых таварыстваў, дзе многія з былых надзелаў зарастаюць бур’яном. Афіцыйна ж забралі сёлета ўсяго 13 участкаў.

Традыцыйна звяртаюць увагу землеўпарадкавальнікі і на тое, як распараджаюцца зямлёй у сельгасарганізацыях. Як высветлілася, тут таксама шмат парушэнняў. Яны сталі падставай для выдачы 7 прадпісанняў. Разам з дзяржаўнымі прадпрыемствамі  адміністрацыйную адказнасць панеслі кіраўнікі некалькіх фермерскіх гаспадарак, а ў траіх наогул надзелы забралі.

В.а. начальніка райсельгасхарчу Аляксандр Савіна спрабаваў запярэчыць, даказваючы, што ў сельгас-арганізацыях стараюцца добраўпарадкаванню ўдзяляць належную ўвагу. Распрацаваны і паэтапна ажыццяўляецца план навядзення парадку на жывёлагадоўчых фермах. Многія абнесены агароджай, на ўваходах– дэзбар’еры. Аднак там, дзе яны адсутнічаюць (а такія яшчэ ёсць), да ўзвядзення патрэбнага абсталявання дагэтуль не прыступілі. На 17-ці фермах агароджа ўстаноўлена толькі часткова. У сувязі з гэтым прагучала просьба працягнуць тэрмін выпраўлення ўказаных недахопаў. Ён вызначаны жорсткі – да 1 ліпеня гэтага года парадак на жывёлагадоўчых аб’ектах павінен быць калі небездакорным, то, па меншай меры, не выклікаць абурэння. Асабліва ў дачыненні да прыстасаванняў, якія перашкаджаюць свабоднаму доступу на гэтыя аб’екты людзей і жывёлін.

У ходзе абмеркавання прааналізавалі таксама стан машынных двароў гаспадарак. Нараканні прагучалі ў адрас кіраўніцтва дзяржаўных прадпрыемстваў “Сінкевіцкі”, “Новае Палессе” і “Азярніца”.

Галоўны эколаг раёна Аляксандр Шкут таксама прапанаваў удзельнікам пасяджэння яскравы доказ хібаў санітарнага стану прадпрыемстваў прамысловасці, аграпрама і жыллёва-камунальнай гаспадаркі. На гэты раз – у выглядзе слайдаў. Многае да гэтага часу выпраўлена, але дзе-нідзе “болевыя кропкі” яшчэ засталіся.

На тое, што ў раёне шмат робіцца ў плане навядзення парадку, звярнула ўвагу галоўны дзяржаўны санітарны ўрач вобласці Нэлі Гіндзюк, якая брала ўдзел у рабоце пасяджэння. Яна ж выказала пажаданне расказваць не толькі пра адмоўныя факты, але і паказваць станоўчыя прыклады, якіх нямала на Лунінеччыне.

Другім пытаннем парадку дня стала абмеркаванне дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў. Паколькі даклад намесніка начальніка РАУС Ігара Жука нагадваў звычайную справаздачу, якая была багата на лічбы, што проста характарызавалі стан крымінагеннай сітуацыі ў раёне, а аналіз праводзімай прафілактычнай работы практычна адсутнічаў, гэта адмоўным чынам паўплывала на сам праект рашэння. Прагучала прапанова накіраваць яго на дапрацоўку. З гэтым пагадзіўся начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі аблвыканкама Генадзь Вайтовіч. Сваю пазіцыю Генадзь Васільевіч удакладніў наступнымі словамі: “Даклад абсалютна безадрасны і безацэначны. Між тым, наспела неабходнасць мець строгі падыход да кожнага з суб’ектаў прафілактыкі, самую пільную ўвагу ўдзяліўшы таму, што робіцца, каб менш было насілля ў сем’ях, не так востра стаяла праблема п’янства, зніжалася падлеткавая злачыннасць, не падвяргаліся небяспецы састарэлыя і г.д.”. Рашэнне па вышэй названаму пытанню будзе прынята ў рабочым парадку.

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть